Карова ў цяпле — малако на стале

На Агату (18 лютага) узгадвалі, ушаноўвалі памерлых продкаў: бацькоў, дзядоў, прадзедаў, а святую Агаф’ю ў народзе назвалі Памінальніцай.

* Святую Агату лічылі ахоўніцай ад пажару. У дзень яе памяці асвячалі хлеб з соллю, які захоўвалі ў хатах як надзейны сродак ад полымя: “Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты”. Калі здараўся пажар, каб суцішыць полымя, асвечаныя на Агату хлеб з соллю кідалі ў агонь. Каб полымя сышло ў бок чыстага поля, хлеб з соллю маглі кінуць туды.
* Святая Агата стала народнай апякункай і заступніцай. У шматлікіх рэгіёнах яе ўшаноўвалі як апякунку хатняй жывёлы. У гэты дзень выконвалі шэраг перасцерагаючых (ахоўных) дзеянняў: у хляве вывешвалі старыя лапці, змазаныя дзёгцем (апроч усяго дзёгаць быў дэзінфекцыйным сродкам); жывёле давалі асвечаныя ў гэты дзень хлеб з соллю і прасілі: “Агата-кароўніца, сцеражы нашых каровак!”.
* У гэты дзень гаспадыні з асаблівай клапатлівасцю ставіліся да каровы. Шматлікія народы свету ўшаноўвалі кароўку-карміліцу як боскую недатыкальную істоту. У славян да каровы заўсёды былі клапатлівыя адносіны, яна заўсёды займала галоўнае месца сярод хатняй жывёлы: “селянін кароўкай жыве”, “карова на двары — ежа на стале”, “свойская цялушка лепш заморскай каровы”.
* Адсюль вынікае і шэраг правілаў узаемаадносін гаспадара і кароўкі:
— карову біць — малака не піць;
— карова ў цяпле — малако на стале;
— смятану любіш — любі і карову карміць;
— карова без мянушкі — мяса, і хутка яе зарэжуць;
— каб прададзеная карова не сумавала па былых гаспадарах, ёй неабходна было даць новую мянушку;
— набытую карову першы раз кормяць на пячной заслонцы;
— нельга ставіць даёнку на стул ці цэбар — “малако да вымені прыстане”, г.зн. знікне;
— падчас дойкі каровы побач не павінна быць пабочных асоб.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter