Казка ночы. Снежань — ноч года.

Гэта самы цёмны месяц, калі дні — найкарацейшыя, святла — найменей, а цемры і ночы — аж занадта. З гэтай прычыны, сябры, у снежаньскім нумары наша размова пойдзе... не, не пра зімовы — пра начны пейзаж. Пейзаж — гэта стан душы, сказаў нехта з паэтаў. Калі так, то начны пейзаж — гэта своеасаблівы стан душы, калі бачнае перакрыжоўваецца з нябачным, ява пераплятаецца з уяўным, сілы Наві перамагаюць Яві...

Ноч... З ёю нашы думкі звычайна звязваюць усё самае патаемнае, дзіўнае, невядомае і, вядома ж, страшнае. Найчасцей гэта рэха дзіцячых уяўленняў аб свеце: ну каго ў дзяцінстве не страшылі цемрай і Бабай-Ягой, якая адтуль вось-вось з’явіцца? Тыя ж малыя, якія адразу не надта верылі ў страшную цемру, а болей давяралі свайму цікаўнаму розуму і смеламу сэрцу, пайшлі намнога далей за астатніх: менавіта з іх выйшлі лепшыя творцы, якія не баяцца быць не падобнымі да іншых, быць “белымі варонамі” сярод шэрых ці чорных...
Белае і чорнае... Чым жа адрозніваюцца пейзаж з выяваю дня і начны пейзаж? На першы погляд пытанне здаецца вельмі простым, ледзь не бессэнсоўным. Аднак жа адказ на яго вымагае пэўных разважанняў. Вядома, дзень — гэта ўвасобленае святло, і фарбы для яго выяўлення ўжываюцца больш светлыя. Ноч — увасобленая цемра. Але ці толькі цемра? Сапраўдныя майстры жывапісу сцвярджаюць, што гэта далёка не так. Ноч, як і дзень, можа быць такой жа каляровай, але, каб убачыць яе колеры, трэба быць у некалькі разоў больш уважлівым і назіральным.
— Я люблю ноч, — дзеліцца думкамі мастак Мікола Бушчык, аўтар шэрагу ўдалых начных пейзажаў у алеі і акварэлі.

— Шпацыруючы ў адзіноце начнымі вуліцамі альбо нават без дарогі, шмат назіраю, запамінаю. Сам-насам з прыродай чалавек заўжды шчыльней уваходзіць у кантакт з усімі нюансамі яе прыгажосці. І тады таямніца раскрываецца перад ім, і ён ужо, быццам чараўнік, ведае пра гэтую з’яву нашмат болей за астатніх... Ноч — амаль заўсёды таямніца, а для мяне — і ўвогуле заўсёды. Там жа, дзе яна ёсць, ёсць казка... Дарэчы, мой першы начны краявід так і называўся — “Казка ночы”.
Ці цяжка пісаць казку-ноч? Большасць жывапісцаў сцвярджае, што так. Можа, таму нямногія набіраюцца рашучасці і ўсё-такі прымаюцца за працу... над ноччу. Праўда, і тут не абыходзіцца без чараў: начныя пейзажы альбо пішуцца на адным дыханні, альбо не пішуцца зусім... Аднак жа як бы тое ні было, але ноч трэба пісаць больш асэнсавана, і з гэтым згаджаюцца ўсе, хто хоць раз трымаў у руках пэндзаль альбо аловак. Дзень — ён і так занадта яўны і зразумелы, ноч — зусім іншая справа...
Зрэшты, каб напісаць нешта сапраўднае, трэба увогуле шмат назіраць, а каб напісаць ноч — яшчэ і... не спаць... Ці не пра тое ж пісаў Барыс Пастэрнак?
Не спи, не спи, художник,
Не предавайся сну,
Ты — вечности заложник
У времени в плену...
Каб напісаць ноч, некаторыя пейзажысты звяртаюцца да адмысловага прыёму — яны быццам трымаюць ў галаве дзве плямы: чорную (каб дакладна ўзяць колер) і белую (каб дакладна ўзяць тон). Самае чорнае, што нічога не адлюстроўвае, — гэта чорны аксаміт. Ведаючы гэта, з кавалкам аксаміту заўсёды хадзіў на эцюды Ісаак Левітан, якога ў сусветным мастацтве лічаць адным з лепшых майстроў адцення. Мусіць, менавіта па гэтай прычыне краявіды Левітана — жывыя...
“Жывымі” называлі аматары мастацтва і краявіды беларускага мастака Барыса Казакова (1937—2008). Працуючы над сваімі творамі, гэты майстар прыйшоў да ўласнага метаду, які назваў стэрэажывапісам. “Стэраэскапічнасць” твораў Казакова асабліва выяўляецца ў яго начных краявідах. Асабліва ж здзіўляе, якія колеры гэты мастак ужываў для апісання пераходных станаў ночы — світанка і змяркання. Працы яго прасякнутыя зачараваннем ад самой сутнасці жыцця.
Падводзячы рысу нашай не па-снежаньску кароткай “начы”, можна заўважыць адзінае: начны краявід на палотнах беларускіх жывапісцаў — гэта філасофскае, узвышанае тлумачэнне пейзажнай тэмы, дзе прыгажосць, якая мае свой вобраз і форму, стварае асаблівы, інтымна-паэтычны настрой.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter