Семежевские «Цари» первыми вошли в Список нематериального культурного наследия ЮНЕСКО

«Карнавал» у вёсцы

Адбылося гэта ў 2009 годзе. Віншавальны абыходны абрад калядоўшчыкаў, які праводзіцца ў Семежаве Капыльскага раёна на Шчодрык, 13 студзеня, трапіў у спіс аб’ектаў, якім неабходна тэрміновая ахова. І нездарма. 



Да канца 1960-х гадоў ХХ стагоддзя абрад існаваў у аўтэнтычным выгля­дзе, пасля чаго быў забаронены на некалькі дзесяцігоддзяў.

У канцы 1990-х 
гадоў яго адрадзілі мясцовыя жыхары — абрад атрымаў другое жыццё. Аднак сёння існуе некалькі пагроз для яго існавання. Першая з іх, як паведамляе livingheritage.by, — гэта міграцыя насельніцтва вёскі: моладзь, якая з’яўляецца непасрэдным носьбітам абраду, з’язджае ў горад. Другая пагроза — адсутнасць цікавасці да спадчыны з боку часткі маладога пакалення семежаўцаў, якая ўспрымае абрад як нешта старое і неактуальнае. Між іншым «Калядныя цары» з’яўляюцца вельмі цікавым і ўнікальным абрадам — падобнага не сустрэнеш нідзе ў свеце. Таму яго і ацанілі міжнародныя эксперты. 

Па адной з версій паходжання абраду, у ХVІІІ стагоддзі ў Семежаве стаяў атрад рускай арміі, салдаты і афіцэры ў час Каляд хадзілі па вёсцы, віншуючы яе жыхароў невялікім прадстаўленнем, танцамі і спевамі, за што атрымлівалі ад семежаўцаў падарункі. Калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя хлопцы вырашылі працягнуць традыцыю — яны пачалі апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі вайсковую форму, і ў такім выглядзе сталі здзяйсняць калядныя абыходы. Гэта традыцыя захавалася да сённяшняга дня. 

Да «цароў», а менавіта такая мянушка замацавалася за хлопцамі-калядоўшчыкамі, далучаюцца даўнія беларускія маскі-персанажы Дзед і Баба, Лекар, Музыка і Барабаншчык, Механоша. Калядоўшчыкі выходзяць на вуліцу ўвечары. У руках нясуць запаленыя факелы, што надае працэсіі незвычайную відовішчнасць. Заходзяць у хаты, разыгрываюць невялікае жартоўнае прадстаўленне сустрэчы і бітвы «цароў», пасля чаго з’яўляецца Лекар і «лечыць» сапернікаў, прапісваючы ім жартоўныя рэцэпты. Напрыканцы прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў хаты і адорванне ўдзельнікаў абыходу.

Пасля таго як «Цары» былі ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, паглядзець на абрад прыязджаюць не толькі з усіх рэгіёнаў краіны, але і з-за мяжы. Мясцовыя жыхары і аматары народнай культуры спадзяюцца, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, абрад будзе жыць яшчэ не адзін год. 

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter