Нашай гiстарычна-культурнай спадчыне патрэбны прафесiйныя лабiсты

Каштоўнасцi праляцелi мiма спiса

Мінулы год павінен быў стать для Беларусі знакавым у пытаннях аховы нашай спадчыны на міжнародным узроўні. Наша краіна мела ўсе шансы ўпершыню трапіць у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. 

Фото hyser.com.ua
Каля пяці гадоў нашы спецыялісты рыхтавалі дасье пра Будслаўскі фэст, якое ў выніку атрымала назву «Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай». На восень была назначана 11-я сесія Міжурадавага камітэта нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая і павінна была прыняць рашэнне. 

Бангладэш — так, Беларусь — не. Уяўляеце? Пытанні, а дакладней заўвагі, былі і да адной краіны, і да другой. Да нашага элемента — тры. Усе вельмі дробныя. Да Бангладэш — больш і значна сур’ёзнейшыя. Але вынік вы ўжо ведаеце. Чаму ён такі? Ала Сташкевіч, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі, запэўнівае, што ў многіх краінах дзеля такіх спраў ствараюцца спецыяльныя структуры. У нас жа гэтым займаецца невялікі аддзел у складзе Міністэрства культуры, у супрацоўнікаў якога яшчэ шмат іншых абавязкаў. Патрэбна структура, якая будзе мэтанакіравана займацца толькі справамі ЮНЕСКА. А іх не так і мала, як можа паказацца на першы погляд. Вельмі шмат тэхнічнай работы, перакладаў. І, нарэшце, дзеля гэтай справы патрэбна асобнае фінансаванне. Прэзентацыйны фільм без грошай не зробіш, а ад яго якасці шмат што залежыць. 

Але спынім свой стогн. Лепш абмяркуем, ці ёсць у нас шансы ў гэтым годзе з’явіцца ў тым самым Рэпрэ­зентатыўным спісе. Вядома ж, на падставе рэкамендацый экспертнага савета ў бліжэйшы час будзе зроблена дапрацоўка дасье. Прадстаўленне яго ў ЮНЕСКА запланавана на наступны намінацыйны цыкл. Але як быць тым элементам спадчыны, у тым ліку і матэрыяльнай, якія стаялі наступнымі ў чарзе? У ЮНЕСКА ж жорсткія правілы — ад краіны адзін файл. Ужо амаль гатова дасье пад назвай «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай», чакае свайго часу Аўгустоўскі канал. Брэсцкі аблвыканкам распачаў работу па даследаванні пяці аб’ектаў драўлянага дойлідства Заходняга Палесся. З нематэрыяльных каштоўнасцей таксама ёсць што прапанаваць: творчасць майстроў-шапавалаў з Магілёўшчыны, абрад «Юр’я» на Гомельшчыне… 

Ды ледзь не ўсе сто з гакам нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, пры пэўнай падрыхтоўцы маглі б сабраць годнае дасье і прасіцца пад ахову спецыялізаванай установы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. 

Дарэчы, у мінулым годзе гэты самы спіс папоўніўся 35 элементамі. Што можна лічыць пацвярджэннем таго, што ў нашай краіне не сядзяць склаўшы рукі, а сапраўды шмат робяць па захаванні нематэрыяльнай спадчыны. Але ўсё гэта толькі ў межах краіны. Няўжо нам не патрэбны турысты, замежныя інвестыцыі і шмат іншага, чаму садзейнічае спіс ЮНЕСКА?

Няма сумненняў, трапіць туды мараць і дудары, і ткачы, і хлебапёкі, і ўсе астатнія. А каму ж пашчасціць? Зусім хутка збярэцца Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА па падрыхтоўцы і прасоўванні намінацый, якая і вызначыць, хто дастойны. Хаця мінулагодні вопыт паказвае, што прадстаўляць трэба таго, чыё дасье лепш падрыхтавана. І так будзе да той пары, пакуль у краіне не будзе створана структура, якая і павінна займацца выключна гэтай справай і лабіраваць (так-так, і гэтага не трэба хаваць) нашы інтарэсы ў міжнароднай супольнасці. Інакш так будзе і далей: спадчына краін трэцяга свету, нават з вазком заўваг, будзе трапляць пад ахову ЮНЕСКА, а мы будзем назіраць збоку.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter