Обзор книг Алеся Гибок-Гибковского «Дом каля возера» и Исмаиля Кадаре «Хронiка ў каменi»

Каменныя казкi

Алесь Гiбок–Гiбкоўскi. Дом каля возера.
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2018.

Казкi гэтага аўтара ствараюць свет рамантычны, трагiчны i вельмi беларускi. Хлопчык Толiк, напрыклад, тыповы «патраплянец» — увайшоў у дзверы ў падвале новага дому i апынуўся ў часе князя Вiценя. Што застаецца? Папярэдзiць тутэйшых пра хуткi напад крыжакоў, атрымаць медаль i вярнуцца. Аўтар вiдавочна любiць рабiць героямi творчых людзей з iх праблемамi. У адной казцы Скрыпач атрымлiвае траўму i перастае граць, яго кiдаюць сябры i карыслiвая жонка. Затое ператвараецца ў сцiплую гожую дзяўчыну рабiнка, якой ён любiў дарыць прыгожыя мелодыi. У другой казцы ў госцi да беднага Паэта патрапляе прынцэса, якая, натуральна, закахалася... А Паэт давай разважаць, цi варты ён такой дзяўчыны. Карацей, нагадвае прыпавесцi на матэрыяле рэальнага жыцця. А вось казка «Янка Глiнчык — сын ганчара» — адсылка да народных казак. Бяздзетны ганчар паводле прадказання лепiць сабе дзiцёнка з глiны, i, о, цуд! — у майстра з’яўляецца дужы i разумны сын. Вялiкi бонус для гэтых казак — цудоўнае афармленне мастака Вiталя Дударэнкi, якое вiзуалiзуе сцэны ў дэталях, як не заўсёды здольны тэкст.

Iсмаiль Кадарэ. Хронiка ў каменi.
Мiнск, Выдавец А.М.Янушкевiч, 2017.

«Гэта быў дзiўны горад. Стваралася ўражанне, што аднойчы зiмовай ноччу яго закiнулi ў далiну, i цяпер ён з вялiкiм высiлкам караскаецца ўверх па схiле гары, як нейкая дагiстарычная iстота».

Гэта самы асабiсты раман вядомага албанскага пiсьменнiка Iсмаiла Кадарэ. Аўтар апiсвае свой родны горад i дзяцiнства ў часы фашысцкай акупацыi. Прыемна, што iмя пiсьменнiка, незаслужана мала актуальнае ў нас, вяртаецца з дапамогай беларускага перакладу — у той час, як рускамоўнага яшчэ не iснуе. Мiж тым Кадарэ — лаўрэат Букераўскай прэмii, вучыўся ў Лiтаратурным iнстытуце iмя Горкага ў Маскве (пра што напiсаў раман «Прыцемкi стэпавых багоў»), па ягоным рамане «Генерал мёртвай армii» зняты фiльм з Марчэла Мастраянi. Нават прысуд на перавыхаванне фiзiчнай працай тагачасным албанскiм рэжымам не суцiшыў пiсьменнiка... У вынiку ягоныя творы маюць агульначалавечае гучанне i закранаюць шмат вострых праблем. Для беларускага чытача шанец — паглядзець на вайну, пра якую ў нас створана магутная лiтаратура, вачыма албанскага падлетка. I пераканацца, што гэта — тое ж, пра што пiсаў Васiль Быкаў i Алесь Адамовiч. Жах абясцэньвання чалавечага жыцця. Выбар памiж смерцю i здрадай. Пакуты простых людзей, далёкiх ад палiтыкi, якiх вайна змушае ўзяцца за зброю. Каханне, якое ўзнiкае нават на вайне. Албанцы, грэкi, iтальянцы, немцы... Партызаны, карнiкi, фашысты, камунiсты... Руку збiтага лётчыка, якi нядаўна бамбiў горад, урачыста праносяць па вулiцах. Дзяўчынку, што падчас бамбёжкi цалуецца ў падвале з хлопцам, родзiчы топяць у калодзежы за распусту... Абсурд крывавай эпохi. Жорсткасць i лiрыка тэксту.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter