Каляндар на роднай мове.

Чаму апошнім часам у продажы складана знайсці перакідныя настольныя календары на беларускай мове?
Мікалай ЦЮХЛОЎ, Мінск

— Перакідныя настольныя календары — гэта папярова-мелаваная прадукцыя, — расказала “НГ” начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена ПАЎЛАВА. — Выпускаюць яе выдавецкія ўстановы розных форм уласнасці, абапіраючыся на свае ўяўленні аб эканамічнай мэтазгоднасці. І калі настольныя перакідныя календары на беларускай мове выпускаюцца сціплым тыражом, ёсць падставы гаварыць пра тое, што яны не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў пакупнікоў. Але ўсё ж перакідныя настольныя календары на беларускай мове ў продажы ёсць. Толькі нядаўна мне трапляўся ў рукі такі каляндар “Зямля беларуская. Мая Радзіма — Беларусь”, які выдала ТАА “Выдавецкі дом “ВІАЛВІ” тыражом у 2 тысячы экзэмпляраў. Штогод пры фінансавай падтрымцы дзяржавы і Міністэрства інфармацыі краіны выдаецца насценны каляндар “Родны край”. Сёлета яго тыраж склаў 7 тысяч экзэмпляраў. У сталіцы такі каляндар ужо амаль раскупілі. Так што варта паспяшацца ў кіёскі “Белсаюздрук”, каб яго набыць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter