Казлоўшчына: надзейнае будучае апавітага чароўнасцю краю

Казлоўшчына: буслы прыляцелі, час зноў у поле

БАГАТАЕ на спадчыну мястэчка Казлоўшчына, што паміж Слонімам і Дзятлавам. Вабяць турыстаў архітэктура мураванага панскага маёнтка, помнік драўлянага народнага дойлідства — царква Успення Прасвятой Багародзіцы, унікальная забудова жылых кварталаў.

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага ХVIII стагоддзя. Забудова яго фарміравалася вакол плошчы, у цэнтры якой месцілася царква.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Казлоўшчына стала цэнтрам воласці Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Побач з сялянскімі падворкамі заснаваны сядзіба і парк. Адкрылася народнае вучылішча. Пачалі дзей- нічаць суконная фабрыка, вадзяны млын.


Неспакойны пачатак мінулага стагоддзя пакінуў тут свой разбуральны след. Уладу ў мястэчку папераменна захоплівалі нямецкія і польскія акупанты. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай Казлоўшчына адышла да буржуазнай Польшчы.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР паселішча атрымала статус раённага цэнтра Баранавіцкай, а потым Гродзенскай вобласці і мела яго да 1960 года.

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі актыўна дзейнічалі партыйнае і партызанскае падполле. Выдавалася газета “Народный мститель”. Гітлераўцы лютавалі. Каля слонімскага шляху зверскі знішчылі 2500 мірных жыхароў. На месцы масавага расстрэлу ўсталяваны мемарыял. У брацкай магіле, што ў цэнтры гарпасёлка, пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія аддалі жыццё ў барацьбе з ворагам.

У пасляваенны час Казлоўшчына атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу, а ў канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя — гарпасёлка. Дзейнічалі дрэваапрацоўчы камбінат, млын, вінзавод, хлебапякарня, камбінат бытавога абслугоўвання, Дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй.

З 1960 года Казлоўшчына — цэнтр сельсавета і гаспадаркі, рэарганізаванай у КСУП “Слава працы” Дзятлаўскага раёна.

Старшыня сельвыканкама Вадзім БЯЛЯТКА і кіраўнік спраў Алена ІЛЬЮХІНА

АД сталічных вакзалаў да Казлоўшчыны зручней дабірацца аўтатранспартам праз райцэнтры Дзятлава ці Слонім. Можна і чыгункай трапіць праз Баранавічы ці Ліду да станцыі Наваельня, ад якой да гарпасёлка праз вёску Раготна напрасткі два дзясяткі кіламетраў. Мой вандроўніцкі маршрут пралёг праз Слонім, адкуль камфартабельным аўтобусам, што кіраваўся з Пінска ў Вільнюс, прыехаў у ціхую Казлоўшчыну. Па прыгрэтай сонцам узбочыне асфальтаванай вуліцы цурчаў-спяшаўся вясновы ручай.

Першымі сюды сёлета вярнуліся з выраю буслы. Аднаго з іх убачыў у небе над сядзібамі старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка і ўзгадаў, як у дзяцінстве чакаў вяртання пералётных птушак. Буслянка ўзвышалася над суседскім падворкам. У школе з настаўнікамі майстравалі шпакоўні, прыладжвалі іх на дрэвах да прылёту пастаяльцаў.

Ляснічы Аляксей ДУБОВІК

Для хлебаробаў вясна — чарговы віток адвечных клопатаў. Разам з Вадзімам Аляксандравічам зайшлі на мехдвор КСУП “Слава працы”, што на ўскрайку Казлоўшчыны. Трактарамі, пасяўнымі агрэгатамі, іншай тэхнікай застаўлена пляцоўка паабапал рамонтнай майстэрні. Каля рухавіка аўтамабіля завіхаўся Сяргей Цяцерын, які расказаў, што зімою вазіў брагу з вінзавода на жывёлагадоўчую ферму. Зараз рыхтуецца падвозіць насенне збожжавых да пасяўных агрэгатаў. З сям’ёю жыве ў прыватызаваным катэджы, атрыманым ад гаспадаркі ў вёсцы Дзянісава. Паўтара дзясятка тыпавых дамоў ажывілі вясковую вуліцу. Пяць сядзіб прынялі навасёлаў у Казлоўшчыне.

Загадчыца аптэкі Ларыса ДЫМОВІЧ

Намеснік дырэктара КСУП “Слава працы” Людвіг Пякарскі, якога сустрэлі на мехдвары, адзначыў, што збожжавы клін зойме дзве тысячы гектараў. А яшчэ давядзецца сеяць кармавыя, тэхнічныя культуры. Гаспадарка разам з сельгаспрадпрыемствамі “Вензавец” і “Дварэц” перажывае перыяд санацыі. На тры гады замарожаны выплаты па дзяржаўных пазыках, што дазволіла за атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі сродкі набыць неабходнае для працы ў полі. Эканамічную дзейнасць гэтай і яшчэ дзвюх гаспадарак, якія таксама на санацыі, каардынуе антыкрызісны кіраўнік Міхаіл Цімошка. Гатовы да выхаду ў поле ўсе тры энерганасычаныя трактары і дзясятак іншых. З-за няхваткі механізатараў летась на сельгасмашынах працавалі рабочыя Гродзенскага аблнафтапрадукта. Нарыхтоўваць кармы дапамагалі ваеннаслужачыя. І сёлета вяскоўцы спадзяюцца на шэфскую дапамогу гараджан. Механізатараў рыхтаваў Дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй. На палях і ў майстэрнях навучэнцы праходзілі вытворчую практыку і папаўнялі атрад механізатараў. Пасля таго як ліцэй перавялі ў Слонім, адразу адчуўся недахоп кадраў. І на фермах ёсць вакансіі жывёлаводаў.

Ветэран працы Сцяпан ДЗЯНІСІК

ЗАКРЫЦЦЁ прафтэхліцэя надало клопату і кіраў- ніцтву сельвыканкама. Людзей трэба было ўладкоўваць на працу. Дапамаглі кіраўнікі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Дзятлаўскае ПМС”, КСУП “Слава працы”, псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, а таксама гаспадары, у якіх прыватная вытворчасць. Карпусы ліцэя пераабсталёўваюцца пад сярэднюю школу. Памянялі вокны на новыя. А ў двухпавярховым будынку школы размесцяцца Дом культуры, музычная школа, бібліятэка. Некалькі гадоў пуставала памяшканне ўнівермага. Яго набыў прадпрымальнік з Ваўкавыска і плануе стварыць сучасны гандлёвы цэнтр.

Ад спецыялістаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўсаюза даведаўся, што дзейнічаў у Казлоўшчыне мясны цэх, дзе працавалі амаль 30 чалавек. Попытам карысталіся выпускаемыя далікатэсы. Дзясятак рабочых цэха страцілі працу.

Ветэран працы Міхаіл ЛУКАШЭНЯ

Разам са старшынёй сельвыканкама праехаў па вуліцах, якіх амаль два дзясяткі. Большасць з іх заасфальтавана. Летась пакрылі новым асфальтам цэнтральную плошчу, тэрыторыю каля дзіцячага садзіка. Па традыцыі пасля зімы жыхары выйдуць на суботнік. Пастаянна падтрымліваецца парадак на тэрыторыі доследна-вытворчага лясніцтва, якім кіруе выпускнік сталічнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксей Дубовік. Засталі яго ў працоўным кабінеце. На 8000 гектарах раскінуліся ўгоддзі. З надыходам цёплых дзён клопатаў у Аляксея Уладзіміравіча дадалося. Хутка пачнецца пасадка сасны. Плануецца ёю заняць паўсотні гектараў. Пераважная большасць ляснога масіву — хваёвыя бары. Хвалюе ляснічага масавае распаўсюджванне вершаліннага караеда. Пашкоджаныя дрэвы спілоўваюцца на прамысловую перапрацоўку. Пакуль не знойдзена альтэрнатыўнага варыянта барацьбы са шкоднікам.

Вясной пашырыўся фронт работ у меліяратараў. У пойме ракі Шчары рабочыя Дзятлаўскага ПМС рэканструююць і рамантуюць гідразбудаванні, праводзяць тэхнічны догляд водагаспадарчых сістэм. Амаль паўтара дзесяцігоддзі кіраваў калектывам Міхаіл Лукашэня, якога засталі з шырокай снегаўборачнай лапатай у руках. Няўрымслівы пенсіянер заўзята ачышчаў праезд ад зляжалых снегавых сумётаў. Інжынерам па працы ў ПМК была да выхаду на пенсію яго жонка Таццяна Сцяпанаўна. Сямейная пара шчыруе на сваёй сядзібе.

Загадчык комплекснага прыёмнага пункта Лідскага камбіната бытавога абслугоўвання Валянціна ДАНІЛЬЧЫК

Не можа ўтрымацца без справы і дзевяностагадовы Сцяпан Дзянісік. Сустрэцца з ім параілі ў сельвыканкаме.

У ПРАСТОРНЫМ, акуратна прыбраным доме нас сустрэў шыракаплечы высокі статны мужчына. Праз пярэдні пакой прайшлі ў светлую на тры акны залу.

Сцяпан Рыгоравіч з гонарам адзначыў, што сваімі рукамі будаваў жытло. З малых гадоў яму давялося спазнаць сялянскую працу. Іх сям’я жыла ў суседняй вёсцы Доўбневічы. Прысеўшы на канапу, гаспадар стаў узгадваць перажытае за доўгі век. Бацька яго ў маладыя гады ваяваў на франтах Грамадзянскай вайны. У мірны час працаваў на зямлі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у іх вёсцы арганізаваўся калгас. Рыгор Дзянісік узначаліў яго. Грымнула вайна. Бацька разам з кіраўнікамі мясцовай улады эвакуіраваўся ў тамбоўскую глыбінку. Маці засталася з чатырма маленькімі дзецьмі. Самаму меншаму — год. Сцяпан — старэйшы з дзяцей.

Выхавацель дзіцячага садзіка Ірына ВЕНСКАЯ з дзецьмі.

Перад прыходам нямецка-фашысцкіх акупантаў сяляне разабралі па падворках калгасную жывёлу. Дзянісікам дасталася карова. Пачыналася жніво. Калгаснае поле, засеянае жытам, падзялілі па сем’ях. Сцяпан дапамагаў маці сярпом жаць збажыну. Аднойчы да іх у хату наведаліся фашысты і пацікавіліся, дзе гаспадар. Маці адказала, што ў бежанцах. Акупанты не паверылі і прызначылі вартавых, якія круглыя суткі каравулілі, ці не прыходзіць ён з лесу. Забаранілі браць у поле з сабою ежу, каб не перадаваць бацьку.

У першую ваенную восень трэба было сеяць азіміну. Не было чым апрацоўваць зямлю. Сцяпан у суседняй вёсцы Герберавічы дамовіўся купіць каня за восем пудоў збажыны. Прыдбаў і павозку за шаснаццаць пудоў зерня. Саматужна зладзіў збрую, і пасеялі азімае жыта.

Механізатар Сяргей ЦЯЦЕРЫН

Акупанты часта ганялі сялян на прымусовыя работы. Летам 1944 года вяскоўцы дачакаліся прыходу савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Пасля Перамогі Сцяпан шэсць з паловай гадоў служыў у Балгарыі, на Каўказе. Вярнуўся дамоў з рускай нявестай. Амаль праз дзесяць гадоў сустрэўся з бацькам. Разам дом будавалі. Працаваў на прамкамбінаце, потым кіраваў пажарнай службай. Сын і дачка выраслі, раз’ехаліся. Дваццаць другую вясну сустрэў бабылём Сцяпан Рыгоравіч. Часта наведвае яго старшыня сельвыканкама, клапоціцца пра паважанага ветэрана. Вадзім Аляксандравіч незаменны памочнік у аўдавелай маці Ларысы Аляксандраўны. Паўвека таму яна закончыла Магілёўскае фармацэўтычнае вучылішча і з таго часу ўзначальвае аптэку ў Казлоўшчыне.

Жывёлавод Мікалай ШУЛЕЙКА з жонкай Зояй ЛУНЯЙ

Паўвекавы працоўны стаж і ў Валянціны Данільчык, якая загадвае комплексным прыёмным пунктам Лідскага камбіната бытавога абслугоўвання. З далёкага Казахстана прыехала ў Казлоўшчыну Ірына Венская. Яе дзядуля і бабуля ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ўздымалі цаліну. Сэрца паклікала на радзіму продкаў. Бацькі працуюць жывёлаводамі, а Ірына Васільеўна — выхавацелем у дзіцячым садзіку, дзе колькасць дзетак паступова павялічваецца.

Гэта гарантуе будучае апавітай чароўнай прыгажосцю Казлоўшчыны.

Дзятлаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter