В деревне Пешки Березовского района как дорогое наследие ценят бондарство

«Каму бочкі! Каму цэбры!»

Хто і калі пачаў гэтае самабытнае рамяство ў маіх родных Пешках — невядома. Але яно стала цікавай і вельмі прывабнай часткай гісторыі вёскі, бо сакрэты сапраўднага бандарства высока цэняцца, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Кожная хата калісьці — абавязкова бондары: дзед, бацька, сын. Ніводная сям’я раней не купляла дзесьці посуд, розныя бочкі, кубельцы, цэбры, вёдры, начоўкі, балеі, біянкі і гэтак далей — усё сваё, зробленае рукамі адмысловых майстроў.


Не буду ­падрабязна апісваць усю надзвы­чай складаную тэхна­логію бандарства, спынюся коратка на самым галоўным. Работа гэтая пачыналася ў лесе з падбору адпаведнага дрэва: у якім яно стане, вільготнасць і г.д. Самая каштоўная «паважаная» парода — дуб. З яго выраблялі бочкі, дзежкі, кублы, посуд пад квас і грыбы. Цэбры і маслабойкі выраблялі з сасны альбо яліны. Для журавін ішла асіна, бочкі з яе атрымліваліся чыстыя, светлыя, вельмі прыгожыя.

З вырабленага дрэва выра­залі калоды, расколвалі і рыхта­валі клёпкі, якія сушылі пад стрэхамі хат, на паветры. Як правяралі, ці гатовыя клёпкі? Бралі іх дзве, стукалі адной па другой. Калі яны «звінелі», апра­цоўвалі іх фуганкам і па­чы­налі рабіць посуд. Пры абрэзцы і ўстаноўцы дна ў бочку неабходна было добра ведаць матэматыку, трыганаметрыю.

— Бо шмат дзе трэба дакладна памераць, падлічыць, — расказвае патомны бондар Лявонцій Крук. — Памыліўся на нейкія міліметры — усё, сапсаваў дно, а гэта ж такі дарагі матэрыял. Дно апрацоўваецца два разы. Спачатку сякерай з двух бакоў, потым тонка — стругам. Яно павінна шчыльна ўвайсці ў паз, які ўнутры пасудзіны. Потым тую ж бочку сцягваюць абручамі, скрабуць яе чыста ўнутры і звонку. Правяраюць, каб яна не працякала: глядзяць праз бочку на святло. Бочка на 100—150 літраў «забірае» пяць, мінімум чатыры дні. Усё залежыць ад вопыту і навыкаў бондара. Я аднойчы зрабіў за шэсць дзён 11 біянак — усё ўручную, без ніякага станка. Ну гэта своеасаблівы рэкорд.

Бондар павінен сябраваць з матэматыкай, сцвярджае Лявонцій Крук.

На кірмаш

Пешкаўскія бондары вазілі свае вырабы на кірмашы ў Бярозу, Кобрын, Драгічын, Іванава, Антопаль. Іх добра ведалі далёка за межамі вёскі і як адмысловых майстроў, і як добрасумленных людзей. Таму гандаль на кірмашах заўсёды ішоў бойка, пакупнікоў хапала.

Багатая вясковая хата, дзе заўсёды на стале быў хлеб і да хлеба, найперш сведчыла пра тое, што тут жыве адмысловы бондар.

Самая спрыяльная пара года для бондарства, калі ў Пешках стаў калгас, — зіма. Асабістая гаспадарка не патрабавала многа часу. Вось і аддавалі мужыкі гэтаму рамяству цэлыя дні, а то і вечары. Амаль у кожнай хаце завіхаліся бондары — негаваркія, стомленыя, але па-свойму задаволеныя: посуд вырабляецца пад заказ, значыць, са збытам ніякіх праблем.

Майстэрства пешкаўскіх бондараў жыве і таму, што іх вырабы, а значыць, і слава разышліся па розных кутках Беларусі. На гэты конт вельмі слушна разважае дырэктар унітарнага прадпрыемства «Боркаўскае» Мікалай Дземідовіч:

— Я не тутэйшы і ўжо 34 гады запар узначальваю гаспадарку. Вельмі здзіўляўся ў першыя дні, калі даведаўся, што ў Пешках так многа бондараў. І попыт на іх вырабы тады быў вялікі. Заказы паступалі бесперабойна, нават з Брэста, Мінска. Быў вялікі попыт на зусім новыя вырабы, якімі раней пешкаўцы не займаліся. Напрыклад, купелі для лазняў, даволі вялікія па аб’ёму. На іх тады была мода, вось і ляцелі ў Пешкі заказы з Брэста, нават з Мінска, не было адбою. Яшчэ было многа заказаў на бочкі для віна — на 5, 10, 15 літраў, з двайным дном. Або вельмі арыгінальны выраб з сакрэтам. Звонку — самая звычайная бочка, толькі на ёй — дзверы. Адчыніш іх — унутры буфет. Нечакана, але прыгожа і практычна.

Нельга згубіць

Пётр Юдчыц выканаў нават заказ для музея.
Хачу сказаць шчырае дзякуй кіраўніцтву, настаўнікам і вучням Боркаўскай СШ. Распавядае яе дырэктар Віктар Галабурда:

— Час няўмольны. Бондары старэюць, шмат хто пайшоў з жыцця. Нядаўна мы развіталіся з Аляксандрам Піліпавічам Юдчыцам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ён удзельнічаў у баях за ўзяцце Берліна, за што ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, бачыў на свае вочы маршалаў Жукава, Конева, Ракасоўскага. Пражыў наш паважаны ветэран амаль 95 гадоў, і ўвесь час, калі быў свабодны ад асноўнай работы, займаўся бандаркай. Мы пастараліся, каб памяць пра бондарства назаўсёды засталася ў нашым краі. Даследавалі доўга і старанна. На навукова-практычную канферэнцыю раёна нашы вучні прадставілі работу «Бондарства: вытокі рамяства». Вельмі цікавае і каштоўнае даследаванне. Нашых майстроў запрашалі ўдзельнічаць у конкурсах, выставах, кірмашах. Школа супрацоўнічала з тале­на­ві­тым пешкаўскім бондарам Віктарам Касевічам. Яго добра ведалі не толькі ў нашых краях. У 1999 годзе Бярозаўскі цэнтр пазашкольнай работы прапанаваў гэтаму майстру арганізаваць пры нашай школе бандарны гурток. Два гады ён паспяхова працаваў, але, на жаль, з-за хваробы Вік­тара Лук’янавіча цікавы гурток перастаў існаваць. Але ж усё па бондарстве мы беражна захоўваем. І ў нашай школе, і ў музеі гісторыі вёскі Пешкі.

Цікавы музей быў адкрыты ў Год малой радзімы ў баць­коў­скай хаце, дзе прайшло маленства і юнацтва аўтара гэтых радкоў. Тут багацейшая экспа­зіцыя бандарных вырабаў і адпаведнага інструменту, думаю, падобнай у Беларусі няма. Сімвалічна, што калісьці Пешкам было нададзена званне «сталіца бондараў». І нездарма, мудрыя і дасціпныя сяляне абы-што не гаварылі…

Манастырскі заказ

Даволі цікавая падзея ў жыцці пешкаўскіх бондараў звязана з Жыровіцкім манастыром.

— Прыехалі неяк у нашу вёску прадстаўнікі таго манастыра і пытаюцца: ці можна ў нас заказаць бочкі для квашання капусты, — расказвае бондар Пётр Юдчыц. — «Чаму ж не, можна», — адказваем. «Але ж нам трэба вельмі многа бочак па 150—200 літраў». — «Гэта складана. Многа бочак — значыць, і многа дубу, а яго пасля вайны ў нашых лясах засталося зусім мала». — «Дуб будзе, іх шмат на тэрыторыі нашага манастыра».

Той жа Пётр Юдчыц шмат заказаў выканаў для адной з буйных кампаній. І для знакамітага музея «Бездзежскі фартушок», які знаходзіцца ў Драгічынскім раёне. Яго дырэктар Марыя Астаповіч распавядае:

— У нас побач з музеем створаны вялікі сялянскі падворак «Каля Плэсы». Тут ёсць усё, як у багатай сялянскай хаце, у тым ліку і аб’ёмны склеп. У ім і стаяць пешкаўскія бочкі, а ў іх — квашаная капуста, салёныя агуркі, мочаныя яблыкі, бярозавы сок. Так што ёсць чым пачаставаць турыстаў, якія бываюць у нас даволі часта. Яшчэ хочам заказаць у пешкаўскіх бондараў купель, я бачыла, як іх там вырабляюць, прыгожа і надзейна.

Міхаіл Шыманскі,

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter