«Хадзілі і па контуры, і па крузе поля»

У МЯНЕ вельмі надзейны і адказны памочнік — Андрэй Мішкель. З ім мы працуем у адной звязцы не першы год. Навучыліся разумець адзін другога з паўслова, таму мой поспех — гэта і яго поспех, — гаворыць Станіслаў КАХНОВІЧ.

Камбайнер СВК «Шчучынаграпрадукт» Станіслаў Кахновіч намалаціў амаль тры з паловай тысячы тон збожжа

У МЯНЕ вельмі надзейны і адказны памочнік — Андрэй Мішкель. З ім мы працуем у адной звязцы не першы год. Навучыліся разумець адзін другога з паўслова, таму мой поспех — гэта і яго поспех, — гаворыць Станіслаў КАХНОВІЧ.

— Вядома, не параўнаць умовы працы з колішнімі, — разважае Станіслаў. — Я ж у гаспадарцы з 1995 года, на «Доне» восем сезонаў працаваў. Пяты — як маю магчымасць ацаніць перавагу сучаснай тэхнікі. Аднак хоць мой «Лексіён-580» аснашчаны кандыцыянерам і рэдка падводзіць у рабоце, усё роўна напружанасць падчас жніва каласальная. Як ні круці, а ўборка хлеба ва ўсе часы мазалём і потам давалася.

Сёлетняе жніво ў СВК «Шчучынаграпрадукт» — адной з лепшых гаспадарак у  раёне — было сапраўды не з лёгкіх: па тутэйшых нівах хваляй прайшоўся буран, палегласць на некаторых палетках дасягнула 100 працэнтаў. Каб сабраць у такіх умовах больш за 12800 тон зерня (а гэта рэкордны валавы паказчык у гісторыі «Шчучынаграпрадукта», давялося праявіць майстэрства і кемлівасць.

— Тут ужо не толькі новае пакаленне тэхнікі выручала, але і падыходы самыя розныя шукалі: і па контуры поля, і па крузе камбайнам «хадзілі», каб сабраць ураджай з мінімальнымі стратамі, — расказвае Станіслаў Кахновіч.

— Вашы намаганні дастойна ацэнены? — не стрымліваю сваёй цікаўнасці да матэрыяльнага пытання.

— За ўборачны перыяд атрымаў 13 мільёнаў рублёў, так што можна будаваць планы на салідныя пакупкі, — усміхаецца суразмоўца.

Не думаю, што хтосьці можа пазайздросціць гэтым нялёгкім грашам. Працавалі хлебаробы з ранку да 11 вечара. Часцяком у мэтах тэхнічнай прафілактыкі камбайна ці з-за паломак Станіслаў Іосіфавіч пачынаў свой працоўны дзень у 6 гадзін раніцы, каб з васьмі разам з іншымі 7 экіпажамі гаспадаркі быць на полі. Закончыўшы жніво ў сваім СВК, Кахновіч з Мішкелем аказвалі партнёрскую дапамогу СВУ «Пратасаўшчына», дзе таксама паказалі майстар-клас.

Увогуле, дзе б ні працаваў гэты перадавы экіпаж, усюды справа рабілася з поўнай аддачай, якасна і своечасова.

Татьяна СТУПАКЕВИЧ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter