Казкі і ява Пятра Васючэнкі

Пісьменнік і літаратуразнаўца сам шукаў сляды міфічнага цмока і лічыць, што жанр фэнтэзі прыжыўся ў беларускай літаратуры даўно — у форме літаратурнай казкіКаля двух соцен літаратурных твораў і навуковых работ — яго набытак на ніве слова. З найбольш вядомых — даследаванні “Драматургія і час”, “Драматургічная спадчына Янкі Купалы”, зборнік прозы “Белы мурашнік”, цыкл казак “Прыгоды паноў Кублiцкага ды Заблоцкага”, зборнік п’ес “Маленькі збраяносец”. Творы перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы, яны запатрабаваныя і ў Беларусі. Навуковец, выкладчык, пісьменнік, крытык, эсэіст... Пятро Васючэнка піша навелы і прыпавесці, дзіцячыя апавяданні і казкі, а таксама п’есы. Даследуе творчую спадчыны класікаў літаратуры, творчасць сучасных пісьменнікаў. Вось такі “чалавек-аркестр”…
Пісьменнік і літаратуразнаўца сам шукаў сляды міфічнага цмока і лічыць, што жанр фэнтэзі прыжыўся ў беларускай літаратуры даўно — у форме літаратурнай казкі

Вокладка кнігі Пятра Васючэнкі<br />Каля двух соцен літаратурных твораў і навуковых работ — яго набытак на ніве слова. З найбольш вядомых — даследаванні “Драматургія і час”, “Драматургічная спадчына Янкі Купалы”, зборнік прозы “Белы мурашнік”, цыкл казак “Прыгоды паноў Кублiцкага ды Заблоцкага”, зборнік п’ес “Маленькі збраяносец”. Творы перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы, яны запатрабаваныя і ў Беларусі. Навуковец, выкладчык, пісьменнік, крытык, эсэіст... Пятро Васючэнка піша навелы і прыпавесці, дзіцячыя апавяданні і казкі, а таксама п’есы. Даследуе творчую спадчыны класікаў літаратуры, творчасць сучасных пісьменнікаў. Вось такі “чалавек-аркестр”…
З дацэнтам Пятром Васючэнкам мы сустрэліся на кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якую ён узначальвае. І размову пачалі з яго кандыдацкай, тэма якой была: “Вайна і дзяцінства. Мастацкае асваенне праблемы ў беларускай прозе 60-70-х гадоў”.

— Пятро Васілевіч, вы ж — чалавек пасляваенны. А чаму абралі такую тэму?
— Па тым часе, калі вёў даследаванне, гэта была перадавая, нават авангардысцкая тэма. Вайна ж закранула ўсе беларускія сем’і. Мой бацька быў яе ўдзельнікам, вярнуўся дадому паранены, пакалечены. І маці бедавала, ведала, што такое сіроцкае дзяцінства. Так што вайна — гэта частка і майго жыцця. Таму навуковы кіраўнік Іван Навуменка і прапанаваў разгледзець тэму вайны такім чынам. Увогуле ж я не збіраўся ісці ні ў навуку, ні ў літаратуру — пасля школы закончыў факультэт журналістыкі БДУ. Потым была аспірантура акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, папрацаваў там, а з 1997-га ўзначаліў кафедру.

— Некаму, мабыць, падасца, што вы ў прафесійных пошуках былі непаслядоўным…
— То можа так і ёсць! А з другога боку: ну што мог ведаць пра жыццё 17-гадовы юнак? Журналістыка ж дала магчымасць пабачыць свет, знаёміцца з цікавымі людзьмі. Я аб’ездзіў усю Беларусь, ды і сёння падарожнічаю. Люблю выбірацца ў тыя мясціны, дзе раней не быў. Падарожнічаць за мяжой таксама цікава, але Беларусь мяне прыцягвае асабліва.

— У вашых творах, асабліва дзіцячых, шмат прыгод. А самі вы, напрыклад, цмока шукалі?
— Пішацца найлепш пра тое, што сам паспрабаваў. Шукаў і міфічнага цмока, нават знайшоў яго сляды, цікавыя гісторыі, якія можна было скарыстаць у творчасці. А навукай заняўся дзякуючы прафесару Ефрасінні Бондаравай. Ды мяне вабіла праца з моладдзю, і мая першая кніжка “Белы мурашнік” — пра студэнцтва. У свой час выбіраў: ісці ў журналістыку ці ў біялогіяю. Хоць абраў журналістыку, але збярог у душы любоў да прыроды, цікавасць да фаўны, усяго жывога, нават да міфічных цмокаў.

— Як у вас на ўсё хапае часу?
— Неяк выкручваюся, хоць на шостым дзясятку стала цяжэй. Але знаходжу час увечары і за кампутарам пасядзець, і кніжку прачытаць. Люблю Канта, чытаю містыку, дэтэктывы, сваё пішу… Тут ёсць адзін вялікі сакрэт: рабі тое, што табе падабаецца, тады ўсё будзе атрымлівацца. А мне падабаецца тое, чым займаюся. Ужо амаль гатова доктарская: пра сімвалізм ў беларускай літаратуры. Манаграфію напісаў — рыхтую публікацыі, ну і гэтак далей, каб абараніцца.

— А з выпускнікамі сувязі пасля вучобы падтрымліваеце?
— Так, і гэта вельмі прыемна. Дарэчы, я ж выкладаю і літаратурную крытыку ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Некаторыя выпускнікі звязалі жыццё з беларускай філалогіяй, многія працуюць у СМІ, напрыклад, на радыёстанцыі “Беларусь”: там вяшчанне на васьмі мовах, у тым ліку на кітайскай, і без выпускнікоў Лінгвістычнага ўніверсітэта не абысціся. Кантактуем з тымі, хто пайшоў у навуку, вучыцца ў магістратуры, аспірантуры. Напрыклад, Таццяна Сыраежка рыхтуе кандыдацкую па беларускай і аўстрыйскай драматургіі. Увогуле ж на кафедры нашай не проста выкладаецца беларуская мова і літаратура — матэрыял даецца ў сусветным кантэксте: у параўнанні з іншымі мовамі ды літаратурамі. Калі коратка: мы разглядаем Беларусь за мяжой і нібы глядзім “на сябе” з-за межаў Беларусі.

Пятро Васючэнка: пісьменнік, літаратуразнаўца, выкладчык— Вы ж і ў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Як ацэньваеце яе працу?
— Вельмі станоўча. Асацыяцыя многа робіць для таго, каб нас ведалі ў замежжы не толькі як прастору на карце, але і як самастойную краіну, народ, нацыю з самабытнай культурай. Калісьці Максім Багдановіч марыў аб уваходжанні беларускай літаратуры ў сусветны кантэкст. Нас, будзем шчырымі, яшчэ мала ведаюць у замежжы. Я склаў даведнік “Сто вялікіх пісьменнікаў XX стагодзя”, там ёсць нашы Янка Купала, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч... Іх творчасць наднацыянальная, выходзіць за межы нацыянальных інтарэсаў, мае міжнароднае значэнне — бо яны падымалі ўніверсальныя пытанні, ішлі праз нацыянальнае да ўніверсальнага. І МАБ спрыяе дыялогу паміж народамі, дыялогу культур, літаратур.

— Чытачам “Голасу Радзімы” будзе цікава: з якіх краін вучацца ў вас студэнты, і ці маюць яны інтарэс да беларускай мовы?
— Дзякуючы добрай волі рэктарата для студэнтаў, якія прыехалі з замежжа, ва ўніверсітэце ёсць бясплатны спецкурс. Яны вывучаюць нашу мову па спецпраграме як пачатковую, і праз год ужо могуць чытаць, пісаць, размаўляць па-беларуску на розныя тэмы. Студэнты з Расіі, Кітая, Японіі, Швецыі, Літвы, Грузіі, Туркменістана, Украіны ды іншых краін пад час заліку расказваюць пра сябе і свае краіны па-беларуску. Затым і беларускую літаратуру вывучаюць нараўне з айчыннымі студэнтамі.

— А дапаможнікі для вывучэння беларускай мовы на кафедры ў вас рыхтаваліся?
— Маем і такі досвед. Два гады працавалі над праектам, арганізаваным фондам СНД. Кожная з дзяржаваў выдала падручнік па сваёй мове на рускай. Выйшаў і наш дапаможнік: “Белорусский язык для стран СНГ”. З ім можна вывучаць беларускую мову “з нуля”, з выкладчыкам ці самастойна. У 2012-м на форуме ў Астане была прэзентацыя з удзелам прадстаўнікоў краін СНД і ШАС. Гэта фундаментальнае, шыкоўнае выданне: з выдатнымі ілюстрацыямі, кампакт-дыскам. Але быў невялікі тыраж, разышоўся імгненна. Самі атрымалі, можа, дзесяць асобнікаў, астатнія пайшлі па Цэнтрах беларускай культуры ў СНД. Часам бяруць кнігу прадстаўнікі пасольстваў Украіны, Расіі, Азербайжана... Марым яе перавыдаць.

— Хутка будзем адзначыць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Мінск, а магчыма і родны вам Полацк можа стаць “Кніжнай сталіцай свету-2017”. Чым сустрэнеце юбілей?
— Полацк спрадвеку быў нашым духоўным і культурным цэнтрам, і ёсць каштоўнасці, якія не залежаць ад юбілеяў і дат. Што да выдання, то ідэю вы падалі добрую! Магчыма, да слаўнай даты прымяркую выданне свайго “Крыўскага кішэннага слоўніка”. Урыўкамі ён друкаваўся ў часопісах, яго можна будзе параўнаць з вядомым слоўнікам Вацлава Ластоўскага ці Хазарскім слоўнікам Міларада Павіча: гэты слоўнік — як мастацкі твор. Там шмат біяграфічнага, асабістага пра сяброў-літаратараў, класікаў літаратуры, якія нарадзіліся на паўночнай Беларусі, якую Вацлаў Ластоўскі называў: Крыўе.

— У 2003-м за кнігу “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі” вас ушанавалі прэміяй “Гліняны Вялес” — за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. А ў рэйтынгу вашых твораў на якім яна месцы?
— На першым, пэўна: бо яна мая любімая. Па гэты час ёсць тэлефанаванні, водгукі, лісты: зусім незнаёмыя людзі дзякуюць за кнігу. Гэта кранае. Нядаўна тэлефанавала жанчына з Тулы, пытала: з каго пісаў вобраз Кубліцкага? Можа, з яе сваякоў, бо і яна ж Кубліцкая... Дарэчы, праз выдавецтва “Мастацкая літаратура” ідзе да чытача працяг той гісторый, пад назвай “Лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. А ў выдавецтве “Галіяфы” пабачыць свет кніга з новымі прыгодамі Папялушкі — персанажа французкага фальклору: ”Папялушка праз дзесяць гадоў”.

— Вас яшчэ лічаць адным з пачынальнікаў жанру фэнтэзі ў літаратуры на беларускай мове. Ці развіваецца жанр у Беларусі?
— А ён у нас здаўна існаваў — у выглядзе літаратурнай казкі. Згадаем вершаваныя казкі Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, “Сярэбраную табакерку” Змітрака Бядулі... Няма ж розніцы вялікай паміж літаратурнай казкай і фэнтэзі. У прынцыпе, гэта адное і тое ж. Наш народ вельмі любіць казкі, казачную фантастыку, а магутны казачны эпас дае магчымасці інтэнсіўна развівацца жанру фэнтэзі.

Гутарку вяла Людміла Малей

На здымках:
Вокладка кнігі Пятра Васючэнкі
Пятро Васючэнка: пісьменнік, літаратуразнаўца, выкладчык
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter