Ва ўсіх ёсць прыроджаныя таленты». У Беларусі з’явіліся кар’ерныя прадзюсары

Кар’ера за восем гадзін

Кім быць? Як рэалізавацца ў прафесіі? Чаму мы перагараем на працы? Па некалькі разоў на дзень трапляюць на вочы такія артыкулы з сайтаў. Яшчэ больш існуе тэхналогій і методык, каб вызначыцца з прафесіяй. Іх, здаецца, мільёны. Адшукаць штосьці адметнае амаль немагчыма. Аднак у 26-гадовай Анастасіі Батура з Брэста гэта атрымалася. Яна пабудавала кар’ерную спіраль прафесійнай самарэалізацыі, якая дапамагае чалавеку лiтаральна за восем гадзін адказаць для сябе на пытанне: «А што далей рабiць у сваёй прафесіі?» Спецыяльна для чытачоў «Р» Анастасія расказала пра асаблівасці выключнай методыкі.

Пачатак усіх пачаткаў

Брэстаўчанка Анастасія БАТУРА прадставіла ўласную методыку па самавызначэнні ў 19 краінах свету.
Над унікальнай тэх­налогіяй дзяўчына працавала ўсё жыццё. З дзяцінства ёй было цікава, як людзі знаходзяць сябе. Ужо тады Насця чытала дзясяткі кніг, наведвала разнастайныя школы, бегала на гурткі і секцыі. Напэўна, неймаверная актыўнасць дапамагла зрабіць далейшы жыццёвы выбар.

Нарэшце Анастасія скончыла наш універсітэт культуры і мастацтваў па спецыялізацыі «Менеджмент сацыякультурнай дзейнасці» і стала магістрам педагагічных навук. Зараз вучыцца ў аспірантуры. Таксама дзяўчына адвучылася ў амерыканскім Універсітэце штата Місуры на масавых камунікацыях i тэлепрадзюсаваннi і праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі ў Гарвардскім універсітэце.

Настолькі шырокія магчымасці разгарнуліся для спецыяліста не на роўным месцы – яе сфера інтарэсаў перарасла ў рамяство. А тут, пагадзіцеся, няма меж. Ужо ў 24 гады Анастасія Батура стварыла прынцыпова новую прафесію – кар’ерны прадзюсар — і зараз паспяхова працуе ў ёй, удасканальвае і прыцягвае да яе ўвагу. Акрамя яе, такiх спецыялістаў у краiне амаль няма.

— Кар’ерны прадзюсар — гэта чалавек, які выбудоўвае стратэгію і робіць так, каб яна гарманічна рэалізавалася ў кліента, — тлумачыць мне Анастасія сутнасць новай прафесіі. – Усе людзі зусім розныя. Мая прафесія і навуковыя працы дапамагаюць ім стаць актыўнымі, выкарыстоўваючы ў першую чаргу свае таленты.

Працуе на ўсе 100%

Пытанні прафесійнага росту і выбару прафесіі лічацца вельмі складанымі і заблытанымі. Калі Анастасія працавала над новай методыкай па прафвызначэнні, яна імкнулася максімальна структураваць гэты працэс і выдаць у простым фармаце, зразумелым кожнаму абывацелю:

— Для многіх выбар прафесіі здаецца невыносным працэсам. Аказваецца, ім, наадварот, можна кіраваць, — руйнуе стэрэатыпы спецыяліст. – Мая кар’ерная спіраль падказвае, што рабіць далей у прафесіі і як у гэтым атрымаць поспех. Гучыць, канешне, амбіцыёзна, але працуе на ўсе 100%.

Усё проста: грунтуючыся на ўласных талентах і ўсведамляючы прафесійную місію, можна цалкам рэалізавацца ў працы як сацыяльна, так і фінансава. Гэты спосаб дапамагае ўсяго за восем гадзін вызначыцца ў прафесіі. Сярод сакрэтных інгрэдыентаў новай методыкі — сем лагічных этапаў. Прычым кожны асобна ўзяты чалавек знаходзіцца на сваёй стадыі:

— Хтосьці даўным-даўно глядзіць на спектр магчымасцей і ніяк не прымае рашэння. Іншыя шукаюць вышэйшы сэнс і не рухаюцца далей. Спіраль прафесійнай самарэалізацыі, у сваю чаргу, дзейнічае лагічна. Спачатку трэба прааналізаваць свой вопыт, потым убачыць спектр магчымасцей, пасля чаго варта выявіць прыроджаныя таленты (а яны ёсць у кожнага без выключэння), пабудаваць прафесійную місію, прыняць рашэнне наконт далейшай дзейнасці. Тады застанецца назапасіць кар’ерны капітал і скарыстаць яго.

Сапраўды, усё досыць проста. Аднак і тут ёсць свае падводныя камяні — перакананні, якія абмяжоўваюць, не дазваляюць зрабіць відавочны крок. Ад іх трэба пазбаўляцца.

Трэнінг Анастасіі БАТУРА «Што далей?» дапамагае ўсяго за 8 гадзін вызначыцца з выбарам прафесіі і далейшым творчым удасканаленнем.

Грамадзянін свету

Сёння Анастасія Батура не толькі магістр педагагічных навук і кар’ерны прадзюсар, але і культуролаг-менеджар, сертыфікаваны коўч, бізнес-трэнер аўтарскіх праграм і проста натхняльнік. Сярод яе кліентаў – паспяховыя праграмісты, стылісты, візажысты, ювеліры, кінаакцёры…

Зараз дзяўчына выкладае як запрошаны спікер у Маскоўскім інстытуце культуры. Але знаходзіцца ў Маскве больш за два тыдні ў яе не атрымліваецца: за апошні час наведала 19 краін свету, каб перадаць вопыт і паспрыяць прафесійнай самарэалізацыі іх жыхароў.

— Безумоўна, на сабе я таксама выкарыстоўваю ўласную методыку. Інакш у мяне не было б настолькі вялікага міжнароднага ліста. Перыядычна саджуся, цалкам рэфлексую вопыт, гляджу, якія магчымасці перада мной разгарнуліся. Зразумела, калі прэзентавала методыку ў Гарвардзе, магчымасці ўзраслі ў разы, — шчыра прызнаецца Анастасія Батура. — Аднак пакуль іх не заўважыш, то не здолееш карыстацца. Плюс перашкаджае страх, што штосьці не атрымаецца. Імкнуся яго выкараніць.

Калі-нікалі Анастасію можна напаткаць у Брэсце, дзе жывуць яе матуля з бабуляй. Некалькі разоў яна праводзіла трэнінгі для нашых студэнтаў па прафесійным развіцці і самарэалізацыі.

Першасная мэта Анастасіі Батура на сёння — запусціць механізмы рэалізацыі ўласнай методыкі ў розных краінах свету. У бліжэйшых планах — прэзентаваць унікальную тэхналогію ў Італіі і Пуэрта-Рыка. Далей у спісе — Аўстралія і Новая Зеландыя. Канешне, загадваць наперад не рэкамендуецца, аднак Анастасія ўпэўнена: усё складзецца найлепшым чынам.

veronulas@sb.by

Фота з архіва гераіні
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter