Подбираем спортивный зимний инвентарь

Каціся хутчэй!

Сіноптыкі радуюць — будзе і сняжок, і лёгкі мароз. На вуліцы ярчэй свеціць сонца, і хочацца ўсё часцей вырывацца на свежае паветра. Катанне на снаўбордзе, лыжах, каньках — лепшы выбар для актыўнага зімовага баўлення часу. Але ж патрабуецца і адпаведная падрыхтоўка.

Фота Максіма Вечара

Лыжы

Здаецца, што тут складанага? Прыйшоў у спартыўную краму, прыкінуў свой бюджэт — і выбраў лыжы даспадобы. Плюс палкі, чаравікі і мацаванні да іх. Але не ўсё так проста: па-першае, трэба вызначыцца са стылем катання. Класічны ці канькавы? Бо класічныя лыжы больш мяккія, насы моцна загнутыя наверх, а канькавыя — больш пругкія. Канькавыя лыжы павінны быць на 10—15 сантыметраў вышэй вашага росту. Для “класікі” патрэбна розніца 25—30 сантыметраў. Палкі для канькавой хады павінны быць ледзь вышэй пляча, а для класічнай — упірацца ў падпахі.

Патрэбен і адпаведны абутак. Лыжныя чаравікі павінны сядзець на назе максімальна шчыльна, але не пераціскаць. Абавязкова звярніце ўвагу на пятку: яна павінна быць добра зафіксавана, інакш вы рызыкуеце нацерці балючыя мазалі. Пазбягайце няякаснага матэрыялу — на марозе ён так задубее, што чаравікі ператворацца ў “драўляныя калодкі”.

Горныя лыжы звычайна выбіраюць па наступнай формуле

1. Калі вы пачатковец і не замахваецеся на рэкорды Дар’і Домрачавай і Уле-Эйнара Б’ёрндалена, даўжыня лыж павінна складаць ваш рост мінус 20 см.

2. Калі вы дастаткова добра падрыхтаваны фізічна і збіраецеся сур’ёзна трэніравацца — ваш рост мінус 10 см.

3. А калі вы ўпэўнены ў сабе і зможаце засвоіць большасць схілаў — даўжыня лыж павінна быць роўная вашаму росту.

Канькі

Калі вы не збіраецеся на шоу “Ледніковы перыяд”, звярніце ўвагу на прагулачныя альбо хакейныя канькі. Прагулачныя канькі разлічаны на тых, хто проста хоча павольна катацца на катку і не плануе выпісваць складаныя “піруэты”.

Асноўнае адрозненне хакейных канькоў ад астатніх — павышаная “браня”. Яны абароняць нагу ад моцных удараў клюшкай ці шайбай. Таксама дапамогуць у гульні — хуткасць у іх набіраецца вокамгненна. 

Звярніце ўвагу на мацаванні. Самыя лепшыя канькі — са шнуроўкай. Пластыкавыя зашпількі хутка ламаюцца і горш фіксуюць нагу. Паглядзіце на лязо — яно павінна быць трывала прымацавана да чаравікаў. Перад тым як пайсці ў краму, абавязкова надзеньце альбо вазьміце з сабой шкарпэткі, у якіх плануеце катацца. Яны не павінны быць занадта тоўстыя і цёплыя. Надзеньце абодва канькі, зашнуруйце іх, пераканайцеся, што нага добра зафіксавана, калі яна будзе боўтацца — значна павысіцца рызыка атрымаць траўму.

Асноўныя правілы пры выбары канькоў
Фота Максіма Вечара


1. Выбірайце тып канькоў, аб’ектыўна ацэньваючы, дзе і як вы будзеце катацца.

2. Незалежна ад тыпу канькоў, купляйце мадэлі вядомых вытворцаў у спецыялізаваных крамах з добрымі ўмовамі захоўвання, дзе вам дадуць гарантыю на тавар.

3. Перш чым купіць, абавязкова прымярайце канькі.

4. Канькі павінны шчыльна сядзець на назе, але ў той жа час не ціснуць.

5. Завастрыце лязо канькоў пасля пакупкі.

Снаўборд

Снежная дошка сёння карыстаецца вялікім попытам. Снаўборды прадаюць на любы густ і кашалёк — для розных відаў катання. Лічыце, што лепш купіць танны снаўборд, бо яго не шкада “забіць”? Памыляецеся. На такой дошцы вы не толькі не адчуеце задавальнення ад катання, але і можаце атрымаць траўму.

Галоўны крытэрый выбару снаўборда — яго прызначэнне. Вызначыцеся, дзе вы будзеце катацца: на горным схіле ці гарналыжным курорце.

Флэт — гэта не толькі пра вечарыны. Так называецца роўная дошка, якая не мае прагібаў у цэнтры і на ўмацаваннях. Лепшы выбар для пачаткоўцаў-снаўбардыстаў. За кошт формы снаўборд даруе многія памылкі. Аднак для стромкіх разваротаў на высокай хуткасці такая дошка будзе не лепшым сябрам.

Рокер — дошка з прыпаднятымі бакамі і адметнай тэхналогіяй, па якой краі выгінаюцца хваляй. Дзякуючы гэтым асаблівасцям снаўборд выдатна кіруецца на любой хуткасці і тыпе схілу. Напрыклад, каб падняць нос, дастаткова проста перанесці вагу на заднюю нагу. На дошках-рокерах можна катацца нават па мяккім снезе.

Кембер — трохі прыпаднятая пасярэдзіне дошка. Ёй прыкметна лягчэй кіраваць на высокіх хуткасцях і пры пакарэнні трас з перашкодамі. Аднак памылак пачаткоўцам яны не даруюць — таму такія дошкі падыходзяць для больш крутых снаўбардыстаў, якія ўпэўнена сябе адчуваюць на схілах.

Мацаванні на дошцы бываюць двух відаў: першы варыянт фіксуе нагу з дапамогай папружак, другі — адшпільваецца пстрычкай, што больш зручна і хутка.

Галоўны крытэрый у падборы абутку — зручнасць. Нішто не павінна ціснуць і ствараць дыскамфорт. Лепш узяць варыянт з запасам у паўсантыметра. Мераць іх на тоўстыя шкарпэткі не трэба — толькі на тыя, у якіх вы будзеце катацца.

Галоўную ролю пры выбары дошкі іграе вага. Растоўку снаўборда трэба падабраць такім чынам, каб дошка не была занадта доўгая (гэта абцяжарыць катанне) ці кароткая (будзе недастатковая хуткасць).

КАМПЕТЭНТНА

Вікторыя Лук’янёнак, трэнер-выкладчык спартыўнай школы:

— Лыжы — адзін з самых адметных і захапляльных спосабаў актыўнага адпачынку. Да іх падбору варта падыходзіць уважліва. Сучасная пара лыж — не дзве драўляныя дошкі з выгнутымі насамі. Лыжы — хуткія і лёгкія, яны робяць працэс катання больш простым, прыемным і бяспечным.

Купляць танныя лыжы нікому не раю. Лепш вазьміце лыжы напракат і пакатайцеся ўдосталь. Выбіраць трэба толькі якасны інвентар. Цэны на прагулачныя лыжы пачынаюцца ад 90 рублёў, на бегавыя — ад 150.

Ці браць лыжы з засечкамі? Магу параіць іх пачаткоўцам, якія адчуваюць сябе на лыжах няўпэўнена. Гладкія лыжы будуць больш хуткія і лёгкія.

На чаравікі і мацаванні трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Цешыць, што бацькі ўжо не купляюць малым лыжы на выраст.

Важна з розумам падабраць адзенне для зімовых забаў. Яно ні ў якім разе не павінна перашкаджаць вашым рухам, важныя крытэрыі — цеплыня, зручнасць, непрамакальнасць.

І не лянуйцеся! Калі надвор’е цудоўнае, бярыце лыжы і выбірайцеся сям’ёй у бліжэйшы лес альбо парк атрымоўваць прыліў сіл і бадзёрасці.

ДАРЭЧЫ

Па рэкамендацыі Прэзідэнта ў нашай краіне будзе наладжана вытворчасць лыжаролераў, лыжных чаравікаў і ратракаў — спецыяльнага гусенічнага транспарту для падрыхтоўкі гарналыжных схілаў і лыжных трас. Мадэлі, якія цяпер вырабляе фабрыка “Целяханы”, больш падыходзяць для аматарскіх прабежак, а не для спорту. Тым больш вытворчасць лыж на фабрыцы ў параўнанні з савецкімі часамі знізілася ў 15 разоў. Выхад знойдзены — калабарацыя лыжнай фабрыкі “Целяханы” і абутковай кампаніі Marko можа вывесці вытворчасць лыжнай экіпіроўкі ў краіне на новы ўзровень. Плануецца, што спартыўны інвентар будзе ў чатыры разы таннейшы за імпартныя вырабы.

kristinahilko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter