У павільёне «БелЭкспа» адкрываецца мастацкая выстава «Сакавіцкія каты»

Каціная галерэя

Выстава ў павільёне «БелЭкспа» працягнецца да 14 сакавіка
Кошка жыве побач з чалавекам спрадвеку. Яе выявы можна сустрэць і на егіпецкіх папірусах, і на старажытных мазаіках. Баст, старажытнаегіпецкая багіня радасці і весялосці, малявалася ў выглядзе жанчыны з кацінай галавой. Вобразы катоў прысутнічаюць у культуры розных краін і эпох: кот вучоны, кот — здабытчык агню, кот Баюн... А чорны кот здаўна сімвалізуе таямнічую сілу. Пацвярджэнняў таму, што вобраз ката цікавы для творчасці, нямала — у фальклоры і выяўленчым мастацтве, літаратуры, мультыплікацыі, музыцы.


У пачатку тыдня ў павільёне «БелЭкспа» адкрываецца мастацкая выстава «Сакавіцкія каты». Упершыню гэты арт-праект быў прадстаўлены ў Мінску 10 гадоў таму і ўжо стаў традыцыйным вясновым святам для жыхароў і гасцей сталіцы. У гэтым годзе яго арганізатары — удзельнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў «Майстар» змянілі канцэпцыю выставы і запрасілі ўнесці свой творчы ўклад у стварэнне галерэі каціных вобразаў не толькі прафесіяналаў, а ўсіх, хто любіць гэтых жывёл і вясну, у тым ліку прапанавалі далучыцца і медыйным персонам. Сярод іх жадаючых адчуць сябе мастаком аказалася дастаткова. У гэтай частцы экспазіцыі – работы больш за паўсотні аўтараў, сярод якіх — літаратар Тамара Лісіцкая, спявачкі Ларыса Грыбалёва, Наталля Тамела, Галіна Шышкова, Венера, дызайнер адзення Наталля Поткіна. 

...На фота — буйным планам Кацярына Забянько ў абдымку з коткай. Тэлевядучая гаворыць: вельмі хацела паўдзельнічаць у праекце, але вось што-небудзь самой намаляваць або зрабіць аказалася не так проста. Таму выбрала для выстаўкі гэты выпадковы здымак. На ім нават котка чужая, але, разважыла Кацярына, яе рыжага ката пароды скотыш фолд многія ведаюць, няхай убачаць і гэтую пушыстую прыгажуню.

Спявачка Улада, не надта разлічваючы на ўласныя здольнасці ў маляванні, заклікала на дапамогу 11-гадовую мастачку Анастасію і тварыла пад яе кіраўніцтвам. У выніку — на карцінцы летуценны аранжавы коцік, які лунае ў аблоках над рознакаляровым горадам. Падобна на тое, што натхнялі абодвух аўтараў шагалаўскія шэдэўры.

А вось Аляксандра Кірсанава фатаграфію шыкоўнай белай кошкі Прынцэсы зрабіла сама. Партрэт атрымаўся выдатны. З гэтай прыгажуняй звязана цэлая гісторыя. Удзельніца дуэта «Аляксандра і Канстанцін» расказвае, што котка трапіла да яе ўжо дарослай, аднойчы прыйшла з вуліцы, увязалася за мамай спявачкі. Агледзела ўсе пакоі і балкон, мабыць, ацэньваючы жыллёвыя ўмовы, і… сышла. А на наступны дзень вярнулася і шчасліва пражыла ў сям’і Аляксандры і Канстанціна 14 гадоў.

Выстава ў павільёне «БелЭкспа» працягнецца да 14 сакавіка. Затым да канца месяца «Сакавіцкія каты» абсталююцца ў Палацы шахмат і шашак (вул. К. Маркса, 10), там вусатыя-паласатыя будуць прадстаўлены ў жывапісе, графіцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, ляльках мастакоў-прафесіяналаў. А ў канцы красавіка плануецца правядзенне дабрачыннага аўкцыёну з удзелам шэрагу выставачных работ, сродкі ад якога па традыцыі накіруюць на дзіцячы сацыяльны праект.

Ірына СВІРКО
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter