Кантроль на мяжы больш хуткі

Учора Амбасадар Майра МОРА, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, наведала пункт перасячэння беларуска-польскай мяжы «Рудаўка Лясная», каб прыняць удзел у цырымоніі закрыцця праекта ў сферы кіравання межамі «Бамбел-3», у які Еўрапейскі саюз зрабіў унёсак у памеры 7 мільёнаў еўра.

Асноўнай мэтай гэтага двухгадовага праекта тэхнічнай дапамогі было стварэнне сучаснай камунікацыйнай сеткі на аснове оптавалаконнага кабеля па ўсёй даўжыні беларуска-польскай мяжы. Сеткай будуць карыстацца беларускія памежныя і мытныя службы. Такая інфраструктура дазваляе прымяняць сучасныя сродкі біяметрычнага кантролю і праграмнае забеспячэнне для электронных мытных дэкларацый, дае доступ да міжнародных базаў дадзеных на пунктах перасячэння мяжы. У цэлым, яна дазваляе зрабіць працэдуры кантролю на межах больш эфектыўнымі і хуткімі. Працы скончыліся ў верасні, у адпаведнасці з планам.

Амбасадар Мора падзякавала Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту Рэспублікі Беларусь, а таксама тром кампаніям-падрадчыкам — «Белабстэлекаму», «Цэнтрсувязьбуду» і «Овэ Аруп» — за плённае супрацоўніцтва ў рамках праекта. «Дапамагаючы Беларускаму дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту нарасціць свой патэнцыял, мы дапамагаем скараціць час транзіту, спрыяем развіццю турызму і бізнэсу ў Беларусі, развіццю законнага гандлю паміж краінамі, а таксама пашырэнню кантактаў паміж людзьмі», — адзначыла Амбасадар Мора.

З 2001 года Еўрапейскі саюз выдзеліў больш як 47 мільёнаў еўра на ажыццяўленне праектаў у сферы кіравання межамі толькі ў Беларусі, не ўлічваючы рэгіянальные праекты, у якіх наша краіна прымае ўдзел. Еўрапейскі саюз запланаваў прафінансаваць у памеры 2,6 мільёна еўра новы праект у рамках Усходняга партнёрства, скіраваны на пашырэнне магчымасцей кантролю на мяжы паміж Беларуссю і Украінай. Палова гэтых сродкаў зарэзерваваная для Беларусі. Акрамя таго, Еўрапейскі саюз зробіць унёсак у памеры прыкладна 20 мільёнаў еўра ў рэканструкцыю чатырох пунктаў перасячэння мяжы ў рамках дзвюх праграм памежнага супрацоўніцтва ў 2012—2013 гг., паведамілі «БН» у прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.

Ул. інф.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter