Караван сяброўства

Сёння ў пяты ўжо раз збіраецца ў старажытным Гродне Усе- беларускі фестываль нацыянальных культур. Ён праводзіцца кожныя два гады, а на працягу гэтага часу крочыць па ўсёй краіне і збірае лепшыя таленты розных народаў, каб пасля прадэманстраваць іх на заключным яркім свяце творчасці і сяброўства.
Прадстаўнікі звыш ста нацый і народнасцей пражываюць сёння ў нашай краіне. І беларуская дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця ўсіх сваіх нацыянальных суполак. Своеасаблівым мастацкім сімвалам яднання, духоўнага багацця і разнастайнасці нацыянальных культур стаў фестываль у Гродне, рэспубліканскі аргкамітэт якога ўзначальвае намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Уладзімір Дражын. Дарэчы, фестывальнай сталіцай горад Гродна прызнаны невыпадкова. На працягу стагоддзяў у ім мірна суіснавалі, развіваліся і ўзаемна ўзбагачаліся культуры розных народаў. Атмасфера нацыянальнай згоды і міру пануе тут і сёння. Сёлета ў заключных мерапрыемствах фестывалю прымуць удзел звыш 800 прадстаўнікоў 24 нацыянальнасцей, асобныя выканаўцы, самадзейныя і прафесійныя калектывы. Але жадаючых паказаць сваё майстэрства, засведчыць адметнасць сваёй нацыянальнай культуры было значна больш. 66 населеных пунктаў краіны – 38 гарадоў і 28 вёсак — прадстаўлялі сваіх самадзейных артыстаў на абласных этапах фестывалю. Для таго, каб адабраць з іх самых лепшых і дастойных, працавала кампетэнтнае журы на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Дрынеўскім. Дарэчы, як адзначаюць спецыялісты, не толькі колькасць, але і ўзровень выканальніцкага майстэрства аматарскіх калектываў у параўнанні з мінулым фестывалем значна ўзраслі. Да таго ж далучыліся да яго шмат дзяцей, што сведчыць аб пераемнасці і цікавасці да мастацкіх традыцый у нацыянальных супольнасцях Беларусі. З 4-га па 6 чэрвеня ў Гродне зноў расцвіце сімвалічная кветка сяброўства – беларускі васілёк з рознакаляровымі пялёсткамі. Па традыцыі на тры святочныя дні разгорнуцца ў горадзе нацыянальныя падворкі, дзе будуць спяваць, танцаваць, знаёміць гасцей з народнымі звычаямі, гульнямі і асаблівасцямі нацыянальнай кухні – азербайджанскай, рускай, армянскай, цыганскай, польскай, яўрэйскай, татарскай, літоўскай... Упершыню ў сёлетняй праграме фестывалю свята нацыянальнага кіно, паэзіі, духавой музыкі, выстаўка мастакоў. Ва ўсіх творчых імпрэзах будзе шырока адлюстравана тэма перамогі і 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter