Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Унікальны старадаўні вясельны абрад з Заходняга Палесся быў прадстаўлены ў Музеі беларускага народнага мастацтва

Каравай — на шчасце маладым

Ручнікі, хусткі, абразы, каравай, вянкі, званочкі… Усё тут мае асаблівае значэнне, свой магічны, сакральны сэнс. Ніводнай лішняй рэчы няма на выставе “Вяселле Заходняга Палесся”, што днямі адкрылася ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў вёсцы Раўбічы. Захапляльную экскурсію па выставе праводзіла яе складальніца, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржмузея народнай архітэктуры і побыту Наталля Гермацкая. Гаварыла так вобразна і яскрава, што падалося мне: сапраўды ўдзельнічаю ў абрадавых дзеях. “Ажыўлялі” экспазіцыю і такія модныя сёння інтэрактывы, як танцы вакол “нявесты” са “свякрухай” ды гасцямі, фотасесія з вясельнымі вянкамі...

У вясельным абрадзе шмат асаблівых рысаў
Кацярына Мядзведская

Заходняе Палессе — унікальны рэгіён. Там і па сёння захавалася шматгранная старажытная культура: фальклор, традыцыі ды абрады, промыслы і рамёствы. “На Палессі захаваўся і архаічны вясельны абрад са шматлікімі магічнымі рытуальнымі дзеяннямі, яркім каравайным абрадам, — казала Наталля. — А праводзілася гэта ўсё для таго, каб зрабіць шчаслівым жыццё маладых”. Там яшчэ да сватання існаваў абрад “Пярэпыты”: перапытвалі, ці згодна маладая выйсці замуж за хлопца. Рабіла тое звычайна сваха. І адзенне ў яе было яркае, з асаблівым галаўным уборам — з рожкамі, кветкамі альбо пер’ем. Часам прыходзіў “пытаць” і сам жаніх. Якраз на тым этапе мог атрымаць гарбуза: адмову. Калі ж нявеста была згодная, то на “Прадмове” рабіла падарункі: будучаму свёкру — ручнік, а свякрусе — хустку.

Знакавымі былі “Запоіны” з галоўнай абрадавай стравай: яечняй. Пра нявесту казалі, што яна “запіта” або “заедзена яечняй” да іншага роду, і з таго моманту яна ўжо не магла адмовіцца ад вяселля. Дарэчы, і ў адной з песень “Песняроў” ёсць словы “Заручоная і запітая…” Пасля маладая — на выставе яна прадстаўлена з павязаным на руку ручніком — запрашала гасцей на вяселле: калі ў хаце былі яшчэ незамужнія дзеўкі, то яна цягнула ручнік па падлозе: каб і сяброўкі хутчэй замуж павыходзілі.

Само ж вяселле пачыналася з каравайнага абраду, які доўжыўся цэлы дзень. Караваі пяклі, дарэчы, і ў хаце маладой, і ў маладога. Рашчыняць каравай і пячы яго маглі не ўсе. Галоўнай каравайніцай была хросная маці, астатнія жанчыны — усе замужнія, шчаслівыя лёсам, добрыя гаспадыні дый пявунні знатныя. На выставе прадстаўлены муляж каравая з вёскі Бездзеж Драгічынскага раёна Брэстчыны. Бывала, ставілі ў печ каравай у вялізнай форме, а ён вырастаў так, што дастаць яго было немагчыма. І тады разбіралі печ... Бо ламаць каравай нельга: ён — сімвал жыцця маладых.

А старажылы палескіх вёсак дагэтуль упэўнены: можна ў царкве не вянчацца, але правесці каравайны абрад — абавязкова!

Удзельніцы вернісажу ў нацыянальных строях з розных рэгіёнаў Палесся
Кацярына Мядзведская

Пасля застолля ў доме маладой жаніх забіраў нявесту на вянчанне. Ехалі з гасцямі на 4-5 павозках, а далёка па навоколлі разносілася музыка бомаў. І гэта мела магічнае значэнне: звоны адганялі нячыстую сілу. На самім жа вяселлі “ачышчалі прастору ”скрыпка, бубен, дуда... А каля варот маладых сустракалі бацькі, на выставе апранутыя ў святочныя строі Століншчыны. Маці маладога частавала ўсіх мёдам і запрашала ў хату. Туды ж прывозілі й куфар нявесты з пасагам, які яна рыхтавала з 12-14 гадоў. А ў ім — абрусы, пасцельная бялізна, коўдры, пакрывалы, ручнікі, кашулі: усё для будучага жыцця.

І то былі апошнія хвіліны, калі нявеста магла пахваліцца вянком і касой. На Заходнім Палессі быў абрад “Пакрывала зняць”. Яго і правялі ў Раўбічах для гасцей. “Свякруха” замест вянка завівала намітку і накідвала на галаву маладой хустку. Сэнс дзеі: маладая павінна была знікнуць на нейкі час, каб потым з’явіцца ў новай іпастасі — жонкі. Пасля маці маладога зрывала пакрывала і танчыла разам са свашкамі вакол нявесткі, перадаючы адна адной хустку. Такім чынам яны прымалі дзяўчыну ў свой гурт — жонак.

Асобная частка выставы ў Раўбічах мае назву “Экспедыцыйныя фотазамалёўкі Заходняга Палесся”. Ёсць сярод іх фотаздымкі жанчын у традыцыйных святочных строях 1920-30 гадоў. Зазняў іх у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна ў 1984 годзе вядомы этнограф Міхась Раманюк. Іншыя здымкі належаць супрацоўнікам Музея народнай архітэктуры і побыту Ганне Фурс і Алесю Крыштаповічу, якія зладзілі пастановачную “фотасесію” маладых людзей у вясельных строях 1920-х гадоў у вёсках Хабовічы Кобрынскага і Бездзеж Драгічынскага раёнаў. Экспедыцыя тая была ў 1985-м. Тады ж традыцыйнае адзенне, якое належала мясцовым жыхаркам, было перададзена ў музей. А праз 30 гадоў некаторыя элементы касцюмаў зноў пабачылі свет на вясельнай выставе. Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена 10 заходнепалескіх святочных строяў канца ХІХ — сярэдзіны ХХ стагоддзяў.

Дагэтуль выставачны праект Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту “Вяселле Заходняга Палесся” з поспехам экспанаваўся ў Музеі народнага побыту Літвы. Плануецца, што ў Раўбічах выстава будзе да канца красавіка, пасля пераедзе ў Віцебск.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 8 (3512), чацвер, 23 лютага , 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter