Серыя кніг пра беларускую дыяспару з блізкага замежжа выйдзе ў Беларусі

Каштоўнасць прапановы

Прапанова Выдавецкага дома “Звязда” аб стварэнні кніг пра беларускую дыяспару стала адной з пераможных у конкурсе мерапрыемстваў падпраграмы “Беларусы ў свеце” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады. Выдавецкі дом ініцыяваў выпуск серыі кніг “Адрасы Беларусі ў свеце. Расія. Украіна. Краіны Балтыі”, прысвечанай беларускай дыяспары.

У Выдавецкім доме “Звязда” адзначылі: першая кніга серыі пабачыць свет ужо ў студзені 2017-га. Яе аўтар — вядомы журналіст і пісьменнік Алесь Карлюкевіч, нядаўна прызначаны намеснікам Міністра інфармацыі. Кніга “Сустрэчы з родным і блізкім: знаёмствы, адкрыцці, дыялогі” раскажа пра ўраджэнцаў Беларусі, якія праявілі сябе ў Расіі ў розных сферах дзейнасці: навуцы, культуры, адукацыі... Акрамя таго, у выданні сабраны аповеды пра расіян, якія нейкім чынам звязаны з Беларуссю. Як адзначылі ў рэдакцыі, гэта кніга — пра ўзаемапранікненні культур, узаемасувязі паміж брацкімі народамі.

У серыі запланаваны выпуск шэрагу кніг. Акрамя выдання пра беларусаў у Расіі, выйдуць кнігі пра беларусаў ва Украіне і краінах Балтыі. У тэкстах будуць прадстаўлены асобы, якія дасягнулі пэўных вышынь у сваёй сферы дзейнасці. Выданні дазволяць нанова адкрыць, вярнуць Беларусі імёны многіх годных людзей, незаслужана забытых на Бацькаўшчыне, адзначылі ў Выдавецкім доме “Звязда” .

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter