Кампенсацыя матэрыяльных страт

На пытанне адказвае адвакат Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 3 Наталля КАШКАН
На пытанне адказвае адвакат Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 3 Наталля КАШКАН

Хачу па індывідуальным дагаворы з дапамогай адпаведнай фірмы вырабіць мэблю для свайго катэджа. Выліваецца гэта ў вялiкую суму. Таму мяне хвалюе такое пытанне: на што звярнуць асаблівую ўвагу пры заключэнні дагавора, каб у выпадку няякаснага выканання яго можна было адстаяць сваё права на кампенсацыю матэрыяльнага ўрону?
Іван СМІРНОЎ, Мінскі раён

АДКАЗ. Пры выкананні работ (аказанні паслуг) па вырабе мэблі заключаецца дагавор падраду. Пры заключэнні яго адзін бок (падрадчык) абавязваецца выканаць па заданні іншага боку (заказчыка) пэўную работу і здаць яе вынік заказчыку ва ўстаноўлены тэрмін, а заказчык абавязваецца прыняць вынік работы  і аплаціць яго (выплаціць цану работы). Работа выконваецца на рызыку падрадчыка, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або пагадненнем бакоў.

Мэбля можа быць выраблена з матэрыялаў заказчыка альбо з матэрыялаў падрадчыка. Падрадчык нясе адказнасць за неналежную якасць прадастаўленых ім матэрыялаў і абсталявання, а таксама за прадастаўленне матэрыялаў і абсталявання, абцяжараных правамі трэціх асоб. Дагаворам павінна быць прадугледжана, з якіх матэрыялаў вырабляецца мэбля (у тым ліку ўказваецца вытворца матэрыялаў, калі гэта важна для заказчыка). Бакам дагавора неабходна таксама ў пісьмовым выглядзе ўзгадніць канструкцыю (эскіз, чарцёж) мэблі, а таксама колер матэрыялаў, устаноўку фурнітуры, шкляных элементаў мэблі.

У выпадках, калі афармленне дагавора адбываецца дома ў спажыўца або ў іншым месцы па-за прыёмным пунктам (офісам), выканаўца абавязаны прадставіць найменне (фірмавае найменне), месца знаходжання і нумар тэлефона выканаўцы, калі выканаўцам з’яўляецца індывідуальны прадпрымальнік — яго прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства, звесткі аб дзяржаўнай рэгістрацыі і назву органа, які ажыццявіў яго дзяржаўную рэгістрацыю, месца жыхарства, а таксама іншыя звесткі аб аказанні паслугі па вырабе мэблі, абумоўленыя нарматыўнымі прававымі актамі. У выпадку, калі ўсё ж паміж спажыўцом і выканаўцам узнiкла спрэчка з нагоды недахопаў выкананай работы (аказанай паслугi) цi іх прычын, выканаўца павінен правесці экспертызу выніку выкананай работы (аказанай паслугі, калі гэта магчыма па характары паслугі) за свой кошт у парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь. Пра месца і час правядзення экспертызы спажывец павінен быць абвешчаны ў пісьмовай форме. Спажывец мае права ўдзельнічаць у праверцы якасці і правядзенні экспертызы выніку выкананай работы (аказанай паслугi) асабіста або праз свайго прадстаўніка.

Прыкладны пералік пытанняў, якія можна вырашаць у рамках экспертызы якасці мэблі:

1. Ці адпавядае якасць мэблі, якая даследуецца і знаходзіцца па адрасе (адрас знаходжання аб’екта даследавання), патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь на момант вырабу мэблi.

2. Ці адпавядае якасць мэблі, якая даследуецца, знаходзіцца па адрасе (адрас знаходжання аб’екта даследавання), патрабаванням дагавора (указваецца нумар і дата заключэння дагавора), рахунку-фактуры (спецыфікацыі), ТТН, чарцяжу (эскізу), іншым дакументам, якія пацвярджаюць заключэнне здзелкі паміж спажыўцом і вытворцам.

3. Ці маюцца дэфекты ў мэблі, якая даследуецца, у тым ліку і скрытыя.

4. Калi выявiўcя кожны з дэфектаў (недахопаў): у час вырабу мэблі, захоўвання, транспарціроўкі, мантажу (зборкі) яе, у працэсе эксплуатацыі мэблі.

5. Вызначыць механізм узнiкнення пашкоджанняў у гарнітуры мэблі, якая даследуецца (пералічыць выяўленыя дэфекты). Напрыклад, у бакавіне абламаны верхні край вонкавай заглушкі, ёсць прасадка мяккіх элементаў спінкі і інш.

6. Вызначыць дакладнасць інфармацыі, прадстаўленай спажыўцу.

Спажывец мае права аспрэчыць заключэнне экспертызы выніку выкананай работы (аказанай паслугi) у судовым парадку. Калі ў выніку экспертызы будзе ўстаноўлена адсутнасць парушэнняў з боку выканаўцы ці прычыннай сувязі паміж дзеяннямі выканаўцы і выяўленымі недахопамі, спажывец абавязаны пакрыць выканаўцу выдаткі па правядзенні экспертызы.

У адпаведнасці з арт. 31 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» пры выяўленні адступленняў ад умоў дагавора, якiя пагоршылi вынiк работы (паслугі), ці іншых недахопаў выкананай работы (аказанай паслугi) спажывец мае права на свой выбар патрабаваць: бясплатнай лiквiдацыi недахопаў выкананай работы (аказанай паслугі); суразмернага змяншэння ўстаноўленай цаны; бязвыплатнага вырабу iншай рэчы з аднароднага матэрыялу такой жа якасцi цi паўторнага выканання работы (аказання паслугi), калі гэта магчыма. Пры гэтым спажывец абавязаны вярнуць раней перададзеную яму выканаўцам рэч; зрабiць пакрыццё панесеных расходаў па лiквiдацыi недахопаў выкананай работы (аказанай паслугi) сваiмi сiламi або трэцімі асобамі.

Акрамя гэтага, задавальненне патрабаванняў спажыўца аб бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў, аб вырабе iншай рэчы цi аб паўторным выкананнi работы (аказаннi паслугi) не вызваляе выканаўцу ад адказнасцi ў форме няўстойкi за парушэнне тэрміну заканчэння выканання работы (аказання паслугi).

Спажывец таксама мае права патрабаваць поўнага пакрыцця страт, прычыненых яму ў сувязі з недахопамi выкананай работы (аказанай паслугі) і (або) скасаваннем дагавора аб выкананнi работы (аказаннi паслугi) і вяртаннем выплачанай за выкананую работу (аказаную паслугу) грашовай сумы, і выплаты няўстойкі, калі адступленнi ад умоў дагавора, якія пагоршылі вынік работы (паслугу), ці іншыя недахопы ва ўстаноўлены дагаворам тэрмiн не былi лiквiдаваны альбо з’яўляюцца істотнымі.

Патрабаванні, звязаныя з недахопамi выкананай работы (аказанай паслугi), могуць быць прад’яўлены пры яе прыняццi, цi ў ходзе выканання работы (аказання паслугi), цi, калi немагчыма выявіць недахопы пры прыняццi выкананай работы (аказанай паслугi), на працягу тэрмінаў, устаноўленых артыкулам 31 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў».
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter