«Кармэн» прыедзе ў Нясвіж

Нясвіж рыхтуецца да «Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў»

Амаль 300 артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета прымуць удзел у штогадовым фестывалі «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» у Нясвіжы 20—22 чэрвеня. Музычнае свята пройдзе на некалькіх пляцоўках: ва ўнутраным двары і тэатральнай зале замка, гарадской ратушы, а таксама касцёле Божага Цела. Чакаецца, што паглядзець спектаклі змогуць 1,5 тысячы чалавек.

У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі некалькі прэм’ер. Аматары оперы змогуць атрымаць асалоду ад шэдэўра Антоніа Сальеры «Спачатку музыка, потым словы», а паклоннікі харэаграфічнага мастацтва ўбачаць прэм’еру гэтага тэатральнага сезона — вечар балета «Са стагоддзя ХIХ у стагоддзе ХХI». Упершыню ў Нясвіжы пакажуць «Кармэн» Жоржа Бізэ — знакавы для тэатра спектакль. Менавіта з гэтай пастаноўкі ў 1933 годзе і пачалася гісторыя Вялікага. Тады партыю непакорнай цыганкі выканала легендарная Ларыса Александроўская.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter