Белорусский мультфильм покажут на кинофестивале в Японии

Казка пра дабрыню

Анімацыйны фільм «Лагодны воўк» кінастудыі «Беларусьфільм» увайшоў у конкурсную праграму буйнога Міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно ў Хірасіме, паведамляе belarusfilm.by. Для ўдзелу ў кінафестывалі, які адбудзецца 20—24 жніўня, было пададзена больш за 2 тысячы заявак з усяго свету. Аднак у асноўную конкурсную праграму журы адабрала ўсяго 59 работ. Трапіў туды і наш мультфільм.


У аснове 7-хвіліннага фільма Наталлі Дарвінай «Лагодны воўк» — казка беларускай пісьменніцы Алены Масла. У цэнтры апавядання — воўк з жаласлівым сэрцам. Яму шкада было забіваць дзеля яды іншых звяроў, таму ён харчаваўся травой ды мёдам. Астатнія ваўкі не разумелі калегу-вегетарыянца, таму прагналі яго са сваёй зграі. Аднойчы зімой ваўку стала зусім невыносна галадаць, і ён усё ж такі вырашыў скрасці ў дзеда з бабай баранчыка. Скраў, але з’есці не змог — пашкадаваў. Замест асабістага балю зладзіў танцы з баранчыкам і напаіў яго гарбатай. Якраз у гэты час да дома ваўка прыйшоў дзед са стрэльбай. Ён хацеў вярнуць свайго баранчыка і пакараць галоднага звера. Аднак, убачыўшы лагоднасць ваўка, запрасіў яго да сябе дадому на гарбату з прысмакамі.

Мультфільм цікавы не толькі сюжэтам і тэхнікай малявання, але і музыкай. Напісаў яе кампазітар Леанід Паўлёнак, а выканаў вядомы беларускі фолк-гурт «Нагуаль». Стужка неаднаразова прымала ўдзел у фестывалях і адзначалася прызамі. Так, на VI Міжнародным кінафестывалі дзіцячага і сямейнага кіно «0+» у Цюмені мультфільм атрымаў дыплом за лепшае музычнае суправаджэнне. На XХIV Міжнародным фестывалі кіно і тэлепраграм «Раданеж» у Маскве яму ўручылі дыплом «За добры гумар і захаванне традыцый нацыянальнай анімацыі». А на фестывалі Animaevka-2019 у Магілёве «Лагодны воўк» быў прызнаны лепшым анімацыйным фільмам для дзяцей.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter