Калыханка ад Ларысы Рыжковай

Запісу “казачнік” не знойдзеш у працоўнай кніжцы. Але менавіта гэтую надзвычай рэдкую ў наш не казачны час прафесію мая суразмоўца, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Калыханка”, выкладчык факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры Ларыса Рыжкова, лічыць для сябе галоўнай. А свой прафесіяналізм сцвярджае ў сэрцах і душах дзяцей. Хаця, па словах Ларысы Мікалаеўны, болей яна любіць расказваць старажытныя беларускія казкі дарослым.

     — Мы, дарослыя, неяк троху заблыталі ў сваіх пошуках і не ведаем, дзе плюс, дзе мінус, дзе горача, а дзе халодна... Тым больш што сапраўдныя народныя казкі ў нечым больш добрыя і мяккія, а ў нечым больш жорсткія, чым літаратурна апрацаваныя. І далёка не заўсёды напрыканцы слухача чакае звыклы “хэпі-энд”. Дарэчы, казкі, складзеныя дзесяткі стагоддзяў таму, прыдатныя і да нашых часоў. Вось, напрыклад, да пытання пра пошук свайго месца ў жыцці...

 Жылі два браты —  адзін багаты, другі бедны. Абодва працавітыя, але той, што бедны, усё працуе, ды нічога ў яго не атрымліваецца. Прыходзіць ён да багатага брата і кажа: “Пазыч мне каня палоску сваю ўзараць”. А той: “Ідзі ў поле, там конь пасвіцца. Ды глядзі не змуч!” Прыйшоў бедны брат у поле і бачыць: нехта на кані братавым арэ поле брата. Ён кажа: “Што ты робіш? Чаго на кані майго брата поле арэш?” А той у адказ: “А я доля яго. Пакуль твой брат дома адпачывае, я на яго працую”. —“А дзе ж мая доля?!” — “А вунь, у кусце ляжыць”. Пайшоў бедны брат туды, куды ўказала братава доля, а там дзеўка спіць — прыгожая, тоўстая. Ён тады дубец адламаў, давай яе біць. Яна прахапілася: “Што ты мяне б’еш?” — “Ідзі на мяне працуй! Вунь братава доля яму поле арэ, пакуль ён дома сядзіць!” А яна кажа: “Я ж араць не ўмею. Вось каб ты пайшоў на кірмаш ды што-небудзь прадаў, дык я б табе дапамагла”.

Узяў бедны брат жончын стары андарак, прадаў і купіў два новыя. Прадаў тыя, купіў чатыры новыя. І так ён пачаў  багацець, разжывацца, купіў сабе дом каля рынку і стаў перабірацца са старой хаты ў новую. Пагрузіў дабро на воз, жонку, дзетак пасадзіў і пайшоў забіваць вокны-дзверы. Раптам чуе: нехта енчыць, плача ў той хаце. Адкрыў, зазірнуў, чуе — пад полам. Адчыніў падполле, а там злыдні — гора і бяда яго сядзяць. Кажуць: “А што ты нас з сабою не бярэш? Мы таксама хочам у новую хату!” Ён кажа: “Пачакайце, вазьму!” Узяў нейкую скрыню, кажа: скачыце сюды. Яны ўскочылі ў скрыню, ён яе закрыў, паставіў на вазок і паехаў. А пад мастом гэтую скрыню закапаў. Прыехаў у горад, жыве шчасліва з жонкаю, дзецьмі. А той брат дазнаўся, што гэты стаў багатым, прыйшоў пацікавіцца: “А як гэта ты забагацеў?” Той кажа: “Гора-бяду пад мастом закапаў”. Паслухаў брат, пайшоў, адкапаў тую скрыню і кажа: “Ідзіце да майго брата, я вас вызваліў”. А яны ў адказ: “Не пойдзем, бо твой брат злы, ён нас закапаў! Мы да цябе пойдзем, ты харошы!” І пабеглі навыперадкі перад ім.  Пакуль ён дамоў ехаў, калясо ад воза  адвалілася, прыехаў — свіння здохла, і так адно за другое, адно за другое, і стаў ён бедны...

— У старажытнасці не было казак для дзяцей і дарослых. З цікавасцю іх слухалі ўсе. Як, дарэчы, і сёння: фэнтэзі — гэта тыя ж казкі. Неабходна актыўна ўдзельнічаць у сучасным жыцці, але ж улічваць шматвяковы вопыт свайго народу — чаму не? Чалавек ад гэтага становіцца толькі багацей. Вось, дарэчы, успомнілася актуальная для сённяшняга дня казка пра дурня, што трапіў некуды ў іншы свет. Моладзь сёння нярэдка імкнецца паехаць працаваць за мяжу.

Крыўдзіцца не трэба. У казках пра дурня, адзначаюць даследчыкі, часта маецца на ўвазе не дурны чалавек, а той, хто дасягае шчасця, разважаючы і аналізуючы ўбачанае, гэтакі філосаф, што напрыканцы аказваецца разумнейшым за ўсіх.

— Казку гэтую я запісала ад выдатнай казачніцы Лідзіі Цыбульскай, — працягвае суразмоўца. — Напэўна, літаратурную яе апрацоўку многія памятаюць з дзяцінства. Таму проста нагадаю сюжэт.

Быў дом у вялікай багатай вёсцы, дзе жылі “прахожыя людзі” (такая старажытная гасцініца). Яны там гулялі, канешне, у карты. А ў казачнай народнай традыцыі карты — тая сітуацыя, якая папярэджвае пераход у нейкую іншую рэальнасць. Хоць ёсць і варыянты: выпіў нечага з чаркі і стаў бачыць іначай, чым звычайныя людзі, альбо апынуўся недзе... Дык вось, гулялі чужынцы ў карты, а дурань сядзеў і сачыў за гульнёй. І нешта глянуў у падпечак. А падпечак —  адна з мясцін пераходу ў іншую рэчаіснасць: зазірні туды і апынешся дзе-небудзь...
Вось ён зазірнуў і апынуўся ў іншым свеце: там было мора, а на беразе — вялізныя дрэвы. А на дрэве дупло і вялізныя дзіўныя птушкі. Вось бачыць герой: дарослая птушка паляцела некуды, а маленькія птушаняты засталіся. Тут пачалася бура, узняўся вецер... Палез дурань на тое дрэва і сваім “пінжаком” (казка гэта вельмі старажытная, але кожнае стагоддзе казачнікі набліжалі яе да сучаснасці. Мабыць, той чалавек, што расказваў гэтую казку Цыбульскай, забыўся на назвы старажытнага верхняга адзення, вось і сказаў “пінжаком”) накрыў і выратаваў гэтых птушак. Тады прыляцела іх маці і, вызваліўшы ад безлічы няшчасцяў, што напаткалі дурня падчас вандроўкі па гэтым “іншым вымярэнні”, у выніку перанесла яго на сваіх крылах назад на гэты свет...

— Як сучасны чалавек становіцца казачнікам?

— Я расла гарадскім дзіцём, у Віцебску, і вырасла з усведамленнем: каб што-небудь умець і ведаць, трэба мець вышэйшую адукацыю. Хаця быццам бы да пяці гадоў бывала я ў вёсцы ў бабулі, і нешта мне цмяніцца, што і Купалле святкавала, і на Цярэшку моладзь, забаўляючыся, мяне з печы сцягнула і “ажаніла” з суседскім хлопчыкам Пашкам — заставіла з ім танцаваць у крузе... Але ж я была “далека от народа”. Да таго ж скончыла факультэт рэжысуры, была ўся такая багемная... Потым выйшла замуж і паехала на радзіму мужа, у Ленінградскую вобласць. Там я ўпершыню і сутыкнулася з фальклорам: са старажытнымі фіна-ўгорскімі казкамі, песнямі, абрадамі. І гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём! Я захапілася людзьмі — носьбітамі фальклору: спрацаванымі за жыццё, незвычайна мудрымі... І калі наша сям’я зноў вярнулася ў Беларусь, я пачала збіраць старажытныя беларускія казкі. Рознымі шляхамі — і з прац фалькларыстаў, і знаёмячыся з казачнікамі з розных рэгіёнаў краіны. Першай маёй аўдыторыяй былі сын і дачка. Зараз расказваю казкі ўнучцы. Памятаю, пачынаю я расказваць казку свайму трохгадоваму сыночку. Сын заціхае адразу — слухае. Гляджу, і свякроў заціхла, і свёкар (а яны беларускай мовы не ведаюць), усе, хто ў доме, прыціхлі і быццам бы нешта робяць, а самі слухаюць...

Колькі слухачоў — столькі тлумачэнняў

— Сёння дзеці выхоўваюцца на дыснееўскіх мультфільмах. Ці ўспрымаюць яны нашы адвечныя казкі?

— З захапленнем. Народныя казкі даюць дзіцяці мадэлі паводзін у той ці іншай сітуацыі. Сучасныя бацькі палохаюць дзяцей: не адчыняй чужому дзверы! Не садзіся да незнаёмых у машыну! І, здараецца, нават расказваюць страшныя гісторыі з крымінальнай хронікі. Раней тыя ж высновы падаваліся мякка, не нервуючы малога: напрыклад, праз казку пра коціка і пеўніка, якога ліса ўкрала. Тым больш што маленькае дзіця па сваёй псіхалогіі не дужа спачувае людзям, іншым дзецям, а вось мякенькаму коціку ці вясёламу пеўнічку — спачувае.
Найбольш старажытныя казкі розных народаў, што жылі ў розных канцах свету, вельмі падобныя: існуе шэраг класічных сюжэтаў і архетыпаў, якія кожны народ змяняе ў адпаведнасці са сваёй ментальнасцю, расказвае суразмоўца. Пазнейшая літаратурная апрацоўка старажытнай казкі, дарэчы, часцей за ўсё змяшчае акцэнты, набліжаючы яе да сучаснага светаразумення. 

У купальскую ноч прахапілася мачыха і кажа падчарцы: “Ідзі ў крыніцу, прынясі мне вадзіцы, гэтак мне піць захацелася!” Падчарка ўскочыла, схапіла вядзерцы і басанож пабегла да крыніцы. Толькі зачэрпнула вады — выскоквае адтуль нехта касматы-лахматы і кажа: “Дзеўка-дзявіца, руса касіца, ці пойдзеш ты за мяне замуж?” А яна кажа: “Я б пайшла, але ж у мяне андарака няма, куды ў адной сарочцы?” Ён нырк у калодзеж, прыносіць ёй прыгожы андарак. Яна тады кажа: “У мяне і сарочкі няма вышыванай”. Ён нырк — прыносіць. “Хвартушка няма”. “Грошай няма — дзевачак жа нада перад вяселлем запрасіць, пачаставаць нечым...” Насіў ён ёй, насіў,  аж пакуль не стала забіраць на светак. Як пеўні ў вёсцы закукарэкалі, ён як бултыхнецца ў калодзеж, аж вада за ім закіпела. А ўсё дабро засталося. Мачыха як убачыла падчарку багатую, так і ласкавая стала. А назаўтра сваю дачку дасылае: “Ідзі! Ды глядзі, многа прасі!” Тая пайшла ноччу да калодзежа, зачэрпнула вадзічкі, выскачыў касматы-лахматы, кажа: “Дзеўка-дзявіца, руса касіца, ці пойдзеш за мяне замуж?” Яна ў адказ: “Пайшла б, ды у мяне няма андарака, няма панчохаў, чаравікаў, гарсэта, хвартушка, лентачак, хустак, грошай няма, карэты і коней”. — “Усё, дзеўка?” Яна кажа: “Так, усё”. Нячысты нырк у калодзеж  — і ўсё гэта прынёс, аж засопся, пакуль цягнуў. А да свету яшчэ доўга. Так яна там і згінула, ніхто яе больш не бачыў...

— Аб чым, на ваш погляд, гэта казка? У літаратурнай апрацоўцы быццам бы пра тое, што не трэба быць сквапным. Неадаптаваная казка мае іншы сэнс: маці дачку навучыла, што ў нячысціка прасіць, а як ад яго вызваліцца — не навучыла. А дачка сама не дадумалася.

Увогуле, распавядае Ларыса Рыжкова, старажытныя казкі больш падобныя да прытчаў. Гэта сучасны чалавек прывык усё падсумоўваць і выводзіць мараль. У аўтэнтычных казках не даецца ацэнак і нічога не тлумачыцца. Разумей, як можаш, зыходзячы са свайго вопыту і светапогляду.

Жыў чалавек — працавіты, разумны, але ж нешчаслівы. І гаспадарка ў яго не вялася, і жывёла не ручылася, і дзеці ўвесь час хварэлі, і жонка сварылася. Але ж была ў яго адна ўцеха: быў ён добры музыка. Калі прыцісне гора, дык ён возьме скрыпачку, пойдзе за гумно, сядзе там на каменьчыку і зайграе. Вось аднойчы іграў і ўбачыў: выскачыла з норкі зялёненькая яшчарка і стала слухаць. Пакуль ён іграў сумную музыку, дык яна плакала-плакала, унурыўшы галоўку, а як зайграў вясёлую, дык яна кінулася ў скокі. Як ён скончыў іграць, дык яна з норкі прынесла яму чырвончык.

Стаў ён часцей на гумно хадзіць, іграць той яшчарцы. Пачаў ён багацець, стала ў яго гаспадарка весціся, стала жывёла ручыцца, дзеці перасталі хварэць, ды і жонка ж паспакайнела. Але ж стала прыставаць: “Дзе ты грошы тыя ўзяў? Ты, можа, украў дзе ці забіў каго?” Ён кажа: “Не, я хаджу на гумно, яшчарцы граю, а яна мне з норкі грошы носіць”. — “А-а! Дык ты з нячысцікам звязаўся! Ідзі засячы гэтую яшчарку, а то прападзем усе, усіх нас загубіш!”

Ён напачатку і слухаць не хацеў, але ж калі жанчына прыстане... Вось аднойчы ўзяў ён сякеру і пайшоу на гумно. Заіграў, выскачыла яшчарка,  а як ён скончыў іграць, яна пакланілася яму, вынесла чырвончык. А ён схапіў сякеру і секануў па той яшчарцы, ды не ўцэліў — толькі хвост ёй адсек. Яшчарка ж  падскочыла і адкусіла яму нос. Ай, доўга хадзіў ён тады па лекарах, па аптэкарах! Усе свае грошы звёў, зноў у яго гаспадарка ў заняпад прыйшла, дзеці сталі хварэць, жонка сварыцца. І калі ўжо зусім стала яму дрэнна, зноў узяў ён скрыпачку, пайшоу на гумно і заіграў. І выскачыла яшчарка, і стала яго слухаць. Пакуль іграў ён сумную музыку, яна плакала-плакала, унурыўшы галоўку, а як зайграў вясёлую, яна кінулася ў скокі, потым вынесла яму чырвончык і пакланілася. Ён кажа: “Шаноўная яшчарка! Як мне сорамна, дрэннаму чалавеку, што я так сапсаваў тваю аздобу!” А яна ў адказ: “Ай, я ўжо на тое і забылася! Вось толькі як убачу твой нос, дык успомню пра свой хвост...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter