Карлоўскаму нiхто не пiша

Отшельник из Буда-Кошелевского района уже 62 года живет без воды, газа и паспорта

Пасёлку Любень Чыбатовіцкага сельскага Савета даволі ўмоўна можна нада­ць статус населенага пункта. Тут застаўся адзіны дом і адзіны жыхар, які не мае намеру пакідаць сваю малую радзіму. Тут няма ЛЭП, сюды не падведзены газ і вада, аднак Віктар Карлоўскі змог наладзіць вытворчасць мёду і арганізаваць «пункт рамонту» для навакольных вёсак. Карэспандэнт «Р» на свае вочы пераканалася, што жыць можна, абыходзячыся мінімумам рэчаў.

Свой родны дом пустэльнік пакідаць не жадае.

Знайсці Любень цяжкавата. Пасля Рудні-Альхоўкі навігатар пачынае блытацца ў шматлікіх дарожках праз кукурузнае поле. Зрабіўшы трэці круг, тэлефануем гаспадару. Добра, што знаходзіцца ён у гэты момант менавіта каля тых бяроз, дзе ловіць сувязь. У трубцы чуецца спакойнае:

— Зараз я за вамі прыеду!

Праз некалькі хвілін разам з намі спыняецца матацыкл. Віктар усміхаецца:

— Давайце за мной, тут нядоўга.

Новы заказ майстру — адрамантаваць матацыкл.

Шлях да вёскі Рудня-Альхоўка праз лес і поле для яго звыклы. Сюды раз-пораз ён прыязджае да аўталаўкі за неабходным мінімумам: каўбасой, крупамі ды хлебам. За павадыром рухаемся не больш за сем хвілін – і нас сустракае надта прыгожы лес. Зразумець, што трапіў у Любень, можна толькі па нечакана ўзніклай з-за паварота хаце. Ніякіх указальных таблічак, толькі сіняя лічба «4» на сцяне.

— Раней у той бок дамоў шэсць было і ў другі не менш, — праводзіць «экскурсію» па зніклай вёсцы Віктар.

Насупраць варот – калодзеж з тра­дыцыйным беларускім жураўлём. Адзіная крыніца вады для гаспадара. Дзіравае вядро прапускае струмені, і пустэльнік падштурхоўвае:

— Піце хутчэй, вада тут цудоўная!

Калодзежнай вады хапае і на мыццё, і на стравы.

Пасля запрашае да сябе. У гэтым доме ён нарадзіўся, вырас і жыве дагэтуль. Бацькі былі людзьмі малаадукаванымі і сына вырашылі забраць са школы пасля другога класа. Віктар успамінае, што за гэта іх нават спрабавалі пазбавіць бацькоўскіх правоў, аднак тыя адстаялі магчымасць хатняга навучання. Уменне чытаць, лічыць, рабіць аконныя рамы і рамантаваць тэхніку ён засвойваў адначасова. Затое зараз на ўсю ваколіцу Віктар – лепшы майстар. Да яго вязуць «паглядзець» веласіпеды, матацыклы і нават гармонікі. Кажуць, пасля работы народнага майстра ўсё як новае. А сам ён незадаволены апошнім заказам і, хвалюючыся, праводзіць да чар­говага «жалезнага каня».

— Штосьці не тое са шчапленнем. Не магу пакуль зразумець…

Запарожац нягледзячы на ўзрост на хаду.

Сам Віктар – уладар нядрэннага аўта­парку: пад павеццю «Запарожац», у гаражы «Форд». Усё ў рабочым стане.

Галоўны скарб – вуллі. Гэта і найвялікшая цікавасць пустэльніка, і асноўны спосаб заробку. Па яго мёд прыязджаюць нават з Гомеля.

— У мяне найлепшы, сапраўдны мёд. Не рапсавы там нейкі, не ліпавы – з ліпы пчолы мала нясуць.

Работа з дзясяткам вулляў займае амаль увесь час.

Словы гаспадар пацвярджае справай і прыносіць нам у падарунак цэлую свежую рамку. З пчоламі ён праводзіць амаль увесь дзень. Агарод не засявае, на яго не хапіла б часу. З жывёл толькі пеўнік, які ўжо даўно выконвае ролю гадаванца замест ката ці сабакі. Двор зарос пустазеллем, але Віктар паціскае плячыма:

— Мне не перашкаджае, батарэю не перакрывае.

Сонечная панэль, якую прывёз сваяк з Санкт-Пецярбурга, – адзіная крыніца электрычнасці. Да бліжэйшай ЛЭП адсюль не менш за кіламетр. За дзень акумулятар збірае энергію, якой хапае на восем гадзін работы тэлевізара ці на пяць, калі глядзець DVD. Астатнія бытавыя пытанні Віктара моцна не турбуюць.

Дзённага зараду хапае на восем гадзін працы тэлевізара.

— У мяне ёсць печка. Ежу раблю ў чыгунках, там і ваду грэю, калі трэба памыцца.

— Вам дапамога якая-небудзь патрэбна?

— У мяне ўсё ёсць, — усміхаецца пустэльнік.

У сельсавете пра незвы­чайнага жыхара ведаюць добра, толькі ён ні аб чым улады не просіць, нават не прымае дапамогу па афармленні пашпарта. Без галоўнага дакумента Віктар Карлоўскі пражыў усё жыццё.

Гэты гармонік Віктар зрабіў сам.

— А навошта ён мне? Толькі калі за мяжу трэба, а я ж тут заўсёды.

Падарожжы Вік­тара абмя­жоў­ваюцца Гомелем, Жло­бінам і Буда-Кашалёва. Га­рады яму не даспадобы, жыць там ён не зможа. А пераязджаць у іншую вёску сэнсу не бачыць.

— Нашто? У мяне тут радзіма, я тут з самага дзя­­цінства, прывык. Пры­го­жа, ціха, ёсць чым ды­хаць. Ваўкі да мяне не прыходзяць. Відаць, баяцца. А калі будзе сумна, пайду ў госці. І да таго ж, як з’ехаць, на каго я тады пчол кіну?

Фота Івана КУЗМЯНКОВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...