Умовы ў кватэры не ідуць на карысць жыхарам праблемнага дома: у 34-гадовай жыхаркі выявілі рак малочнай залозы

Капля сцяну точыць

Ніна АКУНЕВІЧ з матуляй-пенсіянеркай і дочкамі.
Чатырохпакаёвую кватэру Ніна Акуневіч з маці набылі 13 гадоў таму. Пражыванне ў новым месцы абярнулася для гаспадароў сапраўдным кашмарам. Дом 1974 года пабудовы цалкам стаіць у вадзе: цякуць падземныя камунікацыі і дах, перад пад’ездам заўсёды лужына. Сцены насычаюцца вадой і не паспяваюць высыхаць. А жыхары пяцікватэрнага дома больш за 10 гадоў суседнічаюць з цвіллю. Суседства гэтае зусім не мірнае: Ніна Акуневіч збіраецца падаваць у суд на ўстанаўленне прычын страты ўласнага здароўя і здароўя дзвюх яе малалетніх дачок. Карэспандэнт «Р» разбіралася ў падводных камянях гэтай няпростай гісторыі.

«Яно ўсё роўна чорнае — скрабеш ты ці не»


Па скаргах жыхароў выязджаем у аграгарадок Сеніца, што ў двух кіламетрах ад кальцавой. Каля 72-га дома па вуліцы Набярэжнай нас сустракаюць Ніна з маці-пенсіянеркай і дзяўчынкамі. Пакуль прайшліся вакол трохпавярховіка, ногі амаль загразлі ў зямлі. У праёмах на вонкавых сценах бачныя сляды птушыных гнёздаў.

— Звярніце ўвагу, сцены вільготныя з розных бакоў, — паказвае Ніна на мокрыя плямы. — Дом не першы год стаіць у вадзе, таму пачаў рабіць усадку. Па сценах пайшлі трэшчыны, трэскаюцца навясныя балконы. Гэты балкон можа ўпасці ў любы момант!

Абследаваўшы дом звонку, ідзём унутр.

— Сырасць у нас стаіць заўсёды. Але ў мяне ёсць горшая праблема, — паказвае суседка Ніны зверху на зацёкі на столі. — Пісала заявы ў ЖКГ. Яны толькі на словах абяцаюць усё выправіць. У каморцы заўсёды цячэ, вада стаіць на падлозе.

Мы неаднойчы залівалі суседзяў. Вось гэтая цвіль у куце не вымываецца.

На вонкавых сценах бачныя сляды вільгаці, балконы ў аварыйным стане.

Жанчына на ўласныя сродкі ўцяпляла пакой: сцяна, якая выходзіць на вуліцу, была ў цвілі зверху данізу. Нядаўна гаспадыня абарвала шпалеры ў спальні, а там — чарната. У пакоі, дзе цячэ са столі, прыйшлося зняць люстру і адключыць святло.

— Паглядзіце, якая сцяна за секцыяй, — паказвае 86-гадовая баба Жэня з трэцяга паверха на чорныя плямы. — І куты ўсе чорныя. На кухні тое самае. Я да свят хацела саскрэбці, а яно ўсё роўна чорнае. Заявы нікуды не пішу, бо старая ўжо. Але калі трэба, то падпішуся: цвіль ёсць. Ніхто да нас не едзе — кінулі і ўсё, жывіце, як хочаце.

Яшчэ ў адной суседкі Ніны сітуацыя менш цяжкая: яе кватэра знаходзіцца на другім паверсе і не мае прамых кантактаў ні з дахам, ні з цокальным паверхам.

— Лужына насупраць дома стаіць заўсёды. За капрамонт у нас штомесячна вылічваюць добрыя грошы. А хто яго робіць? — жанчына скардзіцца на праблемы з ЖКГ. — Больш за пяць гадоў таму мы складваліся і прасілі людзей, каб яны зрабілі столь у пад’ездзе. Цяпер ізноў пайшла ржа.

Ад цвілі да хваробы — адзін крок


Звяртацца ў розныя інстанцыі Ніна пачала з 2005 года. Куды яна толькі не трапіла за дванаццаць гадоў: у раённы камітэт, да пракурора, да намесніка міністра ЖКГ, тэлефанавала на абласную «гарачую лінію». Ніхто не звярнуў належнай увагі на праблему па сённяшні дзень.

У няроўнасцях даху падсыхае лужына

У лістападзе 2016 года жанчына звярнулася ў Інстытут эксперыментальнай батанікі па незалежную экспертызу. У выніку спецыялісты выявілі пяць відаў мікраскапічных грыбоў. У заключэнні гаворыцца, што вільгаць стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця цвілі і што доўгае знаходжанне людзей у памяшканнях з цвілевымі грыбамі небяспечнае для здароўя, можа суправаджацца ўзнікненнем алергіі, дэрматытаў, астмы, абвастрэннем хранічных захворванняў.

Пад шпалерамі ўнутраныя сцены вільготныя

Насамрэч, у 34-гадовай Ніны выяўлены рак малочнай залозы трэцяй ступені з метастазамі, патрабуецца лячэнне за мяжой. А такія ўмовы ў кватэры яўна не ідуць на карысць жанчыне. У дачок таксама сур’ёзныя праблемы са здароўем.

— У малодшай — астма. Яе накіравалі ў дзіцячую анкалогію, — з адчаем у голасе гаворыць маці. — У старэйшай выявілі алергію. Ёй ужо двойчы рабілі аперацыю ў дзіцячай анкалогіі ў вобласці пляча. У абедзвюх дзяўчат праблемы з эндакрыннай сістэмай. Апошні месяц мы прасядзелі дома на леках.

Таццяна Шабашова, загадчык лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН, тлумачыць:

— Часам мы недаацэньваем уплыў цвілі на наш арганізм. Споры разлятаюцца хутка. Вы прайшліся — і яны аселі на руках, на твары, на ежы. Грыбы алергенныя, яны выклікаюць пагаршэнне самаадчування, прыгнятаюць імунітэт. Чалавек проста не разумее, чаму ён не можа вылечыцца ад насмарку, кашлю, галаўных боляў, недамаганняў. Калі гадамі не змагацца з цвіллю, увесь час правакуецца развіццё алергічных захворванняў. Яна можа яшчэ больш пагоршыць стан хворага. Грыбы могуць нават прарастаць у лёгкія чалавека з аслабленым імунітэтам, таму што ён іх увесь час удыхае.

Выявіць дэфект


Дарэчы, поўнае экспертнае заключэнне па санітарна-тэхнічным стане дома ніколі не праводзілася. Яно заказваецца толькі пры выяўленні дэфектаў, якія патрабуюць неадкладнага рэагавання. Сур’ёзныя хваробы малалетніх дзяўчынак, відавочна, да такіх «дэфектаў» не належаць.

Іржа на столі ў пад’ездзе трымаецца не першы год.

— Канструктыўныя элементы і інжынерныя сеткі знаходзяцца ў задавальняльным стане, акрамя даху, — так гаворыцца ў справаздачы ДП «Жыллёвік Міншчыны» для Мінаблвыканкама. — Вакол дома цечы не выяўлена. У жылым пакоі кватэры № 2 (тут пражывае Ніна) маюцца цёмныя сухія плямы.

Па меркаваннях спецыялістаў з «Жыллёвіка Міншчыны», магчымая прычына наяўнасці цёмных плям — непаладкі з вентыляцыйнай сістэмай і адсутнасць тэхнічных зазораў у міжпакаёвых дзвярах. Ніна Акуневіч сцвярджае, што большай бязглуздзіцы яна не чула: «У нас птушкі селяцца ў вентыляцыйных праёмах. Адкуль жа мне ведаць, як іх адтуль вычышчаць?» Прамярзання вонкавых сцен кватэры спецыялісты не выявілі.

Па апошніх звестках, «Жыллёвік Міншчыны» плануе правесці рамонт даху пры спрыяльных умовах у першым паўгоддзі 2017-га, а таксама ўцяпліць стыкі кватэры   № 2 да канца бягучага года. Але жыхарам дома надакучыла слухаць гэтыя абяцанкі. Яны патрабуюць актыўных дзеянняў.

Сітуацыя, у якой апынулася сям’я, выходзіць з шэрагу звычайных: з’ехаць ім няма куды, а заставацца ў такой кватэры небяспечна для здароўя. У чарзе на сацжыллё Ніна ажно пад 31-м нумарам. Хворая жанчына з цяжкасцю знаходзіць сілы, каб не апусціць рукі. Яна хоча падаваць у суд на ўстанаўленне прычын страты ўласнага здароўя і здароўя дзвюх яе дачок. Справа гэтая не аднаго дня... А час вымяраецца ў дадзеным выпадку не толькі хвілінамі, але і чалавечымі жыццямі.

ПРОСТАЯ МОВА

Святлана ЯЎСЕНКА, рыэлтар агенцтва «Варыянт», юрыст:

— Канечне, кватэру, у якой парушаныя санітарныя ўмовы для пражывання людзей, ніхто не купіць. Кожны месяц жыхары плацяць за капрамонт. За гэтыя сродкі павінны ліквідаваць усе знешнія заганы дома. У дадзеным выпадку справу вырашаць лепш у судовым парадку. Калі будзе афіцыйна пацверджаны факт нанясення шкоды здароўю пэўным людзям, яны будуць мець права не толькі на ліквідацыю прычын з’яўлення цвілі, але і на кампенсацыю маральнай шкоды.

КАМПЕТЭНТНА

Наталля КУХАРЧЫК, юрыст:

— У першую чаргу патрэбна выявіць, хто вінаваты ў гэтай сітуацыі. Калі будзе вызначана, што праблемы са здароўем з’явіліся з-за недахопаў будаўніцтва, то тэарэтычна можна прад’явіць прэтэнзіі забудоўшчыку. Але яго наўрад ці ўжо знойдзеш. ЖКГ, у сваю чаргу, нясе адказнасць за вонкавае абслугоўванне жылога памяшкання. Калі ёсць праблемы з дахам ці стыкамі, а ЖКГ не прымае ніякіх мер па абслугоўванні, то патрабаванні неабходна прад’яўляць ёй.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота Антаніны ХАЦЕНКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter