КАМЯНЕЦКАЯ ВЕЖА

Так склалася, што гэтаму болыш як сямісотгадоваму помніку выпала стаць своеасаблівым апазнавальным знакам і абярэжным сімвалам Белай Русі. Адлятаючы ў вырай, птушкі знарок робяць развітальны аблёт чырвонага стаўпа Белай вежы — каб надоўга запомніць галоўную прыкмету роднай зямлі. А вяртаючыся з далёкіх краёў, найперш шукаюць гэты сімвалічны арыенцір: цэлы і непарушны ён — значыць, усё добра і спакойна на роднай Беларусі.

Засцярога тутэйшых жыхароў ад войнаў, якія знішчальнымі хвалямі захліствалі гарады, мястэчкі і вёскі, ад частых аблог, жорсткіх набегаў і крывавых штурмаў увасобілася ў шматлікія абарончыя збудаванні. Імі станавіліся не толькі магутныя крэпасці, непрыступныя замкі, а нават цэрквы, кляштары. 3 веку ў век шчыравалі беларускія дойліды, з асаблівым стараннем і клапатлівасцю імкнуліся аберагчы свой народ ад чужапляменнікаў. Плён іхняй працы і дагэтуль сведчыць пра майстравітасць і таленавітасць, пра звычку рабіць сваю справу знаходліва, якасна, выразна — на вякі.
У кожную са сваіх пабудоў дойліды імкнуліся ўдыхнуць жыццё, укласці душу. Мо таму жылі гэтыя збудаванні шматаблічна і размаіта, шыкоўна і па-духоўнаму годна. I нават пасля знішчальных павеваў часу працягваюць узрушваць сваёй дасканаласцю і вабнасцю. А мо гэта проста душа даўняя перагукваецца з душой сённяшняй?
Такім спрадвечным помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца і Камянецкая, альбо Белая вежа. У XIII стагоддзі на беларускіх землях атрымаў прапіску новы тып абарончых збудаванняў, якія мелі значнае пашырэнне ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, у Скандынавіі, — мураваныя вежы. Найперш з’явіліся яны ў Камянцы, Бярэсці, Гародні, Тураве, Новагародку і іншых гарадах. Аднак да нашых дзён дажыў толькі Камянецкі стоўп.
Як сведчыць Галіцка-Валынскі летапіс, горад Камянец быў заснаваны ў 1276 годзе па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча — “вялікага кніжніка і філосафа”. Задумаўшы ўмацаваць межы княства, Уладзімір даручыў “майстравітаму мужу” Алексу падшукаць месца для будучага абярэжнага горада. Той разам з мясцовымі жыхарамі на чоўнах паплыў у вусце ракі Лясной. Спадабалася яму адно месцейка — высокае, прыгожае. А тутэйшыя пасяленцы мо звабілі Алексу легендай пра назву гэтай мясціны.
Калісьці даўно ляжаў тут камень. Валодаў ён незвычайным дарам — дапамагаць бедным людзям. I тыя часта карысталі з ягонай спагадлівасці, прасілі парады, дапамогі, а то і хлеба. Прынясуць звечара сякую-такую ахвяру і папросяць: “Камень-камянец, дай мне на заўтра хлябец. Цяжка стала жыць, няма чым дзяцей карміць”. А ранічкай прыходзяць — ляжыць на камені бохан.
Ды нейкі зайздросны знахар вырашыў выпрабаваць чароўную сілу каменя. Прыйшоў да яго без ахвяры і злосна загадаў: “Камень-камяніска, аддай сваё залаціска. Яно ў цябе без дзела ляжыць, а мне з ім будзе добра жыць”. Абурыўся ад гэткага нахабства камень і праваліўся скрозь зямлю. А за сабой і сквапнага знахара пацягнуў. Толькі глыбокі калодзеж утварыўся. А назва мясцовасці засталася — Камянец.
Згадзіўся князь з выбарам Алексы, спадабалася яму месца будучага горада-крэпасці. Нават сама назва мусіла сведчыць пра яе непрыступнасць. “Князь же  Володимер в княжении своем  многы городы зруби по отци своем. Зруби Берестий, и за Берестием зруби город на пустом месте, нарицаемом Лестне, и нарече ему имя Каменец, зане бысть камена земля. Созда же в нем столп камен высотою 17 саженей, подобен удивлению всем зрящим на  нь”.  Вежу, якую называлі яшчэ стаўпом Уладзіміра,  акружаў глыбокі роў і вал з умацаваннямі. Але ў 1903 годзе падчас абнаўлення помніка ўсё гэта знікла.
Лёгкасць, стромкасць, гатычная зграбнасць робяць вежу асабліва велічнай і вабнай — сапраўднай шляхцянкай. Гэта падкрэслівае і своеасаблівы арнамент з вузкіх акенцаў-байніц, арачнападобных ніш, стральчатых вокнаў. Галаву прыгажуні, як шахматную ладдзю, вянчае вялікая карона з 14 зубцоў, кожны з якіх пазначаны назіральнай шчылінай. Маючы 30 метраў увышкі, летапісны Камянецкі стоўп толькі на 5 метраў ніжэйшы за сярэдні неф знакамітага помніка готыкі сабора Парыжскай Божай Маці.
Па лесвіцы, што ўецца ўнутры тоўстай сцяны, можна трапіць на самы верх вежы, на яе былую баявую пляцоўку. Адсюль адкрываецца непаўторны краявід, можна працягнуць руку для павітання з сонцам альбо блізкімі адсюль знічкамі-зоркамі.
Калі вежу атуляе смуга альбо вяршыня яе хаваецца ў кудзелістых хмарах, тады здаецца, што няма ёй канца, што “столп камен” яднае грэшную зямлю з тым недасяжным сёмым небам, на якое безнадзейна імкнецца шмат хто з зямлян.
Калі жахае над ёй маланка і пагрозліва грукоча па небе сваёй калясніцай сівабароды Пярун, гэты стоўп, нібы грамнічная свечка, аберагае нашу зямлю і яе насельнікаў ад разбуральных праяў стыхіі і людской бяздумнасці.
Калі ж яе чырвоныя сцены абмывае касы дождж альбо лашчыць белымі рукамі шчодры снегавей з мяцеліцай, тады ўяўляецца, што душы палеглых абаронцаў гэтай зямлі ўзносяцца ў неба, каб там стацца шчырымі малельнікамі за нашу з вамі бяспеку.
За доўгую гісторыю Камянец зведаў нямала розных прыгод. Амаль з самага пачатку свайго існавання горад становіцца аб’ектам суперніцтва і міжусобнай барацьбы валынскіх і галіцкіх князёў. 3 сярэдзіны XIV стагоддзя ён у складзе Вялікага княства Літоўскага. У розны час горадам валодалі вялікія князі літоўскія Кейстут і Вітаўт Вялікі. Камянец меў асаблівае значэнне як памежнае ўмацаванне і важны гандлёва-рамесны цэнтр. Ён ляжаў на галоўным беларускім купецкім гасцінцы, які звязваў Брэст з Оршай. Адсюль гандлёвыя дарогі разыходзіліся на ўкраінскія, польскія і прыбалтыйскія землі. Праз Камянец праходзіў шлях з Кракава ў Вільню, па якім часта ездзілі адзін да аднаго стрыечныя браты — два высокія дзяржаўныя мужы: з Вавельскага замка кароль польскі Ягайла, а з Віленскага — вялікі князь літоўскі Вітаўт. I кожны раз іх вітаў летапісны “столп камен”, студзіў і лагодзіў іхні ваяўнічы пыл і ганарыстую пыху.
Зведаў Камянец і ваенную жорсткасць. Посвістам стрэл, звонам падкоў і мячоў, ваяўнічымі воклічамі не раз агучвалася ягонае наваколле. I душу веялі ад цела тут таксама не раз. Горад спусташалі крыжакі, прусы, шведы. Але адважныя камяняне дастойна адпомсцілі сваім крыўдзіцелям-крыжаносцам. У складзе Берасцейскай харугвы яны пераможна змагаліся пад Грунвальдам. Хоць горад быў неаднаразова спалены і разрабаваны, ды вежа Уладзіміра выстаяла, вытрымала. Сумленна зрабіў сваю справу “майстравіты муж” Алекса.
Набыўшы сёння першапачатковы цёмна-чырвоны колер, Камянецкая вежа працягвае сваю вартаўнічую вахту. Кожным трымцівым досвіткавым мроівам яна супакойным полымем свечкі ўзносіць маленне да неба — за мір і спакой на нашай зямлі, за мір і згоду, зладжанасць і суладдзе між людзьмі і ў іхніх душах. I рабіць гэта будзе да скону часу.
Берасцейскі паэт Мікола Пракаповіч у сваім вершы “Белая вежа” пісаў так:

На скрываўленых родных межах
Чорны дым засцілаў зару,
Ды стаяла Белая вежа,
Прыкрываючы Белую Русь...
Прарастае з нябыту памяць —
I ў наструненай цішыні
Белай птушкай плыве над намі
Да тваёй святой вышыні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter