Икона Божьей Матери Логишинской более трех веков защищает белорусов

Каралева Палесся

catholic.by
Сёння ў мястэчку Лагішын на Піншчыне распачынаюцца традыцыйныя ўрачыстасці, прысвечаныя ўшанаванню Маці Божай Каралевы Палесся. Сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй яны будуць больш сціплымі, чым звычайна, паведаміў кусташ санктуарыя ксёндз Тадэвуш Шэшка. Але гэта не змяншае ні важнасць свята, ні любоў вернікаў да Палескай Мадонны.

Цудатворны абраз з выявай Маці Божай, якая трымае на руках Дзіцятка Езуса, з'явіўся на Лагішынскай зямлі ў час Паўночнай вайны. Адзін з вайсковых аддзелаў затрымаўся ў Лагішыне. Афіцэр Галабурда, які вёз з сабой абраз, застаўся на начлег у старасты гэтай мясцовасці Малішэўскага. Ікону, загорнутую ў палатно, ён паставіў каля дзвярэй у сенях. І калі паступіў раптоўны загад рушыць у паход, забыўся пра яе, так і пакінуўшы там стаяць. Такім чынам ікона знайшла новы дом, а палешукі — любімую Маці.

Людзі паверылі ў цудадзейнасць абраза Маці Божай Каралевы Палесся неўзабаве пасля яго з'яўлення ў Лагішыне. У вёсцы адбыўся страшны пажар. Агонь паглынуў многія дамы вакол касцёла, але сама святыня ўцалела. Мясцовыя жыхары вераць, што храм захавала Палеская Мадонна.

Драўляны касцёл, у якім доўгі час знаходзіўся абраз, быў пабудаваны ў Лагішыне ў 1634 го­дзе дзякуючы намаганням пінскага старасты Станіслава Альбрэхта Радзівіла. Больш за два стагоддзі служыў касцёл вернікам. Аднак пасля паўстання Кастуся Каліноўскага быў перададзены разам з цудадзейным абразом праваслаўным вернікам. Лагішынскія католікі засталіся без святара, храма, абраза… Але гэта не перашкаджала ім маліцца, збіраючыся разам па хатах, і верыць, што калісьці для іх наступяць больш светлыя часы.

catholic.by
Права збудаваць касцёл вернікі атрымалі толькі праз 40 гадоў — у 1905-м, калі быў выпушчаны царскі талерантны ўказ, паведамляе radiomaria.by.

Мясцовыя католікі вельмі хацелі мець свой храм і для яго будаўніцтва сталі прыносіць усё, што мелі: муку, курыныя яйкі, гліну… Праз некалькі гадоў сумесных намаганняў будаўнічыя работы былі скончаны. У католікаў з'явіўся прыгожы велічны храм у неагатычным стылі — 14 ліпеня 1913 года яго асвяціў біскуп Магілёўскай дыяцэзіі Вінцэнт Ключынскі. Адно непакоіла вернікаў — абраз Каралевы Палесся па-ранейшаму знаходзіўся ў праваслаўнай царкве.

І вось аднойчы парафіяне не вытрымалі — таемна вынеслі ікону з царквы. Некалькі разоў праваслаўныя судзіліся з католікамі. І кожны раз аспрэчванні вырашаліся на карысць апошніх — суд патрабаваў вярнуць абраз у касцёл, паколькі ён першапачаткова знаходзіўся там. У 30-х гадах мінулага стагоддзя ікона была адноўлена і ўрачыста змешчана ў галоўным алтары каталіцкай святыні.

Культ Маці Божай Каралевы Палесся з кожным годам толькі пашыраўся. У 1990-х арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтак атрымаў дазвол ад Яна Паўла II на каранацыю абраза. Вялікая ўрачыстасць, прысвечаная гэтай важнай падзеі, адбылася на тэрыторыі Лагішынскага касцёла 10 мая 1997 года. Свята сабрала некалькі тысяч вернікаў і святароў з усіх дыяцэзій Беларусі.

Шмат людзей прыходзяць пакланіцца Маці Божай Лагішынскай і падчас штогадовых урачыстасцей, якія адбываюцца 21—22 жніўня. Кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся ксёндз Тадэвуш Шэшка распавядае:

— Штогод да нас прыходзяць пешыя пілігрымкі з Баранавіч, Бярозы, Івацэвіч... Акрамя гэтага, многія вернікі прыязджаюць на аўтамабілях, аўтобусах, веласіпедах, іншых відах транспарту. Збіраецца не менш за тысячу чалавек! Аднак сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй урачыстасць пройдзе больш сціпла. Мы адмовіліся ад пілігрымак, паколькі не хочам рызыкаваць здароўем ні паломнікаў, ні парафіян, якія звычайна бяруць прыезджых на начлег. Таму арганізуем свята ў першую чаргу як прыходскі фэст. Але будзем рады і гасцям. Выконваючы рэкамендацыі Мінздрава, спецыяльна падрыхтавалі палявы алтар — каб маліцца вялікай колькасцю людзей не ўнутры храма, а на свежым паветры. Нагадалі ўсім, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, не забываць аб неабходнасці захавання санітарных норм і выкарыстання масак.

radiomaria.by

Распачнецца свята сёння вячэрняй імшой. Заўтра запланаваны гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі з самай раніцы, святая імша на польскай мове — а 8-й гадзіне, святая імша з удзелам хору Spe Salvi — а 10-й гадзіне. У 12:00 пачнецца канцэрт хрысціянскай музыкі з удзелам маладзёжнага гурта «Ты і я» з парафіі св. Бенядзікта з Пінска.

— Я служу ў Лагішыне трынаццаты год, — расказвае ксёндз Тадэвуш Шэшка. — Бачу, як шмат людзей любяць і паважаюць Каралеву Палесся. Просяць яе аб здароўі, вызваленні ад алкагалізму, супакоі ў сем'ях. Маці Божая выслухоўвае малітвы вернікаў, выцірае ім слёзы, дадае сілы… І праз некаторы час людзі прыхо­дзяць у касцёл зноў і, становячыся на калені, дзякуюць за дапамогу.

Каралева Палесся не пакідае без увагі ні адну шчырую малітву. І пакланіцца ёй сёння спакойна прыходзяць хрысціяне розных канфесій — усе гістарычныя непаразуменні засталіся далёка ў мінулым

Пакланіцца Валадарцы Азёраў


21—22 жніўня адбудзецца яшчэ адна вялікая падзея для каталіцкіх вернікаў — штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе. Сёння ўвечары вернікаў чакаюць ружанцовая малітва, святая імша і канцэрт арганнай музыкі ў выкананні салісткі канцэртнага зала Сафійскага сабора заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай. У заўтрашняй праграме — святая імша перад абразом Маці Божай, ружанцовая малітва і ўрачыстая святая імша на палявым алтары.

У ТЭМУ

Чаму карануюць абразы

Папскімі каронамі ўпрыгожваюцца асабліва шанаваныя і праслаўленыя шматлікімі ласкамі святыя выявы. Гэта традыцыя вядома з пачатку XVI стагоддзя. На беларускіх землях першым каранаваным абразом стала ікона Маці Божай Жыровіцкай. Яе каранацыя адбылася ў 1730 годзе. Сёння святыня знаходзіцца ў праваслаўным Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter