Канфіскацыя транспартных сродкаў

На пытанне адказвае пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці Таццяна ГРАКУН
Чытаў раней у «Рэспубліцы» матэрыялы аб спецыяльнай канфіскацыі транспартных сродкаў і не ўяўляў сабе, наколькі ўсё сур’ёзна. Зразумеў гэта нядаўна. Мой  сусед  пацярпеў з-за таго, што дазволіў карыстацца сваiм аўтамабілем чалавеку, неабыякаваму да спіртнога. Сеў той у чарговы раз нападпітку за руль. Супрацоўнікі ДАІ зафіксавалі гэты факт, правапарушальніка прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, а ў выніку па прысудзе суда ў даход дзяржавы быў канфіскаваны аўтамабіль. Мяне цікавіць: ці часта пры разглядзе крымінальных спраў, узбуджаных па фактах кіравання транспартным сродкам у стане ап’янення, канфіскуюцца машыны і іншая тэхніка, якія правапарушальнікам не належаць? Лічу, што СМІ павінны рэгулярна друкаваць такі аналіз у прафілактычных мэтах.
Мікалай АЛЯКСЕЙЧЫК, г. Барысаў

На пытанне адказвае пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці Таццяна ГРАКУН

Законам ад 12 ліпеня 2013 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення» ўнесены змяненні, у  тым ліку ў арт. 61 Крымінальнага кодэкса (канфіскацыя маёмасці).

Пракуратурай праведзены аналіз практыкі прымянення судамі Мінскай вобласці спецыяльнай канфіскацыі транспартных сродкаў у мінулым  годзе. Усяго ў 2014 годзе ў адпаведнасці з ч.6  арт.61 Крымінальнага кодэкса судамі вобласці канфіскаваны ў даход дзяржавы 431 транспартны сродак, з якіх найбольшую долю склалі легкавыя аўтамабілі — 345, гэта значыць 80% ад агульнай колькасці канфіскаваных транспартных сродкаў. Акрамя таго, канфіскавана 43 мапеды, 21 матацыкл, 11 трактароў, 6 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, 1 грузавы аўтамабіль.

У пераважнай большасці выпадкаў канфіскацыі падлягалі транспартныя сродкі, якія належаць абвінавачваным, — 302, або 70%. У 53 выпадках транспартныя сродкі фактычна належалі абвінавачваным, але былі зарэгістраваны на іншых асоб. Гэта значыць, пры набыцці транспартных сродкаў не ажыццяўлялася рэгістрацыя пераходу права ўласнасці. 

Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з ч. 6 арт. 61 Крымінальнага кодэкса ў новай рэдакцыі ад 12 ліпеня 2013 года  спецыяльнай канфіскацыі падлягае транспартны сродак, якім кіравала асоба, што ўчыніла злачынства, прадугледжанае артыкулам 317-1 КК, незалежна ад права ўласнасці (за выключэннем транспартных сродкаў, якія выбылі з законнага валодання ўласніка (карыстальніка) акрамя яго волі або ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб). 

У 2014 годзе на Міншчыне канфіскавана 63 транспартныя сродкі, якія належалі не абвінавачваным, а іншым асобам, аднак выбылі з валодання ўласнікаў не акрамя іх волі. Так, прысудам суда Бярэзінскага раёна ад 30 верасня мінулага года ў дачыненні да асобы, якая ўчынiла злачынствы, прадугледжаныя ч.2 арт. 317-1 і арт. 417 Крымінальнага кодэкса, на падставе ч.6 арт.61 КК прыменена спецыяльная канфіскацыя аўтамабіля «Пежо-605», які належаў на праве ўласнасці сужыцельцы правапарушальніка. У ходзе судовага разбору ўстаноўлена, што аўтамабіль «Пежо-605» не выбываў з законнага валодання ўласніка без яго ведама альбо ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб, а выкарыстоўваўся абвінавачваным са згоды ўласніка. 

За год у Мінскай вобласці канфіскавана таксама 13 транспартных сродкаў, якія належалі юрыдычным асобам, у тым ліку 4 транспартныя сродкі юрыдычных асоб дзяржаўнай формы ўласнасці.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter