Пастырскае пасланне архібiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне-2014

Каляды — заўсёды актуальны Божы дар

Пастырскае пасланне архібiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне
Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2014

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернiкi Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii, усе людзi добрай волi!

1. Вось iзноў па Божай мiласцi мы святкуем адно з самых значных i любiмых святаў — Божае Нараджэнне. Як шмат прыемных успамiнаў i эмоцый выклiкае ў нас гэтае свята. Мы ўспамiнаем сваё дзяцiнства, калi чакалi i не маглi дачакацца Калядаў; калi спяшалiся ў касцёл, каб заспяваць радаснае «Хвала на вышынях Богу, а на зямлi супакой людзям добрай волi» i пакланiцца Немаўлятку Езусу, якi знаходзiўся ў яслях; калi пад святочна ўпрыгожанай ёлкай знаходзiлi падарункi i доўга iх разглядалi.

Традыцыя абменьвацца каляднымi падарункамi iснуе i ў наш час, i па магчымасцi яе трэба падтрымлiваць. Радуючыся з атрыманых падарункаў i засяроджваючы сваю ўвагу на матэрыяльных рэчах, мы адначасова павiнны памятаць аб той любовi, якой iншы чалавек такiм чынам дзелiцца з намi.

2. Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы становiмся сведкамi таго, як Бог адорвае нас заўсёды актуальным падарункам, якiм з’яўляецца ўцелаўлёны Божы Сын. Езус Хрыстус — гэта той дар, якi нiколi не завяршаецца i працягваецца ў заўсёды актуальнай таямнiцы ўцелаўлення Бога. 

3. Езус — гэта дар для ўсiх нас, пачынаючы ад бедных бiблiйных пастухоў i заканчваючы каралямi. Езус — гэта дадзены нам Сын Божы, якi ахвяраваў сябе самога за нас на дрэве крыжа. Ён дар для кожнага чалавека паасобку i для ўсiх людзей, разам узятых, незалежна ад iх нацыянальнасцi, колеру скуры, паходжання, мовы, традыцый i г.д. Ён вядзе нас з цемры граху ў святло Божай ласкi. Таму Езус — гэта дар, якi нiколi не памяншаецца i не завяршаецца...

Гэты Божы дар мы атрымалi не ў прыгожай упакоўцы, але ў простых яслях. Там Бог пакiнуў нам свой калядны падарунак, перавязаны не залацiстай стужкай, але любоўю, якая прывяла Яго на дрэва крыжа. Аднак смерць не змагла знiшчыць гэты найбольш каштоўны падарунак Бога чалавецтву. Ён сваёю Божай моцай выйшаў з цёмнай магiлы, бо гэты жывы дар нам дадзены назаўсёды.

4. Будучы дарам, Езус адначасова з’яўляецца заданнем для кожнага з нас, каб мы Iм жылi i адорвалi iншых. Мы паклiканы несцi святло Хрыста ў свет, якi роспачлiва патрабуе Божай любовi. Радуючыся з гэтага атрыманага ад Бога дару, мы павiнны радавацца з перадавання Яго iншым асобам. Благаслаўлёная Мацi Тэрэза з Калькуты любiла казаць, што, можа, мы i не маем чаго даць iншаму чалавеку, але заўсёды можам адарыць яго любоўю. А такiх людзей у сучасным свеце шмат...

5. На жаль, мы не заўсёды цэнiм гэты Божы дар. Аднойчы на свята Божага Нараджэння малая дзяўчынка падарыла свайму старэйшаму брату выдатна ўпрыгожаную ўпакоўку. Калi хлопчык яе раскрыў, то ўбачыў, што яна пустая. Зразумела, ён не быў задаволены i нават з горыччу сказаў, што найперш неабходна штосьцi пакласцi ўнутр упакоўкi i толькi потым даваць. Дзяўчынка зiрнула на яго са слязьмi на вачах i сказала: «Але ж пакунак не пусты. Я паслала туды мой паветраны пацалунак. Гэта найлепшы падарунак, якi я магу ахвяраваць свайму любiмаму брату». Брат быў вельмi ўзрушаны словамi сваёй сястры i прасiў у яе прабачэння за сваю нетактоўнасць.

Падарунак нашага нябеснага Айца — гэта не нябачны паветраны пацалунак, але рэальны пацалунак неба з зямлёй, якiм ёсць уцелаўлёны Сын Божы. 

6. Мы адзначаем свята Божага Нараджэння ў асаблiвы час гiсторыi свету, у якiм колькасць праблем i выклiкаў не памяншаецца, але iмклiва павялiчваецца. 

Цёмнымi старонкамi жыцця сучаснага свету i яго крывацечнымi ранамi з’яўляюцца крызiс Богам устаноўленага, адзiнага i непарушнага iнстытуту сям’i i дэвальвацыя найбольш каштоўнага Божага дару, якiм з’яўляецца дар жыцця; дэмаграфiчны крызiс; практыка эўтаназii, якая ўсё больш распаўсюджваецца; не дазволеныя Божым законам эксперыменты з эмбрыёнамi; рэпрадуктыўныя тэхналогii; гендэрная iдэалогiя; збройныя канфлiкты i тэрарыстычныя акты; сацыяльная несправядлiвасць; растучы ў некаторых краiнах свету пераслед хрысцiян i нават iх генацыд; маральная разбэшчанасць моладзi i яе згубленасць у жыццi; беспрацоўе; мiграцыя; беднасць i г.д.

Вельмi небяспечным з’яўляецца нарастаючы крызiс веры i лiберальныя тэндэнцыi, якiя ўсё больш праяўляюцца, прыстасаваць вучэнне Касцёла да свецкiх стандартаў сучаснага свету. Гiсторыя паказвае, што калi Касцёл становiцца менш свецкiм, то яго мiсiйнае сведчанне з’яўляецца больш яркiм.

7. Прычынай гэтых i iншых праблем з’яўляецца тое, што самадастатковы чалавек адкiнуў Бога i не жадае жыць паводле Яго закону, а таксама прыняць праўду аб тым, што Бог не стамляецца любiць чалавека i чакае ўзаемнай любовi. Самым небяспечным ва ўсiм гэтым ёсць тое, што маральныя анамалii сучаснасцi расцэньваюцца як прагрэс на шляху да стварэння новага сусветнага парадку, будаванага не на хрысцiянскiх каштоўнасцях, але на антыкаштоўнасцях.

На самой жа справе гэты прагрэс, калi ажыццяўляецца не згодна з маральнымi нормамi, становiцца духоўным рэгрэсам. 

8. Перад аблiччам выклiкаў нашага часу, якiя прапагандуюцца як прагрэс, сёння мы вызнаём веру ў тое, што для нас нарадзiўся Збаўца, якi спадарожнiчае на шляхах нашага жыцця, гiсторыi нашага народу i свету. Гэта той самы Пан, якi казаў, што Яго паслядоўнiкi павiнны быць Яго сведкамi ў найбольш складаных сiтуацыях (пар. Мц 10, 18).

Цяпер мы перажываем рашучы момант гiсторыi хрысцiянства, калi трэба сказаць наша рашучае «так» Богу i Евангеллю, баранiць прынцыпы нашай веры, як гэта рабiлi нашы продкi ў ранейшыя часы, асаблiва ў часы ганенняў. Мы заўсёды павiнны памятаць, што святло Хрыста свецiць у цемры i цемра яго не агорне (пар. Ян 1, 5). Папа Бэнэдыкт XVI вучыць, што Збаўца стаў адным з нас, нашым спадарожнiкам на дарогах гiсторыi. Неабходна толькi ўхапiцца за руку, якую Ён працягвае нам.

Гэтай рукой ёсць прапанаваная ўсiм народам Добрая Навiна (пар. Лк 2, 10). На беларускую зямлю Евангелле было прынесена больш за тысячу гадоў таму. Яно стала Божым дарам нашаму народу i працягнутай нам Божай рукой, а таксама запрашэннем ухапiцца за яе, бо Езус нiчога не адбiрае, а толькi дае святло жыцця i адорвае сваёй ласкай.

9. У апошнiя гады падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння адзначаецца камерцыйнасцю. Гэта знак нашага часу. Яшчэ далёка перад Калядамi, амаль што з урачыстасцi Усiх Святых, гэта значыць з 1 лiстапада, магазiны ўпрыгожваюцца ёлкамi, запальваецца святочная iлюмiнацыя i распачынаецца калядны распродаж. Нярэдка гэта суправаджаецца адпаведнай музыкай. Такiм чынам Адвэнт страчвае сваё першапачатковае значэнне быць часам духоўнай падрыхтоўкi да святаў Божага Нараджэння.

Падобна было i дзве тысячы гадоў таму, калi Езус нарадзiўся ў Бэтлееме. Юдэя была акупавана рымскiмi войскамi. Згодна з загадам iмператара цяжарная Марыя разам з Юзафам накiравалася ў Бэтлеем на перапiс насельнiцтва. У такiх абставiнах, калi натоўпы людзей iшлi ў розныя гарады, а гандляры таксама выкарыстоўвалi нагоду, каб зарабiць, у вялiкай пакоры ў стайнi для жывёлаў прыйшоў на свет Збаўца. Там Бог стаўся такiм, якiмi мы з’яўляемся.

Свет тады не заўважыў i не зразумеў важнасцi падзеi, якая адбылася, падобна як сёння ён не заўважае i не разумее сапраўднага сэнсу Калядаў. Каб гэта адбылося, мы павiнны прыняць праўду нашай веры аб уцелаўленнi Бога i стаць яе пасланцамi, як iмi сталi бэтлеемскiя пастушкi i мудрацы з Усходу.

10. Анёлы сказалi пастушкам: «Не бойцеся!» (Лк 2, 10). Сёння Касцёл паўтарае гэтыя словы: «Не бойцеся! Бог сёння нам дае свайго Сына, каб быў святлом, якое асвятляе нашыя складаныя жыццёвыя шляхi. Прымем Яго, каб на Яго Евангеллi будаваць наша жыццё». Толькi тады мы зможам стаць такiмi, якiм з’яўляецца Бог.

11. Са святам, дарагiя браты i сёстры!

Вiншую ўсiх вас!

Вiншую iншых хрысцiян, якiя сёння з намi святкуюць свята Раства Хрыстова. Вiншую праваслаўных i жадаю iм поспехаў у духоўнай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння паводле Юлiянскага календара! Нягледзячы на рознiцу традыцый, мы аб’яднаныя адной праўдай аб уцелаўленнi Сына Божага, як самага каштоўнага дару чалавецтву, i iмкненнем да яго сведчання ў сучасным свеце, каб вылечыць яго ад iснуючых духоўных паталогiй.

Вiншую ўсiх людзей добрай волi! Езус — адзiны Збаўца свету, i таму наша свята супольнае.

Няхай наша Бацькаўшчына стане яслямi, дзе заўсёды нараджаецца Хрыстус, каб Ён сваёй ласкай быў дарам кожнаму з нас.

Беларусь, не бойся прыняць Хрыста, не бойся жыць Ягонай праўдай, бо ў Iм наша збаўленне, наша радасць, шчасце i надзея!

Дзелячыся з усiмi вамi традыцыйнай аплаткай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Советская Белоруссия №245 (24626). Среда, 24 декабря 2014.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter