«Кастрычніцкі» на замку

У Магілёве з-за страт спыніў працу універмаг «Кастрычніцкі»

У Магілёве адной універсальнай крамай стала менш. «Доўга жыць» загадаў універмаг «Кастрычніцкі», які ў мінулым годзе адзначыў сваё 35-годдзе. Хаця дэфіцыту тарговых аб’ектаў у горадзе няма, для гараджан гэта стала сумнай навіной, бо тут яны маглі купіць усё неабходнае: ад бытавых дробязей да дамашняй тэхнікі.

«Кастрычніцкі» — адкрытае акцыянернае таварыства, і рашэнне аб закрыцці прынялі яго ўласнікі. Яны не змаглі забяспечыць нармальнае функцыянаванне ўнівермага, таму ў апошні час магазін прыносіў толькі страты, патлумачыў кіраўнік упраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шчалко.

Акцыянеры вырашылі здаваць памяшканні ў арэнду прыватным прадпрымальнікам. Гарадскія ўлады пагадзіліся з такім раскладам пры ўмове, што тут па-ранейшаму будуць прадаваць тавары пераважна айчынных вытворцаў. Зараз універмаг распрадае рэшткі тавараў, пасля чаго пачнецца рамонт памяшканняў. Плануецца, што ў адноўленым выглядзе гандлёвы аб’ект пачне працаваць ужо ў верасні бягучага года.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter