Каралева пакутлiвай праўды

Кожны раз, трапляючы ў Гродна, я абавязкова падыходжу да гэтага блакітнага доміка. І хаця ведаю, што гаспадыня пакінула яго даўно, 96 гадоў назад, а сам домік адноўлены, усё ж чакаю цуда: вось зараз адчыняцца дзверы і гаспадыня выйдзе насустрач, адклаўшы якую-небудзь тэрміновую працу. А працай яна была занята заўсёды: “Калі я не працую, то вельмі псуецца настрой”. Я часта звяртаюся да яе жыцця і да яе творчасці, заўсёды знаходзячы параду і падтрымку. І ганаруся, што жыццёвыя і творчыя яе карані ў беларускай зямлі. Прозвішча яе продкаў па бацьку і зараз на Беларусі даволі распаўсюджанае – Паўлоўская. Мы ж ведаем яе па прозвішчы першага мужа – Ажэшка, Эліза Ажэшка. Беларуская зямля дала свету нямала асоб, без якіх сусветная навука, культура, літаратура былі б значна бяднейшымі. Эліза Ажэшка з такіх адметных асоб. Яна была і пісьменніцай, і жанчынай незвычайнай. Незвычайнай па спагадлівасці і дабрыні, мужнасці і таленту. Жыццё яе ніколі не было лёгкім і простым. Пакут – і душэўных, і фізічных — хапала. Але не стаяць у баку ад жыцця, не быць толькі назіральнікам, “не поўзаць, як чарвяк” было яе жыццёвым крэда. У юнацтве, чытаючы “Гамлета”, яна задавалася пытаннем: “Як павінна жыць?” “І ў глыбіні сэрца адказала сабе: думаць, вучыцца, працаваць – усё далей і вышэй, да вяршынь, да крыніц святла, нават калі сэрца будзе балець, нават калі людзі будуць кідаць камянямі – далей, далей, далей...” Шлях “да крыніц святла” не кожнаму ўдаецца адолець (і не кожны бачыць у гэтым жыццёвую мэту). Яна адолела. І многім дапамагла на гэтым шляху. У 1866 годзе выйшаў першы твор – апавяданне “Малюнак з галодных гадоў”. І з таго часу яе імя стала прыцягальным для мільёнаў людзей. Для нас жа яе творы асабліва хвалюючыя, таму што прысвечаны беларускай зямлі, яе людзям і яе прыродзе. Яны давалі пісьменніцы сюжэты, натхненне і сілы. Жывучы ў Гродне, Эліза Ажэшка палову года старалася праводзіць у вёсцы. Менавіта тут было яе галоўнае рабочае месца. У шматлікіх пісьмах з розных вёсак Гродзеншчыны – радкі замілавання, захаплення. “Я вялікая палонніца прыроды, і калі б ператварала свет, то зрабіла б так, каб гарады ў ім зусім не існавалі. Сапраўды, людзі стварылі гарады, а Бог — вёску”. У 1887 годзе яна пачынала раман “Нёманскі рыбак”. Сябрам у той час паведамляла: “Я ўзялася за аб’ёмістую аповесць, значную частку якой ужо занатавала на паперу і, відаць, закончу перад Новым годам. Гэта будзе называцца “Нёманскі рыбак”. Але што я зраблю, калі ў прыродзе і ў людзях гэтага кутка я знайшла многа рэчаў, пра якія мне хочацца пісаць”. Пазней яна заменіць назву, і раман “Хам” стане для большасці яе чытачоў самым любімым творам. Францішак Багушэвіч, з якім яна сябравала і якога вельмі паважала, называў яе “каралевай жывога слова і пакутлівай праўды”. Сама яна, як і яе героі, ішла да свайго шчасця праз пакуты. “Першым маім шчасцем была праца”. Але хацелася шчасця побач з каханым чалавекам. Яна марыла аб тым да апошніх дзён. А гэты “матыль шчасця” ўсё адлятаў і адлятаў... З першым мужам жыццё не склалася. Калі пазнаёмілася з маладым доктарам Зыгмунтам Свянціцкім – абодвум здалося, што іх пачуцці назаўсёды. У адным з лістоў яна выказвала сваё разуменне сямейнага шчасця. Нам яно здасца, можа быць, залішне ідэалізаваным: “...Я думаю, калі двое людзей хочуць пайсці разам па жыцці, то яны павінны імкнуцца, каб погляды іх, іх душы зліваліся ў адно. Толькі агульныя захапленні, мары, памкненні могуць стварыць шчаслівую гармонію... Інакш усе іскрынкі хутка згаснуць і павевы кахання ператворацца ў нудныя пазяханні. У нас, дзякуй Богу, шмат агульнага... Але ці змагу я стварыць для яго такі зямны раёк, дзе, сярод турбот і непагадзі, яго чакалі б спакой і прыгажосць... Сямейнае жыццё нібы святы алтар: чым больш яго ўпрыгожваеш, тым лепш...” Зямны раёк яна, магчыма, і магла б стварыць. Але не змагла дзеля кахання пакінуць родную зямлю. Калі Свянціцкі паехаў у Пецярбург, яна засталася ў Гродне. З наступным мужам, адвакатам Ста-ніславам Нагорскім лёс падараваў усяго два гады сумеснага жыцця, калі, па яе словах, яны “ігралі ў чатыры рукі”. Пасля смерці Нагорскага жыццё здавалася ёй нейкі час невыносным. Выратаваннем зноў жа была самаахвярная праца. Але моцная і мудрая, славутая пісьменніца, у якой сотні людзей шукалі паратунку, сама часта адчувала патрэбу ў надзейным мужчынскім плячы. Адшукаць такое плячо для яе было няпроста. Яго замянялі прывіды кахання. Такім плячом-прывідам у цяжкі для яе час стаў інтэлігентны і адукаваны афіцэр пяхотнага палка Францішак Гадлеўскі. Чаму ж яна лічыла яго “страшэннай бядой для свайго сэрца”? Францішак Гадлеўскі быў удвая маладзейшым... Нарэшце, апошні падарунак лёсу, апошні “растаўшы бляклы цень”. Немагчыма без болю і хвалявання чытаць яе раман у двухстах пісьмах да Тадэвуша Бохвіца. Унука вядомага беларускага асветніка і філосафа Фларыяна Бохвіца сучаснікі называлі “рыцарам-лірыкам”. У маёнтку Бохвіцаў Фларыянаве, непадалёку ад Ляхавічаў, пісьменніца правяла два апошніх сваіх леты – 1908-га і 1909 гадоў. У адным з апошніх пісьмаў яна з сумам і ўдзячнасцю ўспамінала Фларыянава: “Сёння свяціла цудоўнае сонца. Праехала трохі вуліцамі Гродна, і сонечныя вуліцы напомнілі мне ігру святла і ценяў у фларыянаўскім парку, поўным кветак і араматаў. Вясна ў гэтым годзе цудоўная...” Творчасць Элізы Ажэшка, прысвечаная беларускай зямлі, яе зямлі, мае сусветную вядомасць і прызнанне. Мала каму вядома, што ў 1904 годзе яе кандыдатура вылучалася на прадстаўленне да Нобелеўскай прэміі. Тады, праўда, “перайшоў дарогу” Генрык Сянкевіч. Зрэшты, яе гэта не вельмі засмуціла. Яна пісала не дзеля прэміі. Проста бачыла ў гэтай працы сваё наканаванне, свой “цяжкі воз”, сваё шчасце. ...“Вянец сусвету – чалавек, вянец чалавека – дабрыня, вянец дабра – служэнне яму цярпліва і дастойна, вянец той службы – любоў: любоў да людзей, любоў да справы, любоў ва ўласнай душы, удасканаленне якой – галоўная мэта існавання чалавека на зямлі...” Гэтай мэце яна не здрадзіла ніколі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter