У Нацыянальнай бiблiятэцы прайшла прэзентацыя ўнікальнай кнігі Іяхіма Літавора Храптовіча “Аб прыродным праве”

Канцлер з душою паэта

У Нацыянальнай бiблiятэцы прайшла прэзентацыя ўнікальнай кнігі Іяхіма Літавора Храптовіча “Аб прыродным праве”

Даследчыкі пішуць пра яго: неардынарная асоба, выдатны дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Ён зрабіў велізарны ўклад у развіццё асветніцтва і культуры на нашых землях. А ў гісторыю граф Храптовіч увайшоў як міністр замежных спраў, апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага. Ён жа — уладальнік знакамітай бібліятэкі ў Шчорсах (цяпер Навагрудскі раён), у якой, дарэчы, у розныя гады працавалі гісторык Іяхім Лялевель, паэт Адам Міцкевіч, паэт і перакладчык Уладзіслаў Сыракомля ды іншыя вядомыя асобы.

Жывапісны партрэт Іяхіма Літавора Храптовіча

Апошняму канцлеру ВКЛ, які да таго ж быў філосафам, публіцыстам, паэтам і перакладчыкам, была прысвечана віртуальная выстава “Асветнік і рэфарматар”, створаная ў 2012-м  (да двухсотых угодкаў ягонага сыходу ў Вечнасць) у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прадстаўлены ён быў і як заўзяты бібліяфіл. Варта нагадаць: кнігі ў тую пару каштавалі дорага, але граф мог сабе дазволіць такое вытанчанае захапленне.
Бо род графоў Храптовічаў быў адным з самых уплывовых і старажытных на Беларусі. Цікава, што граф склаў для сыноў памятку пра свой радавод, давёўшы яго да 1795 года. Ёсць там і жыццяпіс самога Іяхіма Храптовіча. У віртуальнай экспазіцыі  прадстаўлена і аўтабіяграфія апошняга канцлера ВКЛ, апублікаваная ў 1858 годзе.

Унікальныя весткі пра графа і малавядомы твор будучага канцлера можна знайсці ў тэксце Адама Мальдзіса “Канцлер Храптовіч вяртаецца ў Шчорсы” (“Советская Белоруссия”, 30 студзеня 2015 г.). Аўтар, дарэчы, сам і знайшоў тэкст, пісаны па-беларуску, у бібліятэцы старажытнага Курнікскага замка — гэта, удакладняе ён, каля Познані. Між тым нарадзіўся знакаміты наш зямляк у 1729 годзе, паводле звестак з адной старой польскай энцыклапедыі, у Наваградскім ваяводстве — цяпер гэта тэрыторыя Баранавіцкага раёна на Брэстчыне. Згадваецца і канкрэтнае месца: вёска і фальварак Ясянец, што над рэчкаю Сервеч, пры дарозе з Гарадзішча ў Туганавічы. Апошняе паселішча, дарэчы, не чужым было і для Адама Міцкевіча: там нарадзілася і жыла ягоная муза Марыля Верашчака. І пачыналася дзяржаўная дзейнасць Іяхіма Храптовіч ў тых мясцінах: з пасады стольніка Наваградскага павета.

 Вось як высока ацэньваў знакамітага ліцьвіна — так сябе Храптовіч называў — славуты пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі: “…Нават непрыяцелі не маглі адмовіць яму ў пашане і прызнанні справядлівасці яго характару. Ён быў гарачым патрыётам свайго краю, выключна чыстым, бескарыслівым, бездакорным… Як мог, пазбягаў ён двара, ухіляўся ад публічных спраў, але вымушаны быў прымаць у іх удзел, у сваіх учынках заўсёды кіраваўся сумленнем. Недахопамі Храптовіча былі празмерная сціпласць і нясмеласць, брак энергіі і волі…” Аднак у іншых друкаваных крыніцах даследчыкі, наадварот, знаходзяць весткі пра энергічнасць графа, пра яго прапанову стварыць у ВКЛ Адукацыйную камісію. Яна ж, па сутнасці, стала першым у Еўропе Міністэрствам адукацыі. Шмат  сродкаў, але таксама і душы ўклаў граф Храптовіч у будаўніцтва палацава-паркавага ансамбля ў Шчорсах, што распачалося напрыканцы XVIII стагоддзя. Каля палаца быў вялікі парк з сістэмай штучных азёр. Гэты ансамбль уражваў сучаснікаў, рэзідэнцыю графа наведваў кароль Станіслаў Аўгуст.
 
А яшчэ граф Храптовіч быў дбайным гаспадаром, які выкарыстоўваў самыя эфектыўныя тэхналогіі ў земляробстве, жывёлагадоўлі, бортніцтве і агародніцтве. У Шчорсах, дарэчы, амаль на сто гадоў раней за рэформу на дзяржаўным узроўні было фактычна адменена прыгоннае права.

Прэзентацыю кнігі Іяхіма Літавора Храптовіча “Аб прыродным праве” ладзілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Пасольства Літвы ў нашай краіне. Нагода важная:  285 гадоў з дня нараджэння аўтара. Грунтоўнае выданне, якое ўжо выклікала вялікую цікавасць сярод гісторыкаў, падрыхтавана на трох мовах: літоўскай, польскай і беларускай. Аўтар уводзінаў — польскі гісторык Кшыштаф Трацкі — прадстаўляе працу Іяхіма Храптовіча як своеасаблівы запавет апошняга канцлера ВКЛ нашчадкам, каштоўны досвед яго жыцця.

Нацыянальная бібліятэка зра­біла і выставу-прагляд выданняў пра жыццё Іяхіма Храптовіча, яго знакамітую бібліятэку. Дэманст­раваліся кампакт-дыскі “Біб­ліятэка Храптовічаў”, падрыхтаваныя ў НББ у 2009 годзе.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter