Каракас і Мінск умацоўваюць стасункі

Заснавана таварыства дружбы “Беларусь-Венесуэла”
Амерыка Дзіас НуньесЗаснавана таварыства дружбы “Беларусь-Венесуэла”.

Апошнім часам у Беларусі з Венесуэлай, як ні з адной іншай краінай свету, дынамічна развіваліся адносіны. Адбыліся візіты на вышэйшым узроўні, у ходзе якіх падпісаны шэраг важных дакументаў, абмеркаваны перспектыўныя кірункі беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва. Летась у сталіцы Венесуэлы Каракасе з вялікім поспехам прайшла першая нацыянальная выстава Беларусі. Цяпер вось новы этап сумеснай працы — у яе ўключылася народная дыпламатыя.

Старшынёй новага таварыства быў абраны рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Анатоль Маразевіч. У Акадэміі ўжо складваюцца партнёрскія сувязі са школай планавання пры Міністэрстве развіцця Венесуэлы. Паводле слоў Анатоля Мікалаевіча, яму хацелася б бачыць адносіны дзвюх навучальных устаноў больш цеснымі, глыбокімі і плённымі.

Прарэктар Акадэміі па міжнародных сувязях Ігар Ганчаронак, які ездзіў у Каракас падпісваць пагадненне аб супрацоўніцтве са Школай планавання, на свае вочы пераканаўся ў вялікім жаданні калег наладжваць стасункі, пераймаць вопыт беларускай Акадэміі кіравання.
У склад новага таварыства ўвайшло шмат вядомых у краіне людзей. На сходзе яны выказалі намер сур’ёзна працаваць з грамадскасцю Венесуэлы.

Вядомы навуковец, ганаровы старшыня Грамадскай арганізацыі “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” Адам Мальдзіс мае свой інтарэс да гэтай краіны. Ён разлічвае на тое, што членства ў таварыстве дапаможа знайсці весткі аб двух беларускіх літаратарах, якіх лёс закінуў у Венесуэлу. Даследчык спадзяецца адшукаць архівы гэтых пісьменнікаў. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі выказаў надзею, што яго ўдзел у рабоце таварыства дазволіць папоўніць фонды бібліятэкі літаратурай і інфармацыяй аб Венесуэле.

Як адзначыла старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязi з замежнымi краiнамi Нiна Іванова, новае таварыства будзе займацца наладжваннем стасункаў ў першую чаргу ў сферы культуры, пазнаёміць жыхароў Беларусі і Венесуэлы з традыцыямі іх народаў. З гэтай нагоды ў мінскім Доме дружбы ў чэрвені пройдуць Дні Венесуэлы, прысвечаныя 197-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці гэтай краінай.

Пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дзіас Нуньес паабяцаў аказваць таварыству ўсебаковую падтрымку. Ён таксама паведаміў, што пасольства мяркуе неўзабаве адкрыць у Мінску своеасаблівы культурны цэнтр, дзе будуць ладзіцца розныя мерапрыемствы.

Ірына Трафілава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter