Хіба дабрыня — “нефармат”?

Па тэлебачанні нядаўна паказвалі фільм “Розыгрыш”.

Па тэлебачанні нядаўна паказвалі фільм “Розыгрыш”. Акцёр Дзмітрый Харацьян (там ён зусім юны) іграе ролю дзевяцікласніка. Больш за трыццаць гадоў прайшло з часу стварэння кінастужкі. Сёння разумееш, які смелы гэта быў на той час твор, бо ў фільме галоўны герой не выдатнік і камсамольскі актывіст, а цяжкі падлетак, які захапляецца музыкай.

Гэты фільм мы гля-дзелі разам з сынам-падлеткам, крыху старэйшым за герояў фільма. Яму цяжка было зразумець, чаму вучні асуджаюць аднакласніка, які дзеля сваёй мэты — паступіць у прэстыжны інстытут — ахвяруе сяброўствам, аддаляецца ад свайго бацькі. Сёння ж лічыцца, што галоўнае ў жыцці — поспех і грошы, а як дасягнуў гэтага — неістотна.

Высокамастацкі твор і праз столькі гадоў кранае, і мой сын спасціг яго ідэю. Значыць, памыляецца той, хто думае, што сённяшнія маладыя людзі чэрствыя і абыякавыя, што яны вельмі спрошчана разумеюць жыццё. Проста раней шмат гаварылася пра душэўнасць, чалавечнасць, дабрыню не толькі ў сям’і, але і ў творах мастацтва. Зараз фільмаў накшталт “Розыгрышу” не здымаюць. Хто сёння герой тых жа тэлестужак? Таўстасум, для якога няма нічога святога, акрамя грошай, ці нейкі крымінальны аўтарытэт...

Лічу, што трэба часцей дэманстраваць старыя фільмы, такія як “Вясна на Зарэчнай вуліцы”, “Каліна чырвоная”, “Лёс чалавека” ды іншыя класічныя творы. Яны паказваюць лепшыя чалавечыя якасці, настройваюць на хвалю дабрыні. Сёння гэтага так не хапае.

Аляксей МАЛІК, Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter