У белорусских оленей начался гон

Каралі асвейскага краю

Фота Максіма Вечара


У  верасні і напачатку кастрычніка пералескі і ўзвышшы Асвейшчыны агалошваюцца гучнымі і грознымі рыкамі высакародных аленяў — быццам бы статныя жывёлы трубяць у вялікія нябачныя горны. Гэта гудуць самцы — уладальнікі карон з галінастых рогаў. У ціхую бязветраную раніцу равучых аленяў можна пачуць за некалькі кіламетраў. У басавітых нотах — сіла і адвага, нястрымны запал і бясстрашша, жорсткасць і бязлітаснасць. А магчыма, і гукі пяшчоты і суму, смеху і плачу... Паспрабуй разбярыся ў шматгалоссі дзікай прыроды.

Фота Максіма Вечара

Калі на асвейскіх пагорках з’яўляюцца сілуэты моцных і грацыёзных жывёл, здаецца, што наваколле ажывае, робіцца рухомым, дынамічным. Гэта азначае, што ў хутканогіх пачаўся гон — час вяселляў. Павінуючыся поклічу сваіх продкаў, алені збіваюцца ў статкі і змагаюцца за першынство, за права прадаўжаць род. Прага быць першымі і лепшымі робіць прыгожых, добрых і надзіва асцярожных жывёл бясстрашнымі рыцарамі і ваярамі. Нярэдка іх сутычкі заканчваюцца трагічна. Але такі ўжо закон “джунгляў” — перамагае мацнейшы.

Фота Сцяпана Бамбізы

Сапраўдная ўдача — убачыць бойку самых смелых і адважных самцоў за лідарства над “жаночай паловай” аленевай папуляцыі. І, вядома, пачуць голас пераможцы. Дарэчы, у моманты, калі алень падае свае пазыўныя, ён страчвае пільнасць, да яго няцяжка падкрасціся на лічаныя метры, каб паназіраць і зрабіць эксклюзіўныя фотаздымкі.

Фота Аляксея Сталярова

Яшчэ нядаўна на берагах азёр Асвея і Лісна, якія знаходзяцца ў Верхнядзвінскім раёне, і на лясной тэрыторыі заказнікаў “Асвейскі” і “Чырвоны Бор” не было такой папуляцыі высакародных аленяў. Дзякуючы планавай і скрупулёзнай працы мясцовай паляўнічай гаспадаркі прырода набывае сваё першапачатковае аблічча. Галасы аленевага гону можна пачуць далёка ад гэтых месцаў.

Фота Аляксея Сталярова

Максім ВЕЧАР

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter