Минск
+1 oC
USD: 2.12
EUR: 2.35

Красная Шапочка, Маша и Медведь: юрист из Могилева воспроизвела технологии производства новогодних игрушек из ваты

Казкі жывуць на ёлцы

Калі большасць з нас жыве па адным календары, то ў магіляўчанкі Анжэлікі Фаенка іх не менш за два. Адзін — для асноўнай працы. А вось другі — для творчасці. І Новы год там можа быць у чэрвені, Каляды — у маі, а снежань — у верасні. Таму што і ўвесну, і летам, і па восені юрыст па прафесіі і мастак па прызванні знаходзіць гадзіну-другую, каб заняцца любімай справай — вырабам цацак з ваты. Гэтыя народныя тэхналогіі заўсёды ішлі побач з элітнымі. Шкляныя шары на ёлку сто гадоў таму дазволіць сабе мала хто мог. Ды і ў 1930-я, калі савецкая ўлада «рэабілітавала» навагоднія святы, не кожнаму такія шары былі па кішэні. І тут выручала вата: матэрыял танны, а зрабіць з яго можна самыя розныя фігуркі і формы. Прычым пры жаданні — сваімі рукамі.

Цацкі маюць свае асаблівасці.

Цацкі з мінулага

Анжэліка не сумняваецца, што па цацках з ваты можна нават вывучаць наша мінулае:


— Напрыклад, пасля выхаду фільма «Цырк» у продажы з’явіліся акрабаты і арлекіны з ваты. У гонар экспедыцыі Папаніна выпусцілі цэлую серыю фігурак, сярод якіх — палярнік, што ўстанаўлівае на Паўночным полюсе чырвоны сцяг, мядзведзь-лыжнік і іншыя. Бацькі перадавалі цацкі дзецям, тыя — сваім, і такім чынам іх кругазварот здаваўся бясконцым.

Анжэліка ФАЕНКА: на выраб кожнай цацкі патрэбна не менш за 4 дні.

У наш час патрэбы рабіць цацкі няма, іх выбар у магазінах проста касмічны. Аднак у гэтай масавасці страчваецца нейкая магія, якая падчас навагодніх свят не бывае залішняй нават для дарослых. Магіляўчанка вырашыла гэтую несправядлівасць выправіць. Дастала белую як снег вату, зварыла клей — і на свет адзін за адным сталі з’яўляцца маленькія казачныя героі. «Выраб ватных цацак — працэс не такі просты, як можа паказацца. Наадварот, даволі карпатлівы, — прызналася майстар. — А яшчэ — ліпкі. На выраб адной фігуркі патрэбна не менш за чатыры дні. У яе аснове — драцяны каркас (шкілецік). На яго пласт за пластом кладзецца вата, якую да таго трэба добра прамазаць крухмальным клейстарам. Якую ў выніку лялька набудзе форму — залежыць ад фантазіі аўтара. Ніякіх абмежаванняў тут няма».

Анжэліка дала старым тэхналогіям новае жыццё.

Забаўляльная гісторыя

Чырвоная Шапачка, Машачка і Мядзведзь, Алёнка. Кампанія персанажаў была б няпоўнай без Дзеда Мароза са Снягуркай ці Снегавіка. Ёсць у калекцыі і клоўны, хай сабе і не такія, як іх «старэйшыя браты» з 1930-х, але хто сказаў, што яны павінны быць аднолькавымі? Адметнасць цацак з «бабулінага» куфра якраз у іх непаўторнасці. Двух аднолькавых твараў таксама быць не можа, хаця ў іх аснове — адбіткі масак з пап’е-машэ, зробленыя з дамашніх статуэтак. Вочы, бровы, вусны, румяныя шчокі — каб размаляваць маленькі тварык, трэба цярпенне. І, вядома, талент. Анжэліка, дарэчы, маляваць любіць з дзяцінства. У дарослым жыцці з’явіліся новыя абавязкі і справы, і дзіцячае захапленне неяк адышло на іншы план. Напэўна, дзеля таго, каб зараз зноў заявіць пра сябе. А яшчэ — парадаваць не толькі майстра і яе родных, але і землякоў. Работы магіляўчанкі паспелі пабываць на многіх выстаўках. А сёння іх можна ўбачыць у вокнах Магілёўскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 3. Загадчык бібліятэкі Алена Мельвінская ўдакладніла, што экспазіцыя Анжэлікі Фаенка — частка арт-праекта «Таленты зямлі магілёўскай», які доўжыцца не першы год:

Больш за ўсіх выстава падабаецца дзецям.

— Выстаўка задае нава­годні настрой кожнаму навед­валь­ніку. Аднак самыя ўдзячныя гледачы, вядома, дзеці. Такіх цацак, прызнаюцца, яшчэ не бачылі. З вялікай цікавасцю слухаюць гісторыі аб тым, як іх рабілі, захоўвалі. Такія сустрэчы даюць магчымасць у даступнай форме расказаць дашкольнікам аб нашай краіне, яе гісторыі. І, вядома, аб таленавітых людзях.

Вочы, бровы, вусны, румяныя шчокі — каб размаляваць маленькі тварык, трэба цярпенне. І, вядома, талент.

markova@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Светлана МАРКОВА
Загрузка...