Сёлета дзяржаўнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі» — 40

«Харошкі». Па той і гэты бок куліс

Сёлета дзяржаўнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі» — 40.
Фота Аляксандра ТАЛОЧКІ«Пікантнасць, тэмперамент, маладосць, шчырасць, сапраўдная любоў — гэты подых далёкай краіны зачараваў публіку», — у захапленні сведчылі сірыйцы. «Харошкі» — часцінка адной з самых яркіх культур Еўропы», — адклікаліся японцы. «Гэтыя артысты — самыя лепшыя дыпламаты вашай краіны», — сцвярджалі ў Францыі. 


Сёлета «Харошкам», дзяржаўнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю, — 40. Заключны юбілейны канцэрт з гэтай нагоды адбудзецца 17 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі. Напярэдадні падзеі мы сустрэліся са стваральнікам і мастацкім кіраўніком «Харошак» народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Валянцінай ГАЯВОЙ (на здымку). 


— Валянціна Іванаўна, якім жа будзе фінальны акорд у цыкле святочных канцэртаў? 


— Пакажам выбранае — лепшыя нумары, вакальна-харэаграфічныя замалёўкі розных часоў: ад архаікі праз Сярэдневякоўе і Адраджэнне, праз мінулае XX стагоддзе да нашых дзён. 


— Пасля юбілейных канцэртаў — перадышка?


— Каб жа! А зарабляць хто будзе! Датацый практычна не маем, а есці пажадана кожны дзень. 


— Значыць, на гастролі? 


— І тут усё няпроста. Гастролі — гэта грошы. Прайшлі савецкія часы, калі нам аплачвалі транспарт, гасцініцу, сутачныя. Цяпер усё за ўласныя сродкі. У гэтым годзе вось усю краіну аб’ехалі з канцэртамі. Недзе добра атрымлівался, недзе не вельмі. Але зарабіць так, каб даць артыстам тыя грошы, якія яны заслугоўваюць, не можам. А праца ж артыста балета тяжкая. 


— Нехта зараз і скажа: маўляў, падумаеш, праца — танцаваць. 


— Гэта той, хто нічога пра яе не ведае. Вось у нас выязныя канцэрты адзін за адным. Ёсць пляцоўка, няма — усё адно працуем. А паспрабуй выйдзі на сцэну і выдай канцэрт з поўнай аддачай — інакш у «Харошках» не бывае — калі да гэтага ты некалькі гадзін тросся ў аўтобусе. І так раз за разам. Гэта цяжка. Адсюль стомленасць, траўмы, ляцяць калені, спіны. Многія добрыя артысты кідаюць працу па медыцынскіх паказаннях. А страціць добрага танцоўшчыка — гэта страшна. Няма выканаўцаў — няма і нумара. 


— Колькі сёння зарабляе артыст балета ў «Харошках»? 


—У сярэднім 2,5, салісты — 3,5 мільёна. Таму цяпер людзі ў ансамбль прыходзяць, папрацуюць, вопыту набяруцца і падаюцца на замежныя кантракты. У розных краінах гэта ад 1,5 да 3,5 тысячы долараў у месяц. Сёння тыя, хто прайшоў нашу школу, працуюць усюды. А нам тут аднаўляць страты вельмі цяжка. Даводзіцца многае пачынаць спачатку. Бо нумара няма, калі частка людзей робяць усё, як трэба, а частка — пакуль яшчэ не гатовы. А ў мяне ж у пастаноўках кожны артыст — саліст. 


— А  ваша школа-студыя, дзе навучалі фірмоваму стылю «Харошак», працуе?


— Гэта яшчэ адзін мой боль. Я 10 гадоў за гэтую студыю змагалася, артымала памяшканне. Але калі мне прад’явілі рахунак за тры гады арэнды... Цяпер студыя належыць гарвыканкаму, там працуе наш эксперыментальны клас, на базе філармоніі збіраю другі. Навучанне гэтых дзетак на аснове легендарных праграм «Харошак» вядуць лепшыя артысты ансамбля. Але перш за ўсё ім прывіваюць любоў да сваёй зямлі, краіны, традыцый —  без чаго немагчыма ўявіць «Харошкі». Раней гэта называлі патрыятычным выхаваннем. Я стаўлюся да яго вельмі сур’ёзна. Бо ўсё жыццё служу ідэі стварэння ансамбля менавіта беларускага народнага танца, які быў бы цікавы сваёй нацыянальнай адметнасцю. Я ганаруся, што «Харошкі» стаяць сёння ў адным шэрагу з ансамблем імя Паўла Вірскага, грузінскім Сухішвілі-Рамішвілі, расійскім імя Ігара Маісеева. Такі статус дарагога варты.


— Чула, што з ансамблем Ігара Маісеева ў вас асабліва цёплыя адносіны.


— Мне прыемна, што гэта любоў даўняя і ўзаемная. Я абагаўляю іх працу, іх уменне захоўваць стыль Ігара Маісеева. Іншы раз задумваюся, ці змогуць захоўваць свой стыль «Харошкі» пасля таго, як я не змагу працаваць ці калі мяне не будзе. Аўтарскі стыль — гэта вельмі важна. 


А з Ігарам Аляксандравічам мы пазнаёміліся, калі «Харошкам» было гады два. Прызнаўся мне, што даўно не атрымліваў такога задавальнення, як ад нашых танцаў, параіў тады ставіць больш лірычных нумароў, бо Беларусь, як ён мне даводзіў, — гэта лірыка. Я прыслухалася і ў 1977-м, рыхтуючыся да ўсесаюзнага агляду-конкурсу ў Маскве, зрабіла два нумары — лірычны «Каханачка» і гістарычны «Тураўская легенда», з якімі і перамаглі. 


— Сёння ў Расіі выступаеце часта? 


— Апошнія некалькі гадоў стараемся з усіх сіл паказвацца там больш. Запрашэнняў шмат, нас там ведаюць, памятаюць, хочуць бачыць, чакаюць. І нам ёсць што паказаць. Рэпертуар вялізны, праграмы можам мяняць і не паўтарацца. Але ж фінансы. Вось у Цюмень даўно клічуць, але выехаць не можам, не хапае сродкаў. А каб у Маскве, напрыклад, выступіць, залу арандаваць трэба. Нам бы мецэната, каб дапамог, заплаціў, а мы б адпрацавалі, грошы вярнулі. І сябе падтрымалі б крыху. Я вельмі спадзяюся на сустрэчу з такімі людзьмі, якія змаглі б зразумець наша станові-шча, ацаніць нашу працу і дапамагчы. 


— Нешта, Валянціна Іванаўна, не надта юбілейная размова ў нас атрымалася...


— Што зробіш. Сёння гэта мяне турбуе. Тым больш у сувязі з 40-годдзем ансамбля. За гэты час «Харошкі» сталі візітнай карткай рэспублікі, назапасілі аграменны фальклорны матэрыял з усіх рэгіёнаў краіны. Недаравальна яго страціць. Яго трэба выкарыстоў-ваць, шырока паказваць. Гэта тое, што карыстаецца поспехам у свеце, а значыць, узнімае і імідж нашай дзяржавы. «Харошкі» ў гэтым сэнсе бяспройгрышны варыянт: дзе б ні працавалі, у любой краіне — аншлагі і біс. Вось толькі не заўсёды, на жаль, маем такую магчымасць. Аднак на лепшае я ўсё ж спадзяюся. Страціць надзею для мяне страшней за ўсё. Бо «Харошкі»— гэта маё жыццё.

Iрына СВІРКО 

isvirko@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter