Тамара Лисицкая — о том, как стать успешным сценаристом, режиссером, писателем и просто счастливым человеком

«Хачу наталяцца не бегам, а тым, куды прыбегла»

Тамара ЛІСІЦКАЯ — асоба папулярная. Яе статусаў не пералічыць: тэлевядучая, рэжысёр, журналіст, дыджэй, сцэнарыст, пісьменніца, шматдзетная мама. Па яе раманах «Беларусьфільм» здымае кіно, кнігі з яе вершамі і прозай на крамных паліцах не залежваюцца, з любімай радыёвядучай чакаюць эфіру слухачы. І нават застаўка расійскай тэлекампаніі «ВИД» з філасафічнай маскай — справа рук беларускай зоркі Тамары Лісіцкай. Як усё змяшчаецца ў далікатнай жаноцкай натуры? Як ва ўсім паспець і дасягнуць поспеху?

Першае правіла — працавітасць. Пра гэта «Сель­ской газете» су­бя­сед­ніца заяўляе аў­та­ры­тэт­на, бо ў справе ведае толк. Фонд ААН у 2013 годзе вылучыў яе чацвёртай у топ-10 самых паспяховых жанчын свету. З таго рэйтынга мінуў час, але і цяпер рыжа-палымяная прыгажуня тэмп жыцця не збаўляе: энтузіязму шмат, сіл хапае, ідэі адмысловыя. Адзінае, занадта хутка бяжыць час, а паспець хочацца ўсё. Гэта бяда многіх адданых працаголікаў. 


Рэ­марка ў тэму ад Тамары Лісіцкай:

– Заўсёды справы здаваліся мне найвышэйшым задавальненнем, іх вынік — галоўнай мэтай. Вечарам атрымліваю асалоду, калі разумею: зрабіла ўсё, што хацела. З часам зразумела, што працагалізм — не самая правільная ўстаноўка. Абрысы спакою і шчасця размыліся. Спасцігла: я ведаю, што нічога не ведаю. Цяпер хачу наталяцца не бегам, а тым, куды прыбегла.

— Як Дар’я Домрачава?

— Прыкладна так, — смяецца Тамара. — Дарэчы, мы на адных дабрачынных мерапрыемствах выступалі.

Вялікая дарога пачынаецца з кроку. Так ва ўсім: і ў творчасці таксама. Свой першы крок да зорных вышынь Тамара Лісіцкая зрабіла ў 10 гадоў. Перамагла ў тэлеконкурсе, і яе запрасілі весці дзіцячыя перадачы на БТ. У 14 гадоў дзяўчына выйшла ў прамы эфір. У гэтым жа ўзросце зведала і эйфарыю ад славы:

— Толькі ўявіце: парк Горкага, вялізны фестываль, камеры, святло, музыка, мноства гледачоў-разявак. І я, такая прыгожая, іду з мікрафонам, за мной і наперадзе аператары з камерамі. Бязмежна ганаруся сабой і разу­мею, што ў гэты момант на мяне глядзяць самыя прыгожыя хлопцы краіны.

Самазахапленне Тамара Лісіцкая і сёння лічыць асноўным сімптомам зорнай хваробы. У яе гэта хутка прайшло, і дзякуючы ізноў жа тэлебачанню Тамара зразумела сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, якімі можна ганарыцца. Гэта не прыгажосць, не папулярнасць, не камеры. Гэта вялікая і моцная душа, якая дужэе і шырыцца ад спасціжэння ісцін:

— Зараз мне катастрафічна не хапае самазахаплення. Хоць бы крышачку яго…

Тамара Лісіцкая зрабіла гуч­нае імя ў тэле-, ра­дыё­жур­налістыцы. На Бе­ла­рус­кім тэлебачанні вяла перадачы «Кстати», «Вот такие пироги», «Только женщина знает», «Дневник женщины». Працавала радыёвядучай на каналах «Би-Эй», «Альфа Радио», «Авторадио», «Радиус FM», NetRadio. Цяпер энергічная ўладальніца аксамітнага голасу плыве па хвалях Wargaming.fm. Гэта радыёканал сусветнай кампаніі — распрацоўшчыка камп’ютарных гульняў. І Тамара Лісіцкая там галоўны рэдактар — фарміруе кантэнт канала, заадно вядзе некалькі музычных перадач.

Імя рыжавалосай прыгажуні добра вядома ў колах лі­та­ра­турных. Яна — адна з першапраходцаў жаночага гарадскога рамана. Выйшлі кнігі «Идиотки», «Тихий центр», «Поцелуй аиста», а таксама «Богиня, или Плач домохозяйки» з вершамі. І творы гэтыя, лічы, у імгненне сталі папулярнымі. У чым іх соль? У блізкасці да чалавека:

— Дзе бяру сюжэты? Усе мы жывём у адным кампоце і самі бачым гэтыя гісторыі. Проста ў мяне як журналіста ёсць імкненне інфар­мацыю абдумаць і пе­ра­даць, скласці ў агуль­ны пазл. Так і з’яў­ляюцца сюжэты для раманаў.

«Поцелуй аиста» — кніга пра гісторыі цяжарных будучых мамачак, заадно і парады жанчынам у «цікавым становішчы». Па рамане «Тихий центр» тэлестудыя «Беларусьфільм» зняла чатырохсерыйны серыял пра пачуцці, узаемавыручку, справядлівасць, а кожны з герояў атрымаў, што заслужыў. Цікавы прыём «Идиоток» — дваццацігадовы зрэз часу, які, акрамя гісторыі персанажаў, дазваляе паглядзець на падзеі Мінска і свету за апісаны перыяд.

Не трэба быць вялікім крытыкам, каб зразумець, што ў цэнтры светаўспрымання і творчасці Тамары Лісіцкай — яе вялікасць Жанчына. Чаму? 

— Я разважала над гэтым пытаннем. Галоўнейшае ўражанне заўсёды на мяне аказвала мама. Для мяне яна абсалютны ідэал жанчыны, неверагоднай прыгажосці знешне і ў душы. Па-другое, у падлеткавым узросце я мела шмат комплексаў і лічыла сябе занадта непрыгожай. Памятаю, як аднакласніцы помсцілі мне за тэлеэфіры, а першая прыгажуня класа прыціскала да сцяны з грубымі рэплікамі, чаму зорка я, а не яна. Зразумець тонкую жаночую псіхалогію — вось мая ўстаноўка.

З ТАКОЙ актыўнай пазіцыяй спасціжэнне ісціны не за гарамі. А можа быць, яна даўно спасцігнута. Тамара Лісіцкая — шчаслівая мама Мацвея, Каці і Гошы:

— Жанчына нараджае — і ў яе адкрываецца другое жыццё. Яна здольная вытрымаць любыя нагрузкі, з’яўляецца не знаны дагэтуль рэзервуар сіл. Ён з невычарпальнай прыроды.

Кожны дзень Тамары Лісіцкай напоўнены крэатывам, новымі ідэямі, сэнсам. Пісь­мен­ніца задумала новы раман у жанры анты­ўтопіі — героі трапілі ў сітуацыю постапакаліпсіса, наноў ствараюць прынцыпы пабудовы грамадства і ўзаконілі забароненае. Напрыклад, здраду. У выніку грамадства, якое пужае адсутнасцю маралі, асуджана на знікненне.

Некалі і Тамара Лісіцкая выбудоўвала жыццё з нуля. У 1996-м не магла знайсці працу і наважылася на мужны крок. Купіла два білеты — да Масквы і назад. Мроіла працаўладкавацца ў «Астанкіна», але ні сувязей, ні дамоўленасці не было:

— Думаю, калі нават не ўдасца задуманае, пагуляю па Маскве, схаджу на Красную плошчу, не прападу… Прыехала з авоськамі і адразу да тэлефона-аўтамата. А мароз такі моцны. Набіраю дрыжачай рукой нумар Уладзіміра Туза, які ні пра што не падазраваў…

Радыёвядучы Уладзімір Туз час ад часу прыязджаў у Мінск падняць прэстыж новага «Радыё РОКС», якое суседнічала ў адным будынку з каналам «Бі-Эй», дзе тады працавала Лісіцкая. Харызматычны Туз ці то жартам, ці ўсур’ёз аднойчы сказаў: «Тамара, калі будзеш у Маскве — тэлефануй, пакажу сталіцу».

— Які ж ён быў наіўны! Канечне, пазваніла. Уладзімір дапамог мне з пропускам у «Астанкіна» — і я трапіла ў будынак мары. Пайшла адразу ў тэлекампанію «ВИД» да аднаго з кіраўнікоў Андрэя Разбаша, бо яго баялася менш, чым Аляксандра Любімава. Гэта ж сапраўдныя богі тэлебачання! Разбаш спытаў, што я ўмею рабіць. А што адказаць? Размаўляць і ўсміхацца: ці ж гэта ўменне?

«Я рэжысёр!» — заявіла Разбашу Тамара Лісіцкая. На Беларускім тэлебачанні ўжо мела вопыт у гэтай прафесіі: манціравала свае праграмы. Дзяўчына трапіла ў каманду і заняла вольнае месца рэжысёра перадачы «Час пик». Атрымала новую службовую кватэру, праца была ў кайф. Праляцелі тры гады, у канцы 90-х тэлекампанія «ВИД» распалася, Тамара засталася без працы. Насіла пад сэрцам дзіця, дадому клікалі муж, родныя. Рашэнне вярнуцца было абгрунтаваным.

Новымі фарбамі зайграў талент беларускай зоркі. І кар’ера, і дабрабыт панесліся ўгору. Толькі ўжо на радзіме, дзе па-асабліваму любяць і цэняць, цяплей сустракаюць, з найлепшай увагай чытаюць і слухаюць. 

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ»

Фота з архіва Тамары ЛІСІЦКАЙ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter