Учора ў Белдзяржфілармоніі ўспаміналі жыццё і творчасць заснавальніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна

Канцэрт для Песняра з аркестрам

«Александрына», «Зачараваная», «Нашы каханыя», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Вераніка», «Чырвоная ружа», «Калядачкі»… Учора ў Белдзяржфілармоніі ўспаміналі жыццё і творчасць народнага артыста СССР, заснавальніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна.


«Канцэрт у дзень нараджэння» — так называецца праект, які штогод ладзіцца ў гонар славутага спевака і музыканта, чыя творчасць адкрыла свету нашу краіну, яе песні і мову. На гэты раз 12 студзеня адбылася прэм’ера сольнай праграмы Пятра Елфімава (на здымку). У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста, прафесара Міхаіла Казінца прагучалі вядомыя песні з творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры».

— Пётр, у канцэртах праекта вы ўдзельнічалі неаднаразова, сёлета — упершыню з сольнай праграмай. Чым выкліканы такая вялікая цікавасць і ўвага да творчасці Песняра?

— Уладзімір Мулявін адкрыў новую эру ў нашай гісторыі музыкі, пакінутая ім творчая спадчына — неацэнная. Для мяне асабіста вялікі гонар дакрануцца да яе зноў. У праекце «Канцэрт у дзень нараджэння» я сапраўды ўдзельнічаю ўжо некалькі гадоў запар. І новая сольная праграма — магчымасць яшчэ раз аддаць даніну павагі Майстру. У ёй сабрана каля дваццаці кампазіцый, у тым ліку і тыя, якія я ведаю даўно, але раней не выконваў, як, напрыклад, «Марыся» ці «Алеся».

— Назву праграме дала песня «Я не паэта…». Здаецца, не з самых вядомых і распаўсюджаных.

— Гэта цудоўная кампазіцыя Уладзіміра Мулявіна на словы Янкі Купалы. Яна ўвайшла ў песенна-інструментальны цыкл, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння паэта. Прэм’ера адбылася ў 1982 годзе, з гэтым творам Уладзімір Георгіевіч саліраваў. Шчыра сказаць, гэта песня стала для мяне адкрыццём. Я даволі добра знаёмы з творчасцю «Песняроў», маю поўную дыскаграфію ансамбля, але, відаць, штосьці ўсё ж выпусціў з-пад увагі. Таму вельмі задаволены, што стаў больш дасведчаным і пераняў для сябе нешта новае.

— Рэпертуар рок-ансамбля «Песняры» вы выконваеце ў суправаджэнні народнага аркестра. На ваш погляд, гэта ўдалае спалучэнне?

— Больш чым удалае. І не толькі на мой погляд. Гэты сінтэз вельмі цікавы і гарманічны. У аснове твораў Уладзіміра Мулявіна — фолк, народная музыка ў апрацоўках, аранжыроўках. Таму гучанне вельмі натуральнае. Да таго ж аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Казінца — калектыў самага высокага прафесійнага ўзроўню. Разам мы працуем не ўпершыню. І кожны раз я раблю гэта з вялікім задавальненнем.

— Тое, што на канцэрце ў зале прысутнічалі родныя, блізкія, сябры Уладзіміра Мулявіна, хвалявання дадавала?

— Я хвалююся ў час кожнага свайго канцэрта. Гэты — не быў выключэннем. Тым больш што выконваліся творы, якія добра ведаюць, якія любяць. Магчыма, хтосьці параўноўваў. Але я не імкнуўся нічога капіраваць і ніколі не буду гэта рабіць. Канечне, хацелася захаваць песняроўскія дух, гучанне. Але мая праграма — гэта мой погляд на песенную спадчыну Уладзіміра Мулявіна, і, спадзяюся, маё выкананне гледачам было цікавым.

— Ваш сённяшні рэпертуар — ад цяжкага року да класічнага раманса. Звужаць дыяпазон не плануеце?

— Неяк адзін вядомы аўтар і прыхільнік маёй творчасці назваў мяне спеваком-універсалам, і я, бадай, гатовы з гэтым пагадзіцца. Мне не вельмі цікава працаваць на нейкую вузкую частку глядацкай аўдыторыі. З пункту гледжання шоу-бізнесу гэта, можа, не так прадуктыўна, чым заняць адпаведную нішу і «касіць», арыентуючыся на пэўную публіку. Але мяне вабяць розныя жанры, хочацца паспрабаваць сябе ў многім.

— Ці адчулі вы перамены ў сваім жыцці пасля даволі паспяховага ўдзелу ў расійскім тэлепраекце «Голас-2»?

— Безумоўна, і гэта перамены ў лепшы бок. Работы стала намнога больш і тут, і ў Расіі. Зараз я пераважна ўвесь час праводжу там.

— Чым быў цікавы гэты праект і чым вас, выканаўцу вопытнага, вядомага, вабяць конкурсы?

— Відаць, жыве ўва мне нейкі дух авантурызму. Сумна сядзець на адным месцы. Любы конкурс — гэта развіццё, новы вопыт, якія ідуць толькі на карысць. Мне падабаецца дух саперніцтва, які дае штуршок для руху наперад.

Што да праекта «Голас-2», то ад удзелу ў ім я атрымаў проста асалоду. Я сустрэўся з музыкантамі высокага ўзроўню, акунуўся ў цудоўную творчую атмасферу, было каго паслухаць і з кім паспаборнічаць. Мой настаўнік у праекце Леанід Агуцін адкрыўся мне з новага боку. Аказалася, ён яшчэ і выдатны джазавы піяніст. Вынік нашых з ім размоў, абменаў думкамі, яго ўплыву я адчуваю дасюль, на многія рэчы я стаў глядзець інакш. Стасункі працягваюцца і зараз, што мне вельмі прыемна.

— Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як вы ўпершыню выйшлі на сцэну. Адзначаць будзеце?

— Мяркую, варта падрыхтаваць з гэтай нагоды вялікі канцэрт. Пра дакладныя тэрміны гаварыць пакуль рана, але планы, хутчэй за ўсё, на лета.

Ірына СВІРКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter