Хачу жыць у Магільна!

або Як невялікая вёска адваявала сваю назвуГісторыі некаторых вёсак могуць пазайздросціць нават самыя буйныя гарады. Прыкладаў таму ў Беларусі нямала. “Сталіцай” беларускага палтэргейста даўно сталі Гальшаны, а ў Крэве любяць распавядаць пра тое, як у іх замку вырашаўся лёс Вялікага княства Літоўскага. Самыя вясёлыя беларусы таксама жывуць у вёсцы, дакладней — у Аўцюках. А якіх выдатных людзей бачылі сцены палацаў у Косаве, Ружанах, Залессі!Вяскоўцам з Магільна, што на Уздзеншчыне, таксама ёсць чым ганарыцца і што расказаць. Няхай назва вёскі і не вельмі радасная (хто пужлівы і схільны да забабонаў, дзесяць разоў падумае, перш чым у яе ўвайсці), але мясцовых гэта не засмучае. Больш таго, нашчадкам тых, хто на свае вочы бачыў Магільнянскую бітву, нават прыходзілася гэтую назву бараніць, каб іх не перасялілі... у Нёман.

Немясцовы “абарыген”
Дзмітрый Вінаградаў не належыць да карэнных жыхароў Узды. У край Наркевіча-Ёдкі і Кандрата Крапівы (яны з’явіліся на свет менавіта на Уздзеншчыне) з родных Хойнікаў ён уцякаў ад аварыі на ЧАЭС. Але сёння Дзмітрый Леанідавіч ведае гісторыю рэгіёну “лепш, чым большасць абарыгенаў”. Усё таму, што прафесійны будаўнік яшчэ ў маладосці марыў стаць пісьменнікам (і ў выніку ім стаў), прычым гістарычнага напрамку. А такі шлях патрабуе пэўных ведаў. Вось Дзмітрый Вінаградаў і не ленаваўся наведваць архівы і вывучаць гістарычныя матэрыялы.
Дарогу да вёскі Магільна, якая знаходзіцца за 15 кіламетраў ад райцэнтра, наш спадарожнік ператварае ў сапраўдную экскурсію. Мінаем вёску Вялікая Вуса. Менавіта тут нарадзіўся пісьменнік Пятро Глебка. Далей — маёнтак графа Завішы, мясцовага археолага. А вось сяло Сямёнавічы, дзе жылі толькі баяры. Наш шлях пралягае, бадай, праз адзіны ў Беларусі грабавы тунэль. Дрэвы вельмі блізка абступілі дарогу, так, што ўлетку іх кроны сплятаюцца над ёй. Дзіўна, як шмат цікавага могуць змяшчаць у сабе 15 кіламетраў.
— Калі-небудзь па гэтых мясцінах будуць ездзіць турысты, — упэўнена гаворыць Дзмітрый Вінаградаў.
Літвінскія Фермапілы
Калі гэты прагноз спраўдзіцца, турысты абавязкова будуць спыняцца і ля вёскі Замосце. Побач з ёй раскінулася шырокае поле, дзе няма ні помніка, ні нават мемарыяльнай шыльды. Але даследчыкі лічаць, што менавіта тут разгарнулася паўлегендарная Магільнянская бітва.
— Паўлегендарная таму, што князі, якія ў ёй удзельнічалі, пасля не згадваюцца ў летапісах, — распавядае Дзмітрый Вінаградаў. — Ёсць спрэчкі і адносна даты. Хронікі называюць 1284 год, але яны могуць памыляцца — летапісы пісаліся праз тры стагоддзі пасля падзеі. Сучасныя даследчыкі больш верагоднай лічаць іншую дату — 1235 год.
Лічыцца, што Даніла Галіцкі, уладар Галіцка-Валынскага княства, паслаў верных яму князёў, каб скарыць наваградскага князя Рынгальда. Даніла не раз казаў, што “наша сіла — у чыстым полі, а сіла літвы — у цясніне”. Менавіта ў цясніне, як у свой час спартанцы, ваяры Наваградка і сустрэлі праціўніка, які прызваў сабе на дапамогу палавецкія полчышчы. Бітва разгарнулася ў рэчышчы Нёмана (Беларусь нездарма празвалі краем балот — вялікія войскі маглі прайсці па нашай тэрыторыі толькі ўзімку, калі ўсё замярзала). Хоць паўднёварускія князі і мелі колькасную перавагу, але на абмежаванай прасторы яна губляла сваё значэнне. Наваградскія лучнікі з берага расстралялі варожае войска, якое так і не здолела разгарнуцца. Калі верыць летапісам, у бітве загінула сорак тысяч полаўцаў і рускіх, яшчэ больш за тысячу трапіла ў палон. Вырвацца з катла ўдалося толькі князям і невялікай колькасці ваяроў. Рынгальд страціў 700 чалавек забітымі і 200 параненымі.
Назвы, “ад якіх вее смерцю”
Магчыма, летапісцы некалькі завысілі колькасць страт і размеркавалі іх не зусім дакладна, але тое, што яны былі, — гэта несумненна. Мясцовыя старажылы прыгадваюць, як у вайну яны капалі ямы, каб схаваць ад фашыстаў свой скарб, і знаходзілі ў зямлі мноства чалавечых касцей, прычым вельмі вялікіх. Хутчэй за ўсё, вёска Магільна і атрымала сваю назву таму, што там пахавалі загінуўшых ваяроў. Гэтую версію падмацоўвае і такая з’ява, як народная памяць. Старыя магільнянцы і сёння любяць палохаць малых неслухаў, што, калі тыя не супакояцца, іх забярэ злы татарын (чытай полавец) — прывід старадаўняга пабоішча.
Дарэчы, назвы суседніх з Магільна вёсак таксама не вельмі “жыццесцвярджальныя” — Касцяшы і Галавачы. Людзі расказваюць, што калі пасля Магільнянскай бітвы нехта знаходзіў косці, то нёс іх хаваць у Касцяшы, а калі чэрап — то ў Галавачы.
Магільнянцам назва не перашкаджала жыць больш за семсот гадоў. Больш таго, яны ганарыліся ёю (ды і сёння ганарацца). Але ў 70-х гадах мінулага стагоддзя мясцовы калгас узначаліў Пармон Адамовіч. Выхадзец з іншай вёскі, ён быў вельмі моцным і руплівым гаспадаром, але абсалютна абыякавым да гісторыі. На першым жа калгасным сходзе старшыня прапанаваў перайменаваць вёску.
— Гэта вельмі дрэнная назва, ад яе вее смерцю, — угаворваў ён сялян. Але карэнныя магільнянцы і чуць не хацелі пра гэта і хуценька закрылі тэму. Аднак Пармон Мікалаевіч не думаў здавацца. Калі адбылося аб’яднанне суседніх калгасаў у адзін, ён атрымаў назву “Нёман”. Узначаліў яго Адамовіч, якому назва галоўнай калгаснай вёскі — Магільна — ну ніяк не падабалася! Зразумеўшы, што з мясцовымі дамовіцца не атрымаецца, ён пайшоў на хітрасць: прызначыў месцам калгаснага “рэферэндуму” суседнюю вёску, а магільнянцаў пра гэта не папярэдзіў. У асноўным там сабраліся калгаснікі, якія больш турбаваліся пра захаванне сваіх працоўных месцаў, чым пра гісторыю няроднай вёскі. І калі начальнік сказаў галасаваць ім за перайменаванне, яны і прагаласавалі. Так Магільна стала Нёманам.
“Мы не русалкі і не рыбы!”
Некаторыя рэчы ў савецкі час рабіліся вельмі хутка. Каб змяніць шыльды Магільна на Нёман, спатрэбілася не больш як тыдзень. Аднак старшыня калгаса глыбока памыляўся, калі думаў, што справа гэтым скончыцца. Сваімі дзеяннямі ён распачаў новую Магільнянскую бітву (праўда, не за жыццё, а за назву вёскі), якая цягнулася амаль дванаццаць гадоў. Адным з кіраўнікоў народнага супраціўлення стала Лідзія Цыбульская — родная сястра вядомага беларускага гісторыка, доктара навук Леаніда Лыча. Сёння 82-гадовая жанчына не без гордасці прыгадвае, як яна вяла сваю барацьбу.
— Мы з мужам напісалі даклад у райвыканкам, дзе абгрунтавалі, чаму нельга мяняць назву вёскі, — распавядае Лідзія Міхайлаўна. — Мой муж — ён распісаўся на рэйхстагу — выказваў пазіцыю франтавікоў: мы змагаліся не толькі за сваю вялікую Радзіму, але і за малую, за сваё Магільна.
Магільнянцы тройчы збіралі подпісы, каб іх вёсцы вярнулі былую назву. З кожным разам тых, хто падпісаўся, станавілася больш. Іх супакойвалі-пужалі раённыя і абласныя начальнікі, нагадвалі пра “дрэнную” назву, але ўсё было дарэмна. У рэшце рэшт вяскоўцы дамагліся таго, каб да іх з Мінска прыехала камісія гісторыкаў.
— Мы ім адразу заявілі: далоў Нёман! Мы ж не русалкі і не рыбы, каб жыць у рацэ, — вочы Лідзіі Міхайлаўны зноў баявіта гараць. — Калі вам патрэбна вёска з назвай Нёман, дык самі збудуйце яе. Навошта знішчаць гісторыю?!
Сталічныя эксперты толькі ўсміхнуліся такой экспрэсіі, бо яны і самі былі не супраць аднавіць гістарычную справядлівасць. Але зрабіць гэта было можна толькі праз галасаванне — справа ж адбывалася ў перабудовачны час. Для Лідзіі Цыбульскай, як і для большасці сялян, гэта было першае знаёмства з дэмакратычнай працэдурай. Праўда, запаўняючы свой “бюлетэнь”, яна ні секунды не вагалася. Падлік галасоў ішоў да 12 гадзін ночы. У галасаванні з вялікім адрывам перамагла назва Магільна. Так вёска называецца і сёння.

Зразумела, справа тады была не ў шыльдах. Бо і цяпер дарогу з Узды на Магільна ўказвае дарожны знак “Нёман”. Людзі абаранялі сваё права звацца так, як зваліся іх продкі. Права, абгрунтаванае вякамі і падмацаванае веданнем уласнай гісторыі. І калі недзе пачуеце размовы пра занядбанне нацыянальнай культуры, узгадайце магільнянцаў, якія ніколі не забывалі, хто яны і адкуль.

Дарэчы

Гісторыкі называюць і яшчэ адну версію паходжання назвы Магільна. У школьных падручніках пішуць, што беларуская частка шляху з варагаў у грэкі праходзіла па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр. На самай справе ў гэтага шляху было некалькі варыянтаў. Адзін з іх — па рацэ Нёман. Менавіта на Уздзеншчыне знаходзіцца самы кароткі і зручны волак з Нёмана ў іншыя рачныя сістэмы. Варагі, якія карысталіся шляхам, былі не толькі гандлярамі, але і воінамі. Для іх абрабаваць прыбярэжную вёску і выразаць мясцовых жыхароў было звычайнай справай. Магчыма, менавіта яны і “адарылі” вёску Магільна яе назвай.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter