Вядучыя радыёпраграмы “Беларусы ў свеце” Ганна Махавікова, яе пераемніца Таццяна Гаргалык дапамагаюць суайчыннікам з замежжа расказваць пра сваю любоў да Бацькаўшчыны

Іх пазнаюць па галасах

Вядучыя радыёпраграмы “Беларусы ў свеце” Ганна Махавікова, яе пераемніца Таццяна Гаргалык дапамагаюць суайчыннікам з замежжа расказваць пра сваю любоў да Бацькаўшчыны


Ганна Махавікова (другая злева) з гасцямі з Растова-на-Доне

У гэтыя дні Беларускае радыё адзначае 90-годдзе: менавіта 15 лістапада 1925 года ўпершыню ў радыёэфіры прагучалі словы “Гаворыць Мінск!”. Цяпер у вялікім “радыёарганізме” ёсць розныя станцыі, і на хвалях Радыё “Беларусь” больш за 40 гадоў выходзіць штотыднёвы праект “Беларусы ў свеце”. У праграме гучаць галасы суайчыннікаў з розных краін. Героі перадач — і кіраўнікі беларускіх суполак, якія створаны ў далёкім і блізкім замежжы, і проста тыя, хто памятае зямлю продкаў, імкнецца да сустрэчы з ёй, хто і ўдалечыні ад яе сваёй працай узвышае Бацькаўшчыну.

Праект ад Ганны Махавіковай

Пачыналася міжнароднае вяшчанне Беларускага радыё яшчэ ў 1952 годзе з дзвюх гадзін у суткі: на беларускай мове для беларусаў за мяжой. Час ад часу выходзілі і асобныя перадачы пра саміх супляменнікаў, іх жыццё, справы, тугу па Радзіме. І толькі з 1972-га, калі на Радыё “Беларусь” па размеркаванні прыйшла працаваць выпускніца журфака БДУ Ганна Махавікова, усе выпускі пра землякоў сплавіліся ў буйны праект “Беларусы ў свеце”. І хоць сама Ганна Іванаўна тры гады як на пенсіі, праект мае працяг. Вядзе перадачу Таццяна Гаргалык. Аднак многія з герояў Ганны Іванаўны не забыліся пра першую аўтарку і вядучую перадачы, дагэтуль перапісваюцца з ёю, тэлефануюць.

Ганна Махавікова памятае і першых субяседнікаў — то былі гутаркі з дзецьмі суайчыннікаў з Амерыкі, Канады, Ізраіля, Аўстраліі, Аргенціны, якія адпачывалі ў беларускіх летніках. Заўсёды здзіўлялася, прызнаецца калега, як тыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра валодалі беларускаю моваю, і ў тым заслуга, безумоўна, бацькоў. З землякамі Ганна Махавікова сустракалася і ў Таварыстве па сувязях з суайчыннікамі “Радзіма”, і пад час курсаў-стажыровак для кіраўнікоў творчых гуртоў беларускіх суполак за мяжой, якія штогод праходзілі пры Інстытуце культуры (сёння — Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў). Гаворыць, заўсёды любіла гутарыць з субяседнікам ужывую, “вочы ў вочы”. Ды праца на радыё дынамічная, перадачы — штотыднёва, а геаграфія вялізная, з усіх кантынетаў даносіліся галасы беларусаў: ад Лацінскай Амерыкі да Аўстраліі… Ганна Іванаўна брала інтэрв’ю і па тэлефоне, і праз інтэрнэт. “Як сёння ўсё ж дапамагае тэхніка! — заўважае яна. — З мінскай студыі можна “запісаць” чалавека ў ЗША ці ў Японіі. А то і правесці радыёмост, як мы аднойчы рабілі з беларусамі Новасібірска напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. Шмат “на тым канцы провада” было людзей, і кожны расказваў сваю гісторыю, выказваў пачуцці. І слёзы былі, і песні… Словам — жыццё”.

Усе героі яе праграмы, гаворыць Ганна Іванаўна, людзі заслужаныя, якія шмат робяць для Беларусі. З добрай усмешкай згадвае кіраўніцу Саюза беларусаў Латвіі Валянціну Піскунову, Ганаровага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглю, пісьменніка, журналіста, стваральніка клуба “100 год” Леаніда Анікеева, кіраўніка беларускай суполкі ў Комі Аркадзя Крупеньку… Усе яны, адзначае Ганна Іванаўна, ды й многія іншыя, бываючы ў Беларусі, у Мінску, заглядвалі на Радыё “Беларусь”, на Чырвоную, 4: расказаць пра свае справы, перадаць прывітанні беларусам з усяго света.

“У тэме” калега і сёння. І калі пабачыла нядаўна па тэлебачанні, як медалём Францыска Скарыны ўзнагароджвалі кіраўніцу гурта “Кірмаш” Ірыну Капчынскую з Масквы, то ад душы парадавалася за яе. Бо добра ведае энтузіястку, неаднойчы з ёй рабіла інтэрв’ю. Ірына расказвала пра аўтэнтычныя спевы на Гродзеншчыне, радзіме продкаў, пра сваю калекцыю нацыянальных строяў. Ганна Іванаўна можа доўга расказваць пра беларусаў замежжа, згадваць цікавыя выпадкі, сустрэчы, удалыя інтэрв’ю. “Многія з землякоў сталі для мяне роднымі за той час, як я працавала ў праекце “Беларусы ў свеце”, — гаворыць Ганна Махавікова. — Лічу, наша перадача не мае ні часу, ні межаў. Пакуль беларусы жывуць у іншых краінах (а іх там сёння, як вядома, больш за тры мільёны), праект будзе актуальным”.

Зноў у эфіры


Праграма “Беларусы ў свеце”, як і раней, гучыць па аўторках, з 14.00 да 15.00 па беларускім часе. У 2012-м аўтарам і вядучай праграмы стала Таццяна Гаргалык. Многія з беларусаў замежжа ўжо ведаюць яе па сустэчах пад час VI З’езду беларусаў свету, ІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, леташніх курсах для кіраўнікоў творчых гуртоў беларускіх суполак за мяжой. Таццяна рабіла выпускі з беларусамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Ізраіля, Італіі, Швейцарыі, ЗША ды іншых краін. Маладая вядучая кажа “Амаль з усімі героямі перадачы адразу знаходжу агульную мову, здаецца: знаёмы з імі вельмі даўно”. Цёплыя стасункі ў Таццяны з беларусамі Латвіі — Валянцінай Піскуновай і Аленай Лазаравай, кіраўніцай Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Нінай Савінавай, заўсёды гатовыя расказаць пра свае праекты Валеры Казакоў з Расіі, Юры Статкевіч з Малдовы, Аляксандр Сапега са Швейцарыі. “Проста зачараваная беларускамі з Італіі: Таццянай Пумпулевай ды Нінай Менцюковай”, — прызнаецца журналістка. — Неаднойчы ўдзельнічалі ў праграме Алег Рудакоў з Іркуцка, Міхаіл Альшанскі з Ізраіля, Ян Сычэўскі з Польшчы”. Дарэчы, менавіта супляменнікі з Беластока дапамаглі з правядзеннем прэзентацыі Радыё “Беларусь”, якая не так даўно прайшла на Беласточчыне.

Сяброўскія, шчырыя зносіны з супляменнікамі — крыніца яе творчага натхнення. “Кожная сустрэча, кожны тэлефонны званок для мяне — прыемная падзея, гэта заўсёды вельмі кранальна, заўсёды натхняе, — разважае Таццяна. — Не можа пакінуць абыякавым і тое, што людзі, якія жывуць за тысячы кіламетраў ад Беларусі, прысвячаюць вершы і песні Бацькаўшчыне. Яны захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне традыцыі, сямейныя паданні, рэліквіі. І яшчэ: некаторыя самастойна, з вуснаў у вусны ці па кнігах, відэаі і аўдыёзапісах знаёмяцца з беларускай мовай, культурай, гісторыяй. Для іх кожнае добрае слова пра Беларусь каштоўнае. І гэта прымушае пра многае задумацца: хто ты? дзе твае карані? што ты зрабіў, каб пра Беларусь даведаліся ў свеце? Магу абсалютна шчыра сказаць, што дзякуючы нашым суайчыннікам і я стала адчуваць сябе яшчэ больш беларускай! Гутаркі з імі — сапраўдныя ўрокі самасвядомасці! Люблю сваіх герояў, праўда!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter