Камбат з вёскі Вясея

На Случчыне, дзе адбылася адна са знакавых бітваў вайны 1812 года, нарадзілася шмат вядомых ваеначальнікаў. З глыбінкі родам і генерал-маёр Іван Гардзейчык. Радзіму абараняць — ва ўсе часы гэта ганаровая місія для сапраўдных мужчын. У пацвярджэнне таго хачу расказаць пра баявога афіцэра, які і цяпер перадае свой досвед курсантам Ваеннай акадэміі Беларусі. Знаёмцеся: генерал-маёр Іван Гардзейчык.Ён родам з вёскі Вясея, гэта ў Слуцкім раёне Міншчыны. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй вайны 1812 года, ведаюць пра Раманаўскі бой рускіх з французамі 14 ліпеня, які адбыўся на Случчыне каля мястэчка Раманава (цяпер Леніна). У 2-й кнізе “Памяць. Слуцкі раён. Слуцк” прыведзены звесткі больш чым пра дзесяць генералаў, што родам з тых слаўных мясцін. Кніга, заўважу, выйшла, калі афіцэр Іван Гардзейчык толькі здабываў сабе ратную славу. А ішла яго жыццёвая дарога праз Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію імя Фрунзе, Акадэмію Генштаба ўзброеных сіл Расіі. З лютага 87-га па жнівень 89-га характар земляка загартоўваў Афганістан. Потым была служба на кіруючых пасадах у паветрана-дэсантных войсках Беларусі. А з ліпеня 2007 года Іван Гардзейчык — першы намеснік начальніка Ваеннай акадэміі Беларусі.
Генерал-маёр Іван ГардзейчыкНа Случчыне, дзе адбылася адна са знакавых бітваў вайны 1812 года, нарадзілася шмат вядомых ваеначальнікаў. З глыбінкі родам і генерал-маёр Іван Гардзейчык.
Радзіму абараняць — ва ўсе часы гэта ганаровая місія для сапраўдных мужчын. У пацвярджэнне таго хачу расказаць пра баявога афіцэра, які і цяпер перадае свой досвед курсантам Ваеннай акадэміі Беларусі. Знаёмцеся: генерал-маёр Іван Гардзейчык.
Ён родам з вёскі Вясея, гэта ў Слуцкім раёне Міншчыны. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй вайны 1812 года, ведаюць пра Раманаўскі бой рускіх з французамі 14 ліпеня, які адбыўся на Случчыне каля мястэчка Раманава (цяпер Леніна). У 2-й кнізе “Памяць. Слуцкі раён. Слуцк” прыведзены звесткі больш чым пра дзесяць генералаў, што родам з тых слаўных мясцін. Кніга, заўважу, выйшла, калі афіцэр Іван Гардзейчык толькі здабываў сабе ратную славу. А ішла яго жыццёвая дарога праз Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію імя Фрунзе, Акадэмію Генштаба ўзброеных сіл Расіі. З лютага 87-га па жнівень 89-га характар земляка загартоўваў Афганістан. Потым была служба на кіруючых пасадах у паветрана-дэсантных войсках Беларусі. А з ліпеня 2007 года Іван Гардзейчык — першы намеснік начальніка Ваеннай акадэміі Беларусі.
Мала хто з вайскоўцаў ушанаваны такімі, як ён, узнагародамі: ордэн “Баявога Чырвонага Сцяга”, два ордэны “Чырвоная Зорка”, афганскі ордэн “Зорка” I ступені, 18 медалёў, у тым ліку “За баявыя заслугі”, “За отличие в воинской службе” і іншыя. Іван Гардзейчык — заслужаны спецыяліст Узброеных сіл Рэспублікі Беларусі.
Пад час афіцэрскай службы мне не раз даводзілася мець справу з тымі, хто прайшоў праз свінцовы агонь Афганістана. Такіх афіцэраў-прафесіяналаў я называю баявымі. У іх ліку генерал-маёры Ігар Лаўрыненка, Іван Гардзейчык, Вячаслаў Шумілаў, якія займаюць кіруючыя пасады ва Узброеных сілах Беларусі. Яны былі маладымі афіцэрамі, калі ў Афганістане ішла вайна. Пісалі рапарты, каб быць там, дзе патрэбен іх досвед. Баявое мінулае афганцаў, як іх называюць, гэта прыклад моцы духу, надзейнасці, вытрымкі. Пабываўшы на вайне, яны вярнуліся з бясцэнным досведам, бо, як вядома, і вучэнні ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых, не могуць параўнацца з рэальнымі баявымі дзеяннямі. І я, калі сустракаюся з генерал-маёрам Іванам Гардзейчыкам, заўсёды адчуваю гонар, што менавіта такія людзі выхоўваюць будучых афіцэраў. У Беларусі, як і ў любой іншай краіне, яны — апора дзяржавы. А войска можа быць баяздольным і дысцыплінаваным тады, калі ў ім служаць моцныя духам афіцэры.
Падаецца мне, беларускія хлопцы з глыбінкі, якія з маленства ведаюць цану хлеба, нялёгкай працы, не выпадкова дасягаюць прыкметных вышынь у ваеннай справе. Іван Гардзейчык нарадзіўся, гадаваўся ў сціплай па даходах калгаснай сям’і, дзе выхоўваліся яшчэ сястра Раіса і брат Мікалай. Яны, дарэчы, і цяпер вяскоўцы. Бацькі, Аркадзь Іванавіч і Вольга Фёдараўна, працавалі ў мясцовым калгасе і па сваёй гаспадарцы. Вясковае жыццё, дзе праца была і застаецца асновай, паспрыяла станаўленню асобы будучага генерала: адтуль яго упартасць ды кемлівасць, добрая фізічная загартоўка і цягавітасць. Дарэчы, пасля школы юнак паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізкультуры, адтуль і пайшоў у войска.
Пачынаў радавым у адным з батальёнаў сувязі Групы савецкіх войск у Германіі. Афіцэры, бачачы стараннасць, высокія спартыўныя дасягненні, параілі Івану вучыцца ў ваенным вучылішчы. Так і стала пасля двух гадоў тэрміновай службы. Конкурс у Разанскае дэсантнае ў той час быў высокі. Але ён паступіў. Гады вучобы, згадвае, былі напоўнены заняткамі, марш-кідкамі. А яшчэ — скачкі з парашутам, залікі, экзамены… Для былога салдата ўсё гэта не было ў цяжар. Курсантам ён і ажаніўся на Зінаідзе: аднакласніца вучылася на матэматыка ў Гомельскім дзяржуніверсітэце. Першае каханне, якое запалілася ў школьныя гады, дапамагло будучаму генералу стварыць надзейны сямейны тыл.
Перад самым выпускам, калі сыну не было і года, ён напісаў рапарт: папрасіўся ў Афганістан. Ротны капітан Аляксандр Лебедзь, пазней вядомы ваеначальнік і палітычны дзеяч, прапанаваў яму спачатку сына падгадаваць. Яно і зразумела: вайна разгаралася, і Аляксандр Іванавіч не ўзяў “грэх на душу”, не падпісаў ніводзін падобны рапарт курсантам, хто меў дзяцей. Але прадбачыў, што пабываць у агні давядзецца не толькі яму і Гардзейчыку — многім выпускнікам яго роты. А пасля выпуску малады афіцэр трапіў у 7-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію. Штаб — у Каўнасе, воінскія часці былі і ў іншых населеных пунктах Літвы. За шэсць гадоў з камандзіра разведузвода Іван Гардзейчык дарос да намесніка камандзіра батальёна, званне капітана атрымаў датэрмінова. Яго ўзвод быў прызнаны лепшым у дывізіі, а ў 1985-м асобная разведрота старлея Гардзейчыка стала лепшай у паветрана-дэсантных войсках краіны. Наш зямляк быў ушанаваны медалём “За баявыя заслугі” — рэдка тое здаралася ў мірны час.
Толькі на пачатку 1987-га капітан Гардзейчык прыбыў у афганскі Баграм, у 345-ы гвардзейскі асобны парашутна-дэсантны полк, начальнікам штаба 1-га батальёна. Палком, згадвае, камандаваў тады Герой Савецкага Саюза палкоўнік Аляксандр Вастроцін, мужны, смелы і рашучы афіцэр.
Для сённяшніх курсантаў Беларускай ваеннай акадэміі цікавы жыццёвы досвед Івана ГардзейчыкаМногія мае сябры-таварышы, з якімі я вучыўся ў Свярдлоўскім вышэйшым ваенна-палітычным танкава-артылерыйскім вучылішчы, прайшлі камяністымі дарогамі Афганістана. З Валерыем Самсонавым і Уладзімірам Джгаркава мы вучыліся ў адным узводзе, а яны ваявалі ў 345-м палку, калі батальёнам камандаваў капітан Іван Гардзейчык. Шмат цікавага расказалі яны і пра нашага земляка, яго афганскае жыццё. У прыватнасці, вось што я запісаў са слоў маёра запасу Валерыя Самсонава, які быў у Афганістане намеснікам камандзіра 1-га парашутна-дэсантнага батальёна па палітчастцы: “У батальёне стыль дзейнасці камбата Івана Гардзейчыка грунтаваўся на высокай патрабавальнасці, павазе, даверы і ўважлівым стаўленні да падначаленых, незалежна ад іх пасад і воінскіх званняў. Кожная людская страта ўспрымалася ім як асабістая трагедыя. Салдаты і сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры верылі камандзіру, ведаючы, што ад яго шмат у чым залежаць іх жыцці. Ніхто і ніколі не бачыў яго разгубленым, ці каб ён не ведаў, якое прыняць рашэнне ў напружанай абстаноўцы. Перш чым адправіць дэсантнікаў змагацца з душманамі, ён дзясяткі разоў правяраў гатоўнасць кожнага да баявых дзеянняў, удакладняў усе падрабязнасці аперацыі”.
Мой сябар, былы намеснік камандзіра артдывізіёна палка па палітчастцы палкоўнік запасу Уладзімір Джгаркава за гады службы ў паветрана-дэсантных войсках у многіх камандзіраў быў зампалітам. Часта яго падначаленыя падтрымлівалі артагнём дзеянні батальёна Івана Гардзейчыка. Ён успамінае: “На прыкладзе Івана Гардзейчыка мне давялося шмат разоў пераконвацца, якімі павінны быць камандзірская воля і рашучасць у баі. Ён стрымана сустракаў цяжкасці, умеў супакойваць. Мог згуртаваць людзей і забяспечыць неабходную дысцыпліну ў баявой абстаноўцы. Яго прафесійна-дзелавымі якасцямі былі: уменне хутка прымаць рашэнні ў розных сітуацыях, гатоўнасць без боязі браць адказнасць на сябе. І калі неабходна было хутка рашаць задачу, кампалка даручаў яе Гардзейчыку. Ён выклікаў давер людзей у самых крытычных сітуацыях, ён ніколі не пакідаў іх на полі бою”.
Афганістан... Менавіта там Іван Гардзейчык адбыўся як афіцэр, як камандзір. Выканаў свой абавязак, выпрабаваў волю, характар і здольнасці. На занятках ён часта паўтарае: калі камандзір спадзяецца толькі на перавагі ў жывой сіле і тэхніцы, рана ці позна ён пацерпіць няўдачу. Бо камандзір павінен умець з’яднаць разам дзясяткі і сотні людзей розных характараў, каб кожны лічыў яго волю сваёй, а загад камандзіра — клічам душы.
Былы камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, цяпер старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы генерал-маёр Аляксандр Мяжуеў, у якога Іван Гардзейчык быў намеснікам, так згадвае пра яго: “Якія б задачы яму ні ставіліся, яны выконваліся ўзорна. Ён ніколі не ўхіляўся ад праблем, імкнуўся іх вырашыць. Заўсёды абараняў падначаленых, без сумненняў і пярэчанняў браў адказнасць на сябе. Для яго не было другарадных пытанняў. Ён меў сваё меркаванне і мог заўсёды абгрунтаваць яго. Прынцыповы і сумленны, справядлівы і патрабавальны, канкрэтны, даступны і рашучы баявы генерал”.
На жыццёвым прыкладзе Івана і Зінаіды Гардзейчыкаў выхаваны іх дзеці. Жывуць яны ў Полацку, недалёка ад пасёлка Баравуха, дзе служыў калісьці іх бацька. У сына Сяргея і дачкі Алесі ўжо свае сем’і, годная праца. А ўнукі, Іван і Лізавета, толькі ўступаюць на жыццёвую дарогу. Што ж, і для ўнукаў прыклад дзядулі-генерала будзе пуцяводнай зоркай. Дарэчы, Гардзейчыкі — Іван Аркадзьевіч, яго жонка, дзеці і ўнукі — часта збіраюцца ў Вясеі, у бацькоўскай хаце: працуюць на зямлі, зберагаюць моцныя карані свайго радаводу.

Леанід Прышчэпа, палкоўнік запасу
На здымках:
Генерал-маёр Іван Гардзейчык
Для сённяшніх курсантаў Беларускай ваеннай акадэміі цікавы жыццёвы досвед Івана Гардзейчыка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter