Каштоўны экспанат

Збор гістарычнага музея папоўніўся картай «Lithuania»

Карта «Lithuania» канца XVI — пачатку XVIІ стагоддзя папоўнiла збор Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Карта «Lithuania» паходзіць са знакамітага Атласа Меркатара, складзенага вядомым фламандскім картографам, географам, гравёрам, выдаўцом XVI ст. Герхардам Меркатарам. Даная карта была надрукавана ў атласе 1623 года. На ёй паказана тэрыторыя Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Карта з’яўляецца надзвычай важнай і рэдкай аўтэнтычнай крыніцай, унікальнай для нашай краіны — у Беларусі вядомы толькі адзіны экзэмпляр карты больш ранняга выдання (1592—1602 гг.) і няма ніводнага экзэмпляра атласа.

Улічваючы аўтэнтычнасць карты «Lithuania», яе выключную рэдкасць, добры стан захаванасці, спецыялісты не сумняваюцца, што гэта новае папаўненне музейнага фонду — важкая інвестыцыя ў духоўнае развіццё ўсёй краіны і нацыі.

Набыць каштоўны экспанат стала магчымым дзякуючы падтрымцы кампаніі «Japan Tobacco International» (JTI). Як адзначыў у ходзе прэзентацыі карты «Lithuania» намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, падобнае супрацоўніцтва з’яўляецца яркім прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства, накіраванага на арганізацыю сумесных мерапрыемстваў па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны.

Нацыянальны гістарычны музей і капанія JTI супрацоўнічаюць з 2010 года, за гэты час было ажыццёўлена больш за 20 сумесных праектаў. Дарэчы, сёлета яны сталі пераможцамі ў намінацыі «Лепшая партнёрская дзейнасць» конкурсу «Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю» на Першым Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» ў Гродна.

На здымку: намеснiк мiнiстра культуры Беларусi Тадэвуш СТРУЖЭЦКI, намеснiк дырэктара Нацыянальнага гiстарычнага музея Беларусi Нiна КАЛЫМАГА и картограф Леў КАЗЛОЎ.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter