Халодны лёд у летнюю спёку

Унiверсальны сезонны каток пачаў дзейнiчаць у Савецкiм раёне Гомеля

Унiверсальны сезонны каток пачаў дзейнiчаць у Савецкiм раёне Гомеля. Узвядзенне каркасна-тэнтаванага збудавання (памер лядовай пляцоўкi — 70 на 31 метр) i дапаможны будынкаў працягвалася каля года. Дагэтуль паслугамi падобных аб’ектаў маглi карыстацца толькi жыхары беларускай сталiцы.

Каток уключае ўсе неабходныя кампаненты для арганiзацыi адпачынку i заняткаў спортам. Адначасова тут могуць займацца каля 300 чалавек. Дзякуючы ахове ад прамых сонечных промняў i атмасферных ападкаў, усталяванай тут сучаснай сiстэме холадазберажэння, збудаванне можна эксплуатаваць у розную пару года, калi слупок тэрмометра на двары не перавышае плюс 20 градусаў. У дырэкцыi спартыўна-выставачнага комплексу «Сонечны» перакананы, што яго паслугi будуць запатрабаваныя з кастрычнiка па май. У астатнi час памяшканне будзе выкарыстоўвацца для арганiзацыi разнастайных выставак i правядзення iншых культурна-масавых мерапрыемстваў. Дарэчы, першая буйная выстаўка тавараў i паслуг, прымеркаваная да правядзення ў горадзе над Сожам чарговага iнвестыцыйнага форуму, распачне тут сваю работу ўжо праз тыдзень.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter