Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў афіцыйна зарэгістравала чатырох кандыдатаў у Прэзідэнты

Кандыдацкі марафон

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў афіцыйна зарэгістравала чатырох кандыдатаў у Прэзідэнты



Імі сталі Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. На знакавым пасяджэнні пабывалі нашы карэспандэнты.

Не па-восеньскаму сонечнае надвор’е за вокнамі, бітком набітая зала пасяджэнняў на 3-м паверсе дома Урада, прысутнасць нацыянальных і міжнародных назіральнікаў, вялікая колькасць журналістаў. І, вядома ж, галоўныя героі мерапрыемства — удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі, прадстаўнікі іх ініцыятыўных груп. Такі быў знешні антураж таго пасяджэння Цэнтрвыбаркама, які разгледзеў цэлы шэраг пытанняў.

Самым чаканым, вядома ж, было адно з іх: аб рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты. Аднак працэдура выконвалася няўхільна: спачатку больш за гадзіну Цэнтральная камісія заслухоўвала справаздачы абласных выбаркамаў аб выніках этапу збору подпісаў. І ў сухаватых выступленнях прагучала нямала цікавага.

Па выніках разгляду ўсіх нюансаў у рэгістрацыі было адмоўлена Віктару Цярэшчанку, прысутнай на пасяджэнні Жанне Раманоўскай. Яе ініцыятыўнай групай было здадзена ў выбаркамы толькі 789 подпісаў пры неабходным 100-тысячным мінімуме, таму іх праверка нават не праводзілася. Зрэшты, сама прэтэндэнт да такога прадказальнага фіналу была, здаецца, гатовая.

Першым жа зарэгістраваным кандыдатам у Прэзідэнты стала Таццяна Караткевіч. Яе каманда здала ў выбаркамы больш за 107 тысяч подпісаў, каля 105 тысяч з якіх прызнаныя сапраўднымі. Першая ў гісторыі прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне жанчына-кандыдат не стала прыпісваць перамогу выключна ўласнай персоне:

— Гэта стала магчымым дзякуючы таму, як спрацавала мая каманда. І дзякуючы грамадзянам, якія падпісаліся за мяне. Мая кандыдатура з’яўляецца адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай. Улада павінна мяняцца, але мяняцца мірна. Мы — за мірныя перамены.

Другім пасведчанне кандыдата атрымаў Сяргей Гайдукевіч. Колькасць праўдзівых подпісаў, сабраных у падтрымку яго вылучэння, — большая за 139 тысяч.

Сам Сяргей Гайдукевіч пасля атрымання пасведчання кандыдата заявіў:

— Выступаю за моцную, дэмакратычную, суверэнную, спакойную краіну. За тое, каб над ёй заўсёды было мірнае неба, а ў людзей — дастойныя зарплаты і пенсіі. Я за Беларусь!

Трэцім разглядалася пытанне рэгістрацыі Мікалая Улаховіча. У яго падтрымку было прадстаўлена больш за 149 тысяч праўдзівых подпісаў.

Атрымаўшы пасведчанне кандыдата, ён заявіў:

— Я ўпершыню ўдзельнічаю ў такой важнай кампаніі. Але лічу сябе моцным гаспадарнікам, таму што працаваў у многіх галінах. Спадзяюся, змагу прынесці карысць сваёй Радзіме. Пераадольваць эканамічны крызіс будзем разам.

Пасведчанне кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі было ўручана кіраўніку яго ініцыятыўнай групы Міхаілу Ордзе. Той у слове ў адказ быў сціслы і лаканічны:

— Наша ініцыятыўная група працавала паўсюдна: і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсках, і ў пасёлках. І падчас збору подпісаў пераканалася, наколькі неабыякава ставяцца да выбараў людзі. І наколькі вялікае разуменне грамадствам таго факта, што ў гэтыя дні вырашаецца лёс краіны. Адсюль і тая беспрэцэдэнтная падтрымка, аказаная людзьмі нашаму кандыдату.

Такім чынам, у перадвыбарнай барацьбе афіцыйна вызначылася чацвёрка фіналістаў. І вось стартаваў перыяд агітацыі і прапаганды праграм прэтэндэнтаў. Магчымасці для гэтага вельмі шырокія: акрамя публікацыі сваіх праграм у цэнтральных друкаваных СМІ, кандыдаты змогуць бясплатна выступіць на галоўным дзяржаўным тэлеканале краіны “Беларусь 1”. Гледачы змогуць убачыць іх з 14 па 25 верасня ў прайм-тайм: з 19 да 20 гадзін. Акрамя таго, для знаёмства са сваімі перадвыбарнымі праграмамі кандыдатам будзе прадстаўлены з 21 верасня па 2 кастрычніка і эфір Беларускага радыё ў самы папулярны ў слухачоў час. А 3 кастрычніка чакаецца і самае відовішчнае дзейства — тэледэбаты. Пра тое, як прайшлі самі выбары, мы раскажам у кастрычніцкім нумары.


У тэму


Што будзе ў выбарчым бюлетэні?

Цэнтрвыбаркам зацвердзіў форму і колькасць бюлетэняў для галасавання. Тэкст бюлетэняў будзе на беларускай мове, прозвішчы кандыдатаў размесцяць у алфавітным парадку. Будзе таксама графа “Супраць усіх кандыдатаў”. Памер бюлетэняў складзе 207х298 мм, а колькасць — 7 мільёнаў 285 тысяч штук (4,5 працэнта ад гэтай колькасці складуць запасныя бюлетэні).

Максім Восіпаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter