Калючы сімвал пладавітасці.

Ці праўда, што барана ў народнай культуры славян лічылася моцным абярэгам?
Нашы продкі і сапраўды надзялялі гэту земляробчую прыладу шэрагам якасцей і выкарыстоўвалі ў шматлікіх рытуальных дзеяннях.

  • Перш за ўсё барана сімвалізавала пладавітасць, тым самым вызначаўся яе непасрэдны ўдзел у абрадах вясновага цыкла. Напрыклад, у абрадзе сустрэчы, ці гукання вясны дзяўчыну-вяснянку вазілі на баране па полі, прызначаным для пасеву яравых культур. У песнях-заклічках дзеці просяць “звезці зіму на санях і прывезці вясну на баронах”. У дні святкавання Благавешчання, на Саракі і на Крыжапаклонным тыдні пяклі хлебцы ў выглядзе баронаў, якія перад пасевам з’ядалі тыя, хто будзе працаваць на полі, а таксама частавалі імі хатнюю жывёлу.
  • На працягу года неабходна было не раз выконваць такое магічнае дзеянне, як абход вёскі з баронамі, якое на Беларусі насіла назву абворванне. Рытуальнае абворванне вёскі выконвалі ў ноч на Каляды, на Купалле, на Юр’я, на Русальным тыдні, у Пятроў дзень у выпадку эпідэміі, мору жывёлы, частых пажараў і гэтак далей.
  • На Русальным тыдні менавіта барана станавілася самым важным абярэгам ад гарэзаў русалак. На працягу ўсяго тыдня забаранялася працаваць з зямлёй, барану клалі пасярэдзіне двара зубамі дагары. Лічылася: таго, хто парушыць  гэтую “за-барону”, зловіць русалка, зацягне ў глухі лес ці ўтопіць у рацэ.
  • Барана выконвала і свайго роду ахоўныя функцыі. Барану зубамі ўверх ставілі каля ўваходу ў хлеў — “перакрывалі дарогу нячыстай сіле”.
  • Бароны, якія прыйшлі ў заняпад, нельга было выкідаць, гэта лічылася грахом.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter