Каралева вішня

Зараз нараканняў на надвор’е няма. І сонейка, і дажджоў удосталь. Ураджай садавіны і гародніны будзе выдатны! У садах галінкі дрэў нахіляюцца да зямлі пад цяжарам пладоў. Бясспрэчна, зараз каралева падворкаў і садоў — вішня. Час напаўняць кошыкі і вёдры сакавітай прысмакай.



Калі варэння поўна, кампоты звараны, маразільнік запоўнены ягадамі, а лішкі ўраджаю ўсё роўна засталіся, можна адвезці іх у прыёманарыхтоўчы пункт. У кожным раёне ў гарачы сезон працуюць у сярэднім ад 3 да 10 сезонных кропак. У райспажыўтаварыствах Мінскай вобласці за кілаграм вішняў дадуць 1 рубель 50 капеек.

А вось купіць ягадку з кіслінкай на сталічнай Камароўцы можна за 3 рублі 50 капеек за кілаграм, а ў маленькіх гарадах ці ўздоўж дарог увогуле можна ўбачыць 10-літровае вядзёрка за 14 рублёў.



Вішня — адно з галоўных пладовых дрэў краіны. Нядзіўна, што ў беларусаў так шмат гатункаў. 

— Папулярная навінка — вішня “Канфіцюр”. Яна ідэальна падыходзіць для духмянага варэння. Нельга не ўзгадаць насычана чырвоную “Жывіцу”. Вывелі яе ў 2002 годзе дзякуючы скрыжаванню ранняй іспанскай вішні і нямецкай чарэшні, — распавядае пра новыя гатункі Зоя Казлоўская, прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук, загадчыца лабараторыi рэсурсаў пладовых, арэхаплодных культур i вiнаграду РУП “Інстытут пладаводства” НАН.

Асабліва смачнымі лічацца “Ласуха”, “Нясвіжская”, “Мілавіца”, “Вянок”. Але якімі б выдатнымі ўласцівасцямі ні валодалі вішні, на жаль, у нашых умовах яны даволі ўспрымальныя да грыбковых хвароб. Таму важна праводзіць апрацоўкі дрэў пасля цвіцення, але да моманту паспявання пладоў, калі завязь маленькая, памерам з гарошыну.




Пры належным доглядзе і выкананні пэўных тэхналогій ураджай вас не расчаруе. Навуковец запэўнівае — беларускія гатункі вішань нічым не саступаюць “замежнікам”. Наадварот, па якасці, карысных уласцівасцях і смаку толькі выйграюць.

Дарэчы, хочаце трапіць у вішнёвы рай? Прыязджайце на Глыбоччыну. Акурат у гэтыя дні тут у шосты раз праходзіць міжнародны “Вішнёвы фестываль”. Гасцей чакае казачнае шэсце з удзелам Вішнёвай каралевы, этнавечарына, конкурс баяністаў, выстава-кірмаш работ народных майстроў, прэзентацыі і майстар-класы па вырабе сувеніраў і шмат іншых цікавостак.



Першыя акорды фестывалю, прысвечаныя вітаміннай ягадцы, упершыню загучалі тут у 2013 годзе. У гонар прыгажуні вішні ў цэнтры горада ўсталявалі адметную скульптуру. Цяпер “чырвоныя рубіны” зіхацяць не толькі ў чэрвені-ліпені, але і круглы год. Тут нават прыдумалі павер’е: дакранешся да ягадак — жаданне споўніцца. Яны ўжо так ззяюць, што няма сумневу — прымета працуе.

У Глыбокім нездарма ладзяць вішнёвы фэст, які збірае гасцей са ўсяго свету. У 20—30-я гады пазамінулага стагоддзя селекцыянер Баляслаў Лапыр, ураджэнец раёна, вывеў уласныя зімаўстойлівыя гатункі — гібрыд вішні і чарэшні з салодкімі, сакавітымі і буйнымі пладамі. Сёння прыгожыя пладаносныя дрэвы можна ўбачыць літаральна на кожным падворку.



Фота аўтара і БЕЛТА

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter