Хата люкс і лазня ў лесе

Як і дзе арыгінальна сустрэць Новы год

Як і дзе арыгінальна сустрэць Новы год

Варыянты “ўлазін” у 2010-ы цяпер не абмяжоўваюцца салатай аліўе ды Дзедам Марозам са Снягуркай на дзіцячым ранішніку. І дарослым, і малым турфірмы і дамы адпачынку прапануюць не адну альтэрнатыву колішняму “ўсесаюзнаму” стандарту. У Новы год адгэтуль можна ўвайсці ў кампаніі мафіёзнай Бабы Ягі, рыцараў князя Вітаўта і ўехаць на страусах.

Зоркі эстрады на катку

— Як вядома, у апошнія гады самым культавым месцам сустрэчы Новага года з’яўляецца Белавежская пушча, а менавіта размешчаная на тэрыторыі запаведнага лесу сядзіба Дзеда Мароза, — абмалёўвае сітуацыю ў святочным турызме Алена Брок, намесніца начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага аблвыканкама. — Аднак пушча размешчана даволі далёка не толькі ад Мінска, але і ад многіх іншых рэгіёнаў. Таму ўзнікла патрэба стварэння не канкурэнтнага, але альтэрнатыўнага комплексу ў нашай вобласці — самым сэрцы Беларусі. Такое ўказанне атрымалі ўсе раёны, і ў некаторых з іх ужо прапануюць свой арыгінальны прадукт. Прычым была пастаўлена мэта, каб навагоднія праграмы выйшлі па-за межы памяшканняў, праводзіліся на свежым паветры.
Зрэшты, і класічныя формы святкавання Новага года засталіся. Напрыклад, як расказала Ірына Каралькова, начальнік аддзела культурна-масавай работы санаторыя “Юнацтва”, тут, зусім побач з Мінскам, на вечар 31 снежня запланаваны банкет з удзелам зорак эстрады і артыстаў філармоніі. Вось толькі імён зорак арганізатары не называюць і цаны ўдзелу ў святочнай ночы не агучваюць. Ды гэта ўжо неістотна, бо ўсе месцы раскуплены — больш за ўсё расіянамі. Тыя ж шчасліўцы, якія трапяць у “Юнацтва”, атрымаюць магчымасць у навагоднюю ноч пакатацца на катку, на лыжах, а таксама падлячыцца. Вядома, што суткі пражывання з харчаваннем і карыснымі для здароўя працэдурамі каштуюць 130 тысяч рублёў.

Дзед Мароз і страусы

У Маладзечанскім раёне вырашылі спалучыць гарадскую традыцыю святкавання Новага года з вясковай. Дзеда Мароза як галоўнага “бога” свята вырашылі не зрушваць з трона, пакінуўшы яму законную ролю нумар адзін. Побач з белабародым будуць “паплечнікі”. Завітаўшы ў вёску Красоўшчына, вы сустрэнецеся са шкодніцай бабай Моцяй. Людміла Бруяка, дырэктар Маладзечанскага рэгіянальнага турыстычнага цэнтра, просіць не хвалявацца, бо Моця хутка супакойваецца, а пасля прапануе згуляць з ёю ў латарэю. І ніякага махлярства!
Але спатканні з дзівоснымі кабетамі на гэтым не заканчваюцца. Далей шлях вядзе ў Плябань, дзе жыве цёця Аўдоцця. Яна абяцае адкрыць свой “куфэрак жаданняў” і выканаць самую запаветную мару госця. Дзед Мароз тым часам чакае ў Верадове, у паляўнічым доміку, вакол якога вальеры са страусамі, казулямі. Страусы, жартуе спадарыня Брок, ужо, бадай, сталі беларускай птушкай — так шырока яны прыжыліся на нашых прасторах. А экзотыкай глядзіцца дзік Яшка, які хаця і прыручаны, але, як і належыць тутэйшаму лясному зверу, носіцца ў хмызняках каля сядзібы ў пошуках ежы. Дзецям тут, відавочна, не будзе сумна. І на іх найперш разлічана шоу. Бацькоў, аднак, папярэджваюць, што спярша малых чакае выпрабаванне. На шляху да Дзеда Мароза дзятву спаткаюць Крумкач і Слота, якія паспрабуюць не дапусціць далейшага падарожжа гасцей. Трымайцеся! Зрэшты, іначай, без экстрыму, было б проста нецікава.

У пушчу!
Але ў Налібоцкую

У дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча” цяпер не так і проста трапіць. На дарозе раптам з’яўляецца Баба Яга. Яна тармозіць аўтамабіль, нахабна залазіць у салон, прымушае вадзіцеля падпарадкавацца яе загадам...
Яга вядзе да сваёй хаткі, дзе абяцае зварыць з палонных смачную страву. Не паспела старая распаліць вогнішча, як з’яўляецца Дзед Мароз з мілай Снягуркай, і страшная баба, кульгаючы, хаваецца ў лесе...
На Новы год-2010 такая забава ў “Налібоцкай пушчы” для аднаго дзіцяці будзе каштаваць 28 тысяч: у гэту суму ўваходзяць цукеркі ад “Камунаркі”, піражкі з кампотам і зарплата акцёраў.
Алена Русакевіч, дырэктар турпрадпрыемства “Вега-тур”, разам з Белдзяржпаляваннем у наступным годзе плануюць пакінуць санаторый і паглыбіцца далей у лес: развіваць інфраструктуру не толькі для зімовых, але і для летніх святаў. Мікалай Казак, дырэктар Бел-дзяржпалявання, пакуль што не называе месца, дзе з’явіцца новы турыстычны комплекс, які павінен стаць альтэрнатывай рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.
— Аднак ужо ўвесну сядзіба будзе збудавана, — запэўнівае Мікалай Васільевіч. — Скажу толькі, што размесціцца маёнтак на беразе ракі, акурат у тых мясцінах, адкуль, як мяркуюць некаторыя вучоныя, родам Мікола Гусоўскі.
Налібоцкая пушча, як і Белавежская, мае, дарэчы, сваіх зуброў. А ў нашай краіне, здаецца, нараджаецца яшчэ адзін “зялёны” турыстычны брэнд.

Сярэднявечная “Галактыка”

Бадай найбольш арыгінальную калядна-навагоднюю праграму прапануе мінская спартыўна-аздараўленчая база “Галактыка”. Нягледзячы на сталічна-касмічную назву, база размешчана ў маляўнічай мясціне — пад старажытным мястэчкам Ракаў, якое само па сабе легенда (некалі ж тут была сталіца кантрабандыстаў). Таму з’яўленне побач яшчэ аднаго цуда не выглядае дзівам.
“Галактыка” запрасіла да супрацоўніцтва фонд “Краіна замкаў”. Кіраўнік фонду Аляксандр Варыкіш атрымаў прапанову аб кааперацыі невыпадкова. Звяло разам дзве арганізацыі ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама. Спрацаваў адміністрацыйны рэсурс, які адыграў ключавую ролю. “Краіне замкаў” перадалі адно з ракаўскіх гарадзішчаў, дзе энтузіясты ў наступным годзе пабудуюць драўляны замак для правядзення сярэднявечных шоу не толькі ў зімовыя святы, але і круглы год.
А пакуль хлопцы ў рыцарскіх даспехах будуюць невялікую крэпасць з бярвёнаў ля самай “Галактыкі”. Новы год будзе адзначаны інсцэніроўкай змагання з крыжакамі, якія зачыніліся ў цытадэлі на чале са сваім правадыром Генрыхам фон Плаўэнам. Штурм крэпасці пройдзе пад кіраўніцтвам самога князя Вітаўта. Яго сыграе Аляксандр Варыкіш. Я наведаў рэпетыцыю і магу запэўніць, што відовішча абяцае быць неверагодным. Як толькі нашы рыцары выб’юць варожы гарнізон з замка, на яго вежах запаліцца лічба 2010.
Найцікавейшае ж тое, што пастраляць з лука, пабіцца на мячах зможа кожны. І гэта, супакойваюць арганізатары, цалкам бяспечна.
Вольга Каляда, дырэктар “Галактыкі”, гатова размясціць да 190 гасцей, абяцаючы мяккія ложкі і выдатнае харчаванне. Цана Новага года на мяжы 2009 і 2010 гадоў — 398 тысяч. Да таго ж кожнаму дадуць пакатацца на лыжах — ужо закуплена 21 новая пара. А што да сцэнарыя свята, дык дзе яшчэ ў Беларусі замест Дзеда Мароза вітаць гасцей прыедзе сам Святы Мікалай, ролю якога выканае сам Юрый Жыгамонт? Як кажуць, свята абяцае быць на ўзроўні лепшых гасціных дамоў Еўропы.
Сустракайма 2010-ы на радзіме! Выбар ёсць.

Піск моды
Печкі-лавачкі
Сустрэць Новы год мо варта ў вёсцы, у аграэкасядзібе? Задумайцеся. Бо прыватныя дамы гатовы прыняць не толькі індывідуальных турыстаў, але і групы. Пры гэтым кошт можа быць меншы (але ў хатах люкс — і большы).

У Мінскай вобласці, паводле даных на лістапад, налічвалася 180 аграэкасядзіб. Па раёнах: у Мінскім — 47, Мядзельскім — 25, Валожынскім — 17, Маладзечанскім — 10, Пухавіцкім — 9, Смалявіцкім — 9. Алена Брок адзначае, што ў 2006 годзе ў сэрцы Беларусі працавалі толькі 7 прыватных дамкоў для турыстаў. Во які рост інфраструктуры!
Асартымент паслуг задаволіць самага патрабавальнага кліента: ад рыбалкі да вандроўкі па таемных лясных сцежках. Лазня ў аграэкасядзібе — гэта ўвогуле добры тон, а зусім не раскоша. Выбірайце дом з купальняй!
Між тым у Мінаблвыканкаме распрацоўваецца сістэма “зоркавасці” сядзіб. Са слоў спадарыні Брок, да гэтага падштурхнуў попыт на вясковую экзотыку з боку замежных гасцей, якія патрабуюць дакументальнага пацвярджэння якасці паслуг. А пакуль што шукайце свабодныя месцы — многія сядзібы забраніраваны яшчэ тры месяцы таму.

Пытанне рубам

Сяргей КУЧАРАВЕНКА, дырэктар турыстычнай кампаніі “Глобус”: “Перад 31 снежня цэны абавязкова падскочаць”
— Адзначыць Новы год у добрым пансіянаце або на турбазе ў апошнія гады было вялікай праблемай. Заказаць месца ў снежні рэдка каму ўдавалася. Ці рэальна цяпер яшчэ заняць дзе-небудзь “навагодняе” месца?
— Сёлета ажыятажу няма. Вы можаце знайсці прапановы навагодняга адпачынку любога кошту і працягласці (ад 2 да 8 дзён). Нават на турбазах пад Мінскам яшчэ магчыма забраніраваць месцы. Сярэдні кошт пражывання — 40—60 тысяч рублёў, навагодні банкет — 200 тысяч. Але ў апошнія дні перад 31 снежня цэны абавязкова падскочаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter