Каляндар як сістэма вымярэння часу

У народнай культуры ўсходнеславянскіх, у тым ліку і беларускага, народаў існуе некалькі форм календароў або сістэм вымярэння часу, кожная з якіх мае свае функцыі і сваё культурнае асяроддзе. Мы глыбока перакананы, што ў традыцыйнай культуры беларускага народа час упарадкаваны не ў адным універсальным календары, які ахоплівае ўсе сферы гаспадарчай дзейнасці чалавека і сферу абрадавай практыкі, а па меншай меры ў чатырох, духоўная прастора якіх хаця ў нейкай ступені і дапаўняе адзін аднаго, але ўсё ж існуе на розных узроўнях зямнога быцця.

(Працяг. Пачатак у № 237.)

Храналагічны каляндар
Адну з такіх сістэм упарадкавання часу мы назавём храналагічным календаром. Дзень за днём ён парадкуе жыццё чалавека, перамяжоўваючы будзённыя і святочныя дні. Храналагічны каляндар — гэта адлюстраванне практычна ўсіх бакоў жыццядзейнасці чалавека, сям’і, роду, вёскі, горада, усяго народа ў штодзённай паслядоўнасці, дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам — і так на працягу ўсяго каляндарнага года. У яго аснове ляжыць рух сонца па небасхіле. Як правіла, галоўныя святы гэтага календара прымеркаваны да важнейшых фаз свяціла ў яго гадавым колазвароце.
У яго структуру ўваходзяць Каляды, Масленка, Грамніцы, Саракі, Вялікдзень, Радаўніца, Зялёныя святкі, Граны або Русальны тыдзень, Купалле, Жніво, Багач, восеньскія Дзяды і інш.
У дахрысціянскую эпоху гісторыя зямной цывілізацыі вяла свой адлік ад Стварэння свету. А кожны наступны год у пэўнай ступені паўтараў папярэдні, таму што класічны прынцып успрыняцця часу ў старажытным грамадстве быў сфармуляваны ў выключнай па сваім змесце формуле: “Усё вяртаецца на кругі свае”. Прынцып гэты быў пераняты чалавекам з таго прыроднага асяроддзя, у якім ён жыў і працаваў. Кожны год на пачатку вясны прырода паступова ажывала пасля шматмесячнага зімовага сну: поўніліся сокам дрэвы і расліны, летам яны дасягалі найвышэйшага росквіту, а затым пачыналі рыхтавацца да смерці. Спачатку лісце жаўцела, потым абсыпалася, і дрэва паціху замірала. Але ж на наступны год, як толькі станавіліся даўжэйшымі дні, калі з выраю вярталіся птушкі, усё зноў ажывала і рушыла па таму самаму колу, як і шмат гадоў назад. Зусім невыпадкова універсальным сімвалам формулы закальцаванасці, вяртання на кругі свае ў старажытных цывілізацыях была гліняная або бронзавая выява змяі, якая пажырала свой хвост.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter