Кацiўся вогненны вал

Засушлiвае лета 1992 года вынiшчыла шмат лясных угоддзяў, сенажацей i выпасаў. Не абмiнула бяда i Глускi раён. 11 жнiўня, у самы разгар уборачных работ, загарэўся лес паблiзу вёсак Калюга i Сельцы, а затым полымя, якое падганяў моцны вецер, перакiнулася на людскiя паселiшчы

Паўтара  дзесятка  гадоў  таму  датла  згарэлi  вёскi  Калюга  i  Сельцы 

Засушлiвае лета 1992 года вынiшчыла шмат лясных угоддзяў, сенажацей i выпасаў. Не абмiнула бяда i Глускi раён. 11 жнiўня, у самы разгар уборачных работ, загарэўся лес паблiзу вёсак Калюга i Сельцы, а затым полымя, якое падганяў моцны вецер, перакiнулася на людскiя паселiшчы. За якiх паўгадзiны не стала больш чатырох дзесяткаў дамоў. 

Ратавалiся ад пажару хто як мог, хаця двое ўсё ж згарэлi ў агнi. Вогненны смерч кацiўся на Макавiчы, Юзафова, Палянку... Калi б не своечасовая падмога, невядома, што было б i з iмi... 

— Я тады працаваў у сельскiм Савеце, — успамiнае мясцовы жыхар Iван Зубкевiч. — У абед заскочыў у сельмаг, каб прыкупiць прадуктаў. Не паспеў з таго магазiна выйсцi, як чую, крычаць: “Гарым!” Я кiнуўся да свайго дома. Насустрач дачка... Жонку, якая хварэла, вывелi. I больш нiчога не ўзялi. Згарэў дом, надворныя будынкi. Усё ператварылася ў попел. Потым знайшоў абгарэлыя астанкi гадавалага вепрука. Суседка кажа: “Дык, можа, можна есцi?” Якое там, выкiнуў. 

Адна карова ўратавалася – была на пашы. Да чаго разумная жывёла: зайшла ў ваду i нi з месца! Затое, калi прыйшоў за ёю, як яна раўла, не хацела iсцi. 

Дачка Раiса прыехала з Мiнска з поўнай сумкай рэчаў, вярталася назад у абпаленай сукенцы... 

А Мiкалай Бiзун ледзь сам не згарэў. У той дзень ён быў на працы пад Масцiшчам. Селi абедаць. А яго таварыш вазьмi ды закуры ля сцiрты. Мiкалай яго папракнуў: “Ты цi малы, цi дурны. Такая спякота, успыхне – i не заўважыш!” Таварыш узняўся, выйшаў на дарогу: “Мiкола, напэўна, ты прагаварыўся, недзе гарыць...” Мiкалай падняўся на ўзгорак i ўбачыў, што дым на Калюгу валiць. Хуценька сеў на веласiпед i што было моцы памчаўся да вёскi. Праз агонь. Але пранесла. 

А вось мацi i дачцэ Дзяшчэням, якiя не змаглi выйсцi з дому, не пашанцавала. Згарэлi... 

Казалi, што днi за тры-чатыры да пажару сабакi ў вёсцы вельмi вылi. I пацукi, якiх было нямала ў прыхлеўках, за тыдзень да трагедыi знiклi. Думалi, што iх нехта атруцiў. А яны, бачна, адчувалi бяду. 

На ўсю вёску i засталася цэлай толькi хата Аляксея Грыневiча. Можа, высокiя грушы, якiя раслi каля яе, не падпусцiлi агонь, а можа, пажарныя падаспелi (вада з метр на падлозе стаяла), а мо тое, што Грыневiчы ўжо тройчы дагэтуль гарэлi. Дом хоць i захаваўся, але так быў пашкоджаны, што нанава давялося яго адбудоўваць. 

Людзей, хто застаўся без жытла, рассялялi ў суседнiя вёскi да родзiчаў, блiзкiх. Пацярпеўшым аказвалася грашовая дапамога, выдзялялiся матэрыяльныя сродкi. Трагедыя ўскалыхнула ўсю Беларусь. На месцы пажару пабывала прадстаўнiчая ўрадавая дэлегацыя на чале з тагачасным прэм’ер-мiнiстрам Вячаславам Кебiчам. Было прынята рашэнне аб адраджэннi спаленых вёсак, забеспячэннi кожнай сям’i, якая пацярпела ад пажару, добраўпарадкаваным жыллём. 

Зрабiць гэта трэба было да першых замаразкаў. Вось чаму ўжо з першага верасня два з паловай дзесяткi будаўнiчых арганiзацый амаль з усiх раёнаў Магiлёўскай вобласцi, а таксама з Салiгорска, Светлагорска распачалi работы. 

Як расказваў удзельнiк тых падзей, галоўны спецыялiст аддзела па архiтэктуры i будаўнiцтву Глускага райвыканкома Iван Храпко, за кожнай арганiзацыяй быў замацаваны будаўнiчы аб’ект, за тэрмiнамi ўводу ў строй вёўся строгi кантроль. Было арганiзавана спаборнiцтва на лепшы дом. Будавалi дом i надворныя будынкi, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Панавала атмасфера гэткай прыўзнятасцi, таго, што робяць вялiкую i неабходную справу. Будматэрыялаў хапала. Настрою таксама. 

Адзiнае, што стрымлiвала будаўнiкоў, — частыя дажджы, бо восень, у адрозненне ад лета, выдалася мокрай. Узводзiлi дом, а потым яго, як маглi, прасушвалi. Тым не менш уклалiся ў тэрмiны. 

– Памятаю, — гаворыць Iван Паўлавiч, — на ўлазiны прыехаў прэм’ер-мiнiстр рэспублiкi Вячаслаў Кебiч, гаспадары выставiлi пачастункi, не абышлося i без самаробнай гарэлкi. Людзi выказвалi ўдзячнасць за тое, што iх не пакiнулi ў бядзе. Усе пагарэльцы атрымалi добра­ўпарадкаваныя катэджы. Папраўдзе, не верылася, што за такi малы час можна пабудаваць жыллё. 

Цяпер у вёсцы, акрамя дамоў, магазiн, ФАП, пакладзены асфальт. На месцы былых папялiшчаў узнiмаецца малады лясок. Вельмi прывабная мясцiна! Многiя жыхары Калюгi ўжо пенсiянеры. Аднак пустуючых дамоў няма. Праўда, сёй-той паспеў прыватызаваць жыллё, а дзве хаты разабралi i вывезлi ў другiя мясцiны. 

Цяпер вяскоўцы болей заклапочаны тым, дзе знайсцi прымяненне сваiм сiлам, бо нiякай вытворчасцi блiзка няма. Даводзiцца ездзiць на працу ў Сельцы цi на цэнтральную сядзiбу гаспадаркi – у вёску Калацiчы. Там, як сёння мяркуюць некаторыя, i трэба было будаваць жыллё пасля пажару. 

Хто ведае, можа, яно i так... Аднак тады б назаўжды страцiлi Калюгу. А так яна жыве. I, як здаецца, будзе жыць. Вунь пяць маладых сямей, у тым лiку дзве дачкi Пiнчукоў, пасялiлiся тут. I яшчэ адна неўзабаве плануе пераехаць сюды. Так што перспектыва ў вёскi ёсць... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter