Ураджай арэхаў з беларускіх кедраў у Гомельскай вобласці, што знялі і сёлета, усяляе надзею: эксперымент будзе мець працяг

Кедры растуць пад Веткаю

Рыгор Арэшка

Ураджай арэхаў з беларускіх кедраў у Гомельскай вобласці, што знялі і сёлета, усяляе надзею: эксперымент будзе мець працяг

Прамысловыя плантацыі кедраў у Беларусі? Гаварыць пра такое пакуль рана, аднак адаптаваны да ўмоў усходняга Палесся насенны матэрыял ужо ёсць. Пра тое паведамляла “Беларуская лясная газета”, пісала і газета “СОЮЗ”. Супрацоўнік Веткаўскага спецлесгаса Іван Гарэлікаў лічыць, што і проста выгадаваць сібірскі кедр у нашым клімаце складана, а сабраць плады — выпадак унікальны.

Невялікі кядроўнік з’явіўся на Палессі па ініцыятыве Генадзя Асанава. Сібірак-шахцёр з Кемераўскай вобласці перасяліўся з сям’ёй жыць на радзіму жонкі-беларускі. У 70-я пераканаў навукоўцаў з Маскоўскага лесатэхнічнага інстытута: трэба паспрабаваць прыжывіць “сібіракоў” у Беларусі. І атрымаў ад іх насенне сасны карэйскай, стланіка кедравага і сасны сібірскай. Высадзіў у сваім агародзе ў вёсцы Мар’іна Добрушскага раёна, дзе тады жыў і працаваў. Усходы з’явіліся ў 1977-м, а саджанцы, па словах пенсіянера, перасадзілі на ўскраіну вёскі Пабужжа Веткаўскага раёна.

Першыя арэхі з’явіліся праз 33 гады пасля высадкі кедраў — у 2010 годзе.  Па словах спецыялістаў, гэта важная падзея для лясной гаспадаркі Беларусі. Кядроўнік на Палессі — гэта 22 дрэвы вышынёй пад 17 метраў, прыкладна на 20 сотках зямлі, даюць кілаграмы па два арэхаў. На жаль, з-за шкодніка, так званай шышкавай агнёўкі, частка ўраджаю губляецца. Асаблівы ўрон ад гэтага быў летась. І спецыялісты маюць намер пазмагацца з дармаедам. Гэта важна для таго, каб эфектыўна вырошчваць кедры ў далейшым. Веткаўскія кедры — гэта ўсяго толькі “доследны аб’ект”. Самае ж галоўнае — што кедры ў нас растуць! А насенне, якое ўжо адаптавана да ўмоў жыцця ў паўднёвым Палессі, можа быць і ў наступныя гады. Сам жа кедравы гай лясгаса ў перспектыве можа стаць унікальным прыродным кутком, дапоўніўшы створаныя на тэрыторыі лясніцтва дэндрарыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter