Кастрычнік абяцае быць музычным. Фольк-гурт “ДжамБіБум” запрашае ўсіх на канцэрт экалагічна чыстай музыкі ў Строчыцы

“ДжамБіБум” разам са сваімі сябрамі пры падтрымцы экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” ладзяць сумесны канцэрт “Музычны кастрычнік” 3 кастрычніка ў 15.00 у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.
Канцэрт “Музычны кастрычнік”, у якім акрамя “ДжамБіБум” будуць браць удзел гурты “Гаротніца”, “Кумалёнтрэ” і тэатр агню “Elemental”, — гэта жывы гук, феерычнае шоу з агнём, выдатны настрой і “экалагічныя” сюрпрызы для публікі, пра якія арганізатары загадзя не расказваюць.
Каменціруючы экалагічна-інфармацыйнае “аздабленне” канцэрта, удзельнік гурта “ДжамБіБум” Арцём Быстрык адзначыў наступнае: “Мы хочам, каб слухачы, якія прыйдуць на канцэрт і якія ніколі не мелі дачынення да экалагічнага руху, даведаліся, як можна зрабіць больш “экалагічным” сваё жыццё, робячы штодзённа амаль без усялякага напружання зусім нескладаныя рэчы, якія ў пераліку на колькасць дзён у годзе аказваюць адчувальны ўплыў на экалагічную сітуацыю ў нашай краіне і нават ва ўсім свеце”.
Слухачы будуць дастаўлены на канцэрт спецыяльнымі аўтобусамі з пляцоўкі на прыпынку “Гарадскі вал”. Трапіць у музей пад адкрытым небам можна і звычайнымі рэйсавымі аўтобусамі, што ад’язджаюць кожную гадзіну ад аўтобуснай станцыі “Паўднёва-Заходняя” ў кірунку Азярцо, Дубянцы, Гарадзішча, Заходнія могілкі (прыпынак — “Музей”).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter